25 красавiка 2024, Чацвер, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Шры-Ланкі ўводзяць рэжым надзвычайнага становішча

Улады Шры-Ланкі ўводзяць рэжым надзвычайнага становішча

У дапамогу мясцовым следчым накіроўваецца брыгада экспэртаў Інтэрпола.

Улады Шры-Ланкі пасля серыі страшных тэрактаў у велікодную нядзелю вырашылі ўвесці ў краіне рэжым надзвычайнага становішча. Пра гэта ў панядзелак, 22 красавіка, паведаміла адміністрацыя прэзідэнта краіны Майтрыпала Сірысены. Рэжым уваходзіць у дзеянне ў ноч на аўторак, 23 красавіка, а 21.30 паводле Менску. Вайскоўцы і паліцыя атрымаюць дадатковыя паўнамоцтвы для забеспячэння бяспекі жыхароў краіны, паведамляе DW.

У паведамленні не ўказваецца, пра якія паўнамоцтвы ідзе гаворка. Як нагадвае агенцтва dpa, падчас дзеяння аналагічнага рэжыму падчас грамадзянскай вайны ў краіне (1983 - 2009 гадоў. - Рэд.) Спецыяльныя падраздзяленні, між іншым, былі надзелены правам праводзіць ператрусы ў дамах без дазволу суда, а таксама па распараджэнні міністэрства абароны тры месяцы ўтрымліваць пад вартай падазраваных без выкліку ў суд.

Сірысена таксама абвясціў пра стварэнне спецыяльнай каманды следчых, у якую ўвайшлі былы суддзя Вярхоўнага суда краіны, былы высокапастаўлены кіраўнік паліцыі і экс-урадавы чыноўнік. Свой першы даклад пра абставіны тэрарыстычнай атакі група павінна даць на працягу двух тыдняў.

Інтэрпол адпраўляе экспэртаў

Міжнародная паліцэйская арганізацыя Інтэрпол на просьбу ўладаў Шры-Ланкі накіроўвае ў гэтую азіяцкую краіну брыгаду экспэртаў для дапамогі ў расследаванні. Як адзначаецца ў паведамленні, размешчаным на сайце Інтэрпола, у склад каманды «ўвойдуць спецыялісты, якія валодаюць ведамі ў галіне агляду месца злачынства, выбуховых рэчываў, барацьбы з тэрарызмам, ідэнтыфікацыі і аналізу ахвяр стыхійных бедстваў». Пры неабходнасці групу могуць умацаваць экспэртамі ў галіне лічбавай крыміналістыкі, біяметрыі, а таксама фота- і відэааналіза.

«Інфармацыя, якая дапамагае ідэнтыфікаваць асоб, звязаных з гэтымі нападамі, можа паступаць з любога пункта свету, дзе глабальная Сетка і базы звестак Інтэрпола могуць быць жыццёва важнымі, асабліва для супрацоўнікаў на месцах», - гаворыцца ў заяве арганізацыі.

290 ахвяраў

Выбухі ў трох пяцізоркавых гатэлях у Каломба, а таксама ў трох каталіцкіх храмах прагрымелі ў велікодную нядзелю амаль адначасова. Пазней з'явілася інфармацыя пра сёмы і восьмы выбухі - адзін з іх быў зладжаны смяротнікам, калі паліцыя прыйшла да яго з ператрусам.

У выніку серыі тэрактаў загінулі 290 чалавек, блізу 500 атрымалі раненні і траўмы рознай ступені цяжкасці. Сярод загінулых - 32 замежнікі, грамадзяне ЗША, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Партугаліі, Кітая, Нідэрландаў, Бельгіі, Турцыі, Японіі, Індыі, Бангладэш і Пакістана.

Урад Шры-Ланкі ўсклаў адказнасць за ўчыненую серыю выбухаў на мясцовую ісламісцкую групоўку «Джамаат ат-Таўхід аль-Ватанен» («Нацыянальнае яднанне», NTJ).

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках