19 красавiка 2024, Пятніца, 2:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія дзеці апынуліся за рысай беднасці

5
Беларускія дзеці апынуліся за рысай беднасці

Што не так з сістэмай налічэння заробкаў у краіне.

У новым даследаванні эксперты Даследчага цэнтра ІПМ вывучылі, які ўнёсак у статыстыку беднасці сярод дзяцей робяць разрыў у аплаце працы мужчынаў і жанчынаў і занятасць бацькоў, піша zautra.by.

Адно дзіця з дзесяці жыве за мяжой беднасці

Узровень дзіцячай беднасці ў два разы перавышае сярэднюю адзнаку малазабяспечаных людзей у краіне. У 2017 годзе ў краіне ён дасягнуў 11,3%, а ў сельскай мясцовасці ў беднасці жыве кожнае пятае дзіця, гаворыцца ў даследаванні «Праца, прыбытак і роўныя магчымасці: дарослыя прычыны дзіцячай беднасці».

Самы нізкі ўзровень дзіцячай беднасці ў Менску – 1,7% у 2017 годзе, у вялікіх і малых гарадах ён роўны прыкладна 10%, а ў сельскай мясцовасці – 19%.

Пасля з'яўлення дзяцей мужчыны зарабляюць больш, жанчыны – менш

У рэгіёнах жанчыны і мужчыны 25–44 гадоў, у якіх няма дзяцей, маюць нязначнае адрозненне ў заробках. Але са з'яўленнем дзяцей адрозненні ў аплаце працы ў мужчынаў і жанчынаў становяцца больш прыкметнымі. У сельскай мясцовасці прыбыткі мужчынаў 25–44 гадоў у сем'ях з дзецьмі напалову перавышаюць прыбыткі мужчынаў у тым самым узросце, якія не маюць дзяцей, у гарадах, за выключэннем Менска, – больш чым на траціну, гаворыцца ў даследаванні. У жанчынаў з дзецьмі і без у гэтай узроставай групе заробкі практычна не адрозніваюцца.

Атрымліваецца, што са з'яўленнем у сем'ях дзяцей разрыў у прыбытках бацькі і маці павялічваецца. У гарадах сямейныя жанчыны 25–44 гадоў з дзецьмі ў 2017 годзе зараблялі ў сярэднім 67,3% ад сярэдняга памеру заробкаў мужчынаў у тым самым узросце ў такіх самых сем'ях, у сельскай мясцовасці – 68,9%, а ў Менску – усяго 56,2%. Гэта пры тым, што ўзровень адукацыі ў жанчынаў традыцыйна вышэйшы.

Адна з прычынаў, паводле словаў аўтараў даследавання, у тым, што традыцыйна жанчыны выбіраюць працу з больш нізкім заробкам і такім графікам працы, які дазваляе аддаваць больш часу сям'і. Бо клопат пра дзяцей і дом кладзецца на плечы жанчыны. На разрыве ў аплаце працы бацькоў рознага полу таксама адбіваецца традыцыя, калі ў адпачынак для догляду за дзіцем сыходзяць маці.

– Праз тры гады знаходжання ў адпачынку для догляду за дзіцем жанчыны сутыкаюцца з тым, што патэнцыял, які ў іх быў, сыходзіць, адукацыя – дэвальвуецца. А заробак у жанчынаў становіцца значна меншым, чым у мужчынаў, – кажа суаўтар даследавання, дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

У той самы час пастанова скараціць адпачынак для догляду за дзіцем, каб не даць састарэць прафесійным кампетэнцыям маладых мамаў, можа апынуцца правальнай, перасцерагае эксперт. Калі ў эканоміцы не будуць з'яўляцца новыя працоўныя месцы, з вялікай верагоднасцю жанчыны з маленькімі дзецьмі могуць папоўніць шэрагі беспрацоўных, мяркуе эксперт.

Гендарная няроўнасць перацякае ў фінансавыя праблемы

Мяркуючы з вынікаў даследавання, традыцыйнае размеркаванне гендарных роляў і разрыў у аплаце працы мужчынаў і жанчынаў накладваюць адбітак на фінансавую стабільнасць сем'яў і нярэдка ставяць іх перад пагрозай апынуцца ў ліку найбольш бедных.

– Калі ўсё добра, традыцыйная сістэма размеркавання гендарных роляў і розніцы ў аплаце працы працуе. Але яна хавае ў сабе даволі шмат рызыкаў, – кажа Аляксандр Чубрык.

Сям'я, дзе прыбыткі бацькі моцна пераўзыходзяць прыбыткі маці, вельмі ўразлівая да страты мужчынам працы. У выпадку скарачэння на вытворчасці, крызісу ў Беларусі або ў суседніх краінах, куды беларусы ездзяць на заробкі, сям'я апынаецца пад ударам, бо тады жанчына на свой заробак не можа забяспечваць яе на ранейшым узроўні. Гэта пацвярджаюць лічбы – узровень беднасці сярод сем'яў, дзе не працуе бацька, дасягае 20% у гарадах і 50% – на вёсцы.

У групу бедных трапляюць не толькі сям'і, дзе адзін або абое бацькоў не працуюць, але, як ні парадаксальна, і тыя, дзе маці і бацька маюць працу. Напрыклад, высокая рызыка апынуцца за рысай беднасці ў сям'і, дзе мужчына – супрацоўнік стратнага або малаэфектыўнага прадпрыемствы, а жанчына працуе ў бюджэтнай сферы, і ў іх больш за двое дзяцей.

Як знізіць узровень дзіцячай беднасці

Хоць на праблеме дзіцячай беднасці адбіваюцца гендарныя дысбалансы, у якасці развязання эксперты раяць не толькі звяртацца да традыцыйнай гендарнай палітыкі. Яны прапануюць некалькі агульных сацыяльных і эканамічных захадаў.

Адным з іх называюць рост прыбыткаў. Паколькі большая частка жанчынаў працуе ў бюджэтнай сферы, яны больш залежаць ад таго, які заробак плацяць з казны. Павелічэнне заробку бюджэтнікам умацуе пазіцыі і фінансавую заможнасць жанчынаў. Адпаведна гэта прывядзе да зніжэння рызыкаў для сем'яў з дзецьмі. А таксама прывабіць больш мужчынаў да тых прафесіяў, якія праз нізкія заробкі фактычна сталі «жаночымі».

– Можна выдатна выбудаваць сістэму сацыяльнай абароны, якая дапаможа скараціць дзіцячую беднасць. Але асноўная ўразлівасць з пункту гледжання наступстваў – гэта нізкая аплата працы. Задача складаецца ў тым, каб стварыць умовы, у якіх і мужчыны, і жанчыны маглі б эфектыўна сумяшчаць сям'ю і працу, – мяркуе Аляксандр Чубрык.

Другі захад – павышэнне дапамогі ў беспрацоўі да ўзроўню пражытачнага мінімуму тым, каго звальняюць у сувязі са скарачэннем штату або заканчэннем тэрміновага працоўнага кантракту з выплатай да шасці месяцаў.

– Факт таго, што сям'я ў выпадку страты адным з бацькоў працы можа спадзявацца прынамсі на пражыткавы мінімум, скароціць вастрыню праблемы беднасці, у тым ліку дзіцячай, – кажа эксперт.

Яшчэ адна задача дзяржавы – стварыць умовы, пры якіх у рэгіёнах будуць з'яўляцца працоўныя месцы, і наладзіць добрае транспартнае злучэнне для паездак на працу ў больш паспяховыя раёны.

– У сельскай мясцовасці і большасці малых гарадоў не тое, што буйных, "жывых" сярэдніх дзяржаўных прадпрыемстваў не засталося. А ў рэгіёнах з сур'ёзнымі эканамічнымі праблемамі не даводзіцца чакаць развіцця малога бізнэсу, – падкрэслівае праблему дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ.

Яшчэ лепш, калі гэты крок будзе суправаджацца зменамі ў працы рэгіянальных службаў спрыяння занятасці.

– Цяпер яны заточаныя пад старую сістэму, у якой дамінуюць буйныя дзяржпрадпрыемствы, якія выстаўляюць вакансіі, і службы занятасці працуюць з імі. Але калі рынак працы гнуткі або досыць вузкі, як бывае ў асобных рэгіёнах, то трэба актыўна працаваць і з працадаўцамі з іншых рэгіёнаў, і думаць, як даць людзям патрэбную адукацыю, як арганізаваць магчымасць выдаленай працы, – кажа Аляксандр Чубрык.

Паралельна эксперт прапануе прыйсці да змены падыходаў да адпачынку для догляду за дзіцем, стымуляваць мужчынаў сыходзіць у дэкрэт прынамсі на паўгода з захаваннем дапамогі або заробку.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках