28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Варонежцаў: Беларусам трэба больш сачыць за тым, што мы ямо

19
Юрый Варонежцаў: Беларусам трэба больш сачыць за тым, што мы ямо
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Беларусы маюць асцерагацца харчоў з забруджаных у выніку чарнобыльскай катастрофы тэрыторый.

Фізік, кандыдат тэхнічных навук, былы чалец Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савета СССР Юрый Варонежцаў у інтэрв'ю «Белсату» расказаў, якую стратэгічную памылку робяць сённяшнія ўлады і чаму беларусы маюць асцерагацца прадуктаў харчавання з забруджаных у выніку чарнобыльскай катастрофы тэрыторый.

На думку Варонежцава, цяпер амаль немагчыма атрымаць істотную дозу радыяцыі ад зямлі або з вадаёмаў. Асноўная небяспека для беларусаў сёння - гэта ўнутранае апраменьванне. Гэта значыць, апрамяненне праз забруджаныя прадукты харчавання.

«Цяпер наогул трэба больш сачыць за тым, што мы ямо, а не за тым, дзе ходзім і купаемся. На жаль, і людзі забыліся, і ім не нагадваюць, дзе яны жывуць. Ім жа кажуць, што Чарнобыль нібыта даўно скончыўся. Людзі п'юць забруджанае малако, ядуць харчы і, самае галоўнае, збіраюць у лясах забруджаныя грыбы і ягады, вязуць іх да сваякоў у места. А потым дзівяцца, чаму людзі маюць анкалагічныя захворванні. Яны забываюць, што за зіму з'елі 20 слоікаў кансэрваваных грыбоў - а гэта самагубства», - кажа ён.

Цяпер у Беларусі рэалізуецца 5-я дзяржаўная праграма пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС, яна закончыцца ў 2020-м годзе. Такія праграмы распрацоўваюцца з 1990-га года, і да першых з іх, яшчэ за часамі СССР, Варонежцаў меў беспасярэдняе дачыненне. Суразмоўца «Белсату» згадвае: у першых праграмах акцэнт рабіўся на развіцці медыцынскага абслугоўвання, кантролі за харчаваннем і забеспячэнні насельніцтва чыстымі прадуктамі харчавання. А цяпер улада робіць акцэнт на ўводзе ў сельскагаспадарчы абарачэнне забруджаных земляў. Хоць на некаторых з іх увогуле нельга вырошчваць сельскагаспадарчую прадукцыю.

«Цяпер назіраецца недапушчальны перакос: гаціць каласальныя сродкі на развіццё сельскай гаспадаркі ў гэтых рэгіёнах. А я ўпэўнены, што дзяржава абсалютна не мае лезці ў забруджаныя раёны з развіццём сельскай гаспадаркі. А тыя грошы, якія туды гацяць для вырабу ўмоўна чыстай прадукцыі, лепш накіраваць на выраб прадукцыі на чыстых землях, а таксама на паляпшэнне стану аховы здароўя, якому катастрафічна сёння не стае сродкаў», - тлумачыць Варонежцаў.

З-за забруджвання радыёнуклідамі пасля аварыі на ЧАЭС блізу 264 тысяч га беларускіх земляў былі выключаныя з сельскагаспадарчага абарачэння. Аднак улады Беларусі пакрысе пачалі рэгабілітацыю забруджаных радыяцыяй раёнаў. Напрыклад, на Гомельшчыне на гэты момант вярнулі ў сельскагаспадарчае абарачэнне 16,1 тысячы га. «За пяцігодку, якая пачалася, пры ўсіх праблемах і цяжкасцях мы канчаткова развяжам усе пытанні, звязаныя з поўднем нашай краіны, каб гэтыя землі забыліся, якая адбылася трагедыя», - абяцаў Аляксандр Лукашэнка ў 2016 годзе. Так, напрыклад, у 2017 годзе Лукашэнка падпісаў указ № 259, які пазбавіў кіламэтровай ахоўнай зоны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік з мэтай зняцця абмежавання «на выкарыстанне зямельных надзелаў».

Варонежцава абураюць заявы навукоўцаў, якія заяўляюць, што на некаторых землях ужо можна аднаўляць сельскую гаспадарку.

«Нам кажуць, што прайшло 30 гадоў, і гэта больш, чым перыяд паўраспаду цэзію і стронцыю. Маўляў, цяпер зямля ў два разы чысцейшая стала. Але сур'ёзныя навукоўцы смяюцца з гэтага. Для таго, каб гаварыць хоць бы аб частковым ачышчэнні зямлі, трэба, каб прайшло мінімум 4-5 перыядаў паўраспаду, а лепш 10. Праз 100 гадоў мы скажам, што зямля больш-менш ачысцілася і на ёй можна нешта рабіць», - кажа навуковец.

Варонежцаў адзначае, што апошнім часам асаблівую небяспеку для беларусаў нясе амэрыцый-241 - прадукт паўраспаду плутонію-241. Амэрыцый - крыніца альфа-апраменьвання, ён нясе смяротную пагрозу для чалавека. Перыяд паўраспаду велізарны - 433 гады.

«Амэрыцый вельмі небяспечны, і яго з'яўленне кажа пра тое, што наша праблема не вычарпаная. Наша праблема надоўга. Не трэба сябе закалыхваць, казаць, што столькі гадоў прайшло і ўсё нармальна, таму давайце будаваць атамную станцыю. Для мяне проста дзіўна, як краіна, дзе на душу насельніцтва прыпадае амаль гектар сельскагаспадарчых зямель, укладвае каласальныя сродкі, каб вырабіць вельмі дарагую і вельмі небяспечную прадукцыю на забруджаных землях», - кажа ён.

Варонежцаў адзначае, што распрацоўнікі першых праграм пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС разумелі небяспеку ўнутранага апраменьвання, таму ў тыя часы прымаліся жорсткія пастановы высяляць людзей. Аднак у 90-я грошай на такія маштабныя праекты не было, і аб высяленні многіх тэрыторый размовы ўжо не ішло. Людзі засталіся там жыць. Адзінае выйсце - масава прапагандаваць вельмі ашчаднае стаўленне да прадуктаў харчавання.

«Аднак гэтага няма. Людзі забыліся, што такое радыяцыя. А ў сувязі з будаўніцтвам АЭС нават прапаганда ў адваротным кірунку пайшла», - дадае Варонежцаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках