16 красавiка 2024, aўторак, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Жыліцца на пенсіі за тры шэлегі - не ўжо, выбачайце»

58
«Жыліцца на пенсіі за тры шэлегі - не ўжо, выбачайце»

Беларусі патрэбны тэрміновы мараторый на падвышэнне пенсійнага ўзросту.

«Нашая пенсійная сістэма яшчэ 20 гадоў таму пачала падаваць сігнал «SOS». Тады трэба было прыступаць да сур'ёзных рэформаў. Але чыноўнікі адкрыта білі лынды і толькі цяпер, калі пенсійны фонд перастаў у належнай меры папаўняцца, ім прыйшлі ў галаву самыя простыя і прымітыўныя крокі. Зрэшты, як заўсёды. Патрэбная прынцыповая рэформа пенсійнай сістэмы - такая, як была праведзена ў краінах Балтыі. Пастанова аб павышэнні пенсійнага ўзросту - ні да месца і ні да часу», - менавіта так ацаніў чарговае падвышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі Charter97.org экс-міністр працы Аляксандр Сасноў.

Сапраўды, узрост выхаду на пенсію – адное з самых вострых пытанняў у нашай краіне.

Надоечы на партале «Зручны горад» пачалі збіраць подпісы пад петыцыяй «За зніжэнне пенсійнага ўзросту для мужчын», аўтары якой просяць Мінпрацы разгледзець магчымасць вяртання пенсійнага ўзросту для мужчын да 60 гадоў.

Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць гэтую ініцыятыву вядомага прадпрымальніка і блогера Віктара Гарбачова.

- Я б не дзяліў праблемы на мужчынскія і жаночыя. Прынцып падзяляй і ўладар - гэта ад злога. Мяне абурае іншае - тое, як без народнага волевыяўлення змянілася пенсійнае заканадаўства. Бо гэта проста жах.

Трэба ж рабіць хоць нейкую зніжку на працягласць жыцця. Эканоміка - эканомікай, але сёння трэба дзейнічаць паводле прынцыпу «не нашкодзь». Нашай краіне патрэбны тэрміновы мараторый на падвышэнне пенсійнага ўзросту.

Далей можна паніжаць, вяртацца да старога заканадаўства, пераглядаць. Агулам, я падтрымліваю гэтую петыцыю. Правільны крок, які адпавядае здароваму сэнсу і статыстычным звесткам.

- Як так атрымалася, што кожны чацвёрты беларускі мужчына не дажывае да пенсіі?

- Мужчынам даводзіцца вельмі многае ўзвальваць сабе на плечы: карміць сям'ю, выносіць ўсе стрэсы на нагах. Дрэнная медыцына і плюс да таго - наша безадказнасць. Часцяком мужчыны проста не хочуць праходзіць медабследаванне. Не будзем забываць пра курэнне, спажыванні алкагольных напояў, дзе беларусы - у абсалютных лідарах.

Уплываюць наступствы Чарнобыля.

Але адной з галоўных праблем я б назваў умовы працы, у якіх даводзіцца працаваць. Прагрэс, мякка кажучы, беларускія прадпрыемствы абыходзіць бокам. Тое, што ў іншых краінах ужо даўно робяць робаты і тэхніка - у нас робяць рукі рабочых, рыдлёўкі і ногі. Фізічная і рабская праца, вось і ўсё. Нагрузка вельмі вялікая. У «краіне для жыцця» людзей не шкадуюць.

- Акрамя таго, пенсія беларусаў - адна з самых маленькіх сярод суседзяў...

- Гэта асобная размова. Вядома, пенсія пенсіі - розніца. Не думаю, што былыя чыноўнікі атрымліваюць такія ж пенсіі, як і работнікі заводаў.

Дарэчы, вось вам і адказ чаму беларусы так мала жывуць. Ідзе чалавек на пенсію, атрымлівае капейкі, а трэба яшчэ і дзецям падмагчы, утрымліваць, сябе, каб ад голаду не памерці.

У Еўропе ж пенсія - гэта залатыя гады. Займаешся сабой, у садзе-агародзе калупаешся, падарожнічаеш. У нас пенсіянеры шукаюць, дзе капейку зарабіць.

- У Лукашэнкі іншае меркавання. Ён неяк сказаў, што «мужчына ў 60 гадоў - конь, на якім трэба араць».

- Калі ён сябе ўважае за каня - хай становіцца ў плуг і арэ. А жыліцца на пенсіі за тры шэлегі - не ўжо, прабачце. Яшчэ адзін варыянт - Лукашэнка мяркуе са свайго атачэння. Я думаю, што сярод жыхароў Драздоў поўна людзей, якія ў 60 гадоў проста выдатна выглядаюць: добрая медыцына, няпыльная праца, раскошнае жыццё. Глядзіце ён на Мясніковіча - здаровы мужык, чырвоны нос - можа яшчэ працаваць. Анфімаву і Пракаповічу за 70, а яны яшчэ ў добрым здароўі. Вось і атрымліваецца сіндром залюстроўя. Адарванасць ад рэальнасці.

Плюс ёсць пэўнае кола людзей, за межы якога Лукашэнку проста не выпускаюць. Ад Лукашэнкі хаваюць сапраўдных калгаснікаў, падсоўваюць масоўку і тэатралаў, якія махаюць галовамі і з усім згаджаюцца.

А калі б яго адправіць у завадскую брыгаду, якая з раніцы да ноччу ў мазуце «чых-пых», то не думаю, што ён бы пра коней успамінаў. Лукашэнка стаў для пенсіянераў ворагам №1

- Якім жа павінен быць аптымальны пенсійны ўзрост для беларусаў?

- Думаю, што для мужчын - 60 гадоў, для жанчын - 57-58. Так, у некаторых краінах ён вышэйшы і ўлады будуць тыкаць нам, што «на вашым захадзе вось так». Але ж паглядзіце, якія ўмовы працы на гэтым «захадзе», медыцына, прадукты харчавання. У гэтым уся соль.

Мяркую, што чалавек, які ідзе ў кандыдаты на прэзідэнта ад дэмакратычных сіл, павінен выступаць з добрай праграмай аб пенсійным заканадаўстве, на якое Аляксандр Рыгоравіч проста напляваў. Адным з першых пунктаў праграмы павінен быць перагляд пенсійнага заканадаўства і вяртанне папярэдняга, альбо яго перагляд. Плюс скасаванне закона аб «дармаедстве». Людзям працы трэба вярнуць пенсію, якую ў іх забралі.

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках