25 красавiка 2024, Чацвер, 14:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што паказалі вынікі стрэс-тэстаў Астравецкай АЭС?

43
Што паказалі вынікі стрэс-тэстаў Астравецкай АЭС?
Фото: dpa

Беларусь дагэтуль не ведае, што рабіць з палівам для атамнай станцыі.

У Менску абмеркавалі даклад беларускіх дзяржаўных структураў і міжнародных экспэртаў аб выніках стрэс-тэстаў Астравецкай АЭС. Што яны паказалі і чаго ўвогуле чакаць ад гэтага праекту беларусам – у матэрыяле Змітра Міцкевіча на тэлеканале «Белсат».

Група незалежных экспертаў прэзентавала вынікі аналізу нацыянальнага дакладу па стрэс-тэстах Астравецкай АЭС. Стрэс-тэсты – правяранне сістэмы бяспекі станцыі, здольнасць пераносіць прыродныя катаклізмы. Ірына Сухій, чалец рады ГА «Экадом»:

«Гэты праект патрэбна дапрацаваць. Ён быў распрацаваны, і будоўля адбываецца па расейскіх стандартах, якія не былі прыведзеныя да адпаведнасці з сусветнымі нормамі МАгАТэ».

Грамадская арганізацыя «Экадом» падрыхтавала шэраг прапановаў для ўдасканалення сістэмы бяспекі АЭС, якія скіравала ў Дзяржатамнагляд разам з патрабаваннем не выдаваць ліцэнзіі для запуску станцыі да прывядзення ўсіх яе параметраў у адпаведнасць з нормамі міжнародных арганізацыяў – МАгАТэ і WENRA.

Таццяна Новікава, чалец рады ГА «Экадом»:

«Сістэмы бяспекі, якія нам падносяцца: сістэма спот-пг, сістэма пасіўнага ахаладжэння, пастка расплаву – гэта таксама пасіўная сістэма. Функцыянальнасць гэтых сістэмаў не проста не даказаная, яна пад пытаннем… Каналы бяспекі не ёсць незалежнымі. То бок розныя ўзроўні бяспекі гэтак званай глыбока эшаланаванай абароны забяспечваюцца аднымі і тымі ж прыладамі».

Першы рэактар Астравецкай АЭС мусіць запрацаваць ужо ўвосень, другі – налета. Пуск станцыі адкладвалі праз непрыемныя неспадзяванкі: падаў корпус рэактара, які пасля быў заменены. Адна з галоўных прэтэнзіяў грамадскасці да будаўніцтва АЭС – закрытасць інфармацыі пра ўсё, што адбываецца на аб’екце і навокал.

«Па канвенцыі мы павінныя ўладкаваць свае адносіны з суседзямі, і мы ўсе выдатна ведаем, што з Літвой адносіны не ўрэгуляваныя і яны вельмі заклапочаныя тым, што атамная электрастанцыя будзе менш як за 50 кіламетраў ад іхнае сталіцы», – кажа Ірына Сухій, чалец рады ГА «Экадом».

Гэтак, у тым ліку праз Астравецкую АЭС, Літва блакуе прагрэс у дачыненнях Беларусі з Еўразвязам. Ці нам яно трэба? Адказваюць жыхары Гомля:

«Астравецкая АЭС патрэбная не людзям, а палітыкам».

«Вы ж паглядзіце: і Францыя, і Нямеччына будуюць атамныя электрастанцыя побач з межамі».

«Нам патрэбная энергія, і цяпер, напэўна, новыя тэхналогіі, больш абсталяваная і абароненая будзе атамная станцыя».

Эксперты адзначаюць, што пасля ўвядзення ў эксплуатацыю Астравецкай АЭС Беларусі давядзецца падвысіць спажыванне электраэнергіі ледзь не напалову, каб цалкам выкарыстаць яе моц. Ёсць і іншыя праблемы. Таццяна Новікава, чалец рады ГА «Экадом»:

«Беларусь дагэтуль не ведае, што рабіць з палівам. Сухога прыстанцыйнага сховішча для захоўвання абпрамененага ядравага паліва пасля выгрузкі з басейна няма. То бок яго нават няма ў праекце, разумееце?»

Здаецца, што ў праекце няма і дэталёвага плану развіцця беларускай прамысловасці з улікам вялікіх лішкаў энергіі, хоць, на меркаванне адмыслоўцаў, гэта можа выклікаць вытворчы бум у краіне, калі пры нізкім кошце электрычнасці пачнуць развівацца новыя індустрыйныя галіны.

Такім чынам, сітуацыя неадназначная: з аднаго боку, пагрозы бяспецы ды неадпаведнасць АЭС некаторым міжнародным нормам, з другога – перспектывы ў развіцці прамысловасці і поўным самазабеспячэнні краіны электраэнергіяй. Цяпер галоўнае пытанне – наколькі сурʼёзна ўлады паставяцца да кожнай з гэтых праблемаў.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках