19 красавiка 2024, Пятніца, 21:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Беларусі на прадаўцоў вешаюць велічэзныя нястачы

21
Як у Беларусі на прадаўцоў вешаюць велічэзныя нястачы

У Беларусі прадавец - адна з самых дарагіх прафесій.

Уладкаваўся на працу, паставіў подпіс у дамове, што ты матэрыяльна адказны, – і адказнасць з’явіцца. Усё, што недалічылі падчас інвентарызацыі, кіраўніцтва спагоніць з працаўнікоў. Сумы недастачы могуць быць большымі, чым заробак. І давесці, што ты нічога не браў, – спадзеву мала, пиша Белсат.

«Праз месяц пасля прыёму тавару ў нас выйшла 5700 рублёў недастачы», – кажа былая загадчыца крамы Юлія Пуцко.

Летась Юлія прыйшла працаваць загадчыцаю «Дзіцячага свету». Крама належыць Шчучынскаму райспажыўсаюзу. Заробак жанчыны быў 280 рублёў. Адпрацавала месяц і сышла, маючы запазычанасць 2850 рублёў. Недастачу падзялілі паміж Юліяй і ейнай калегаю.

«У гандаль больш не хачу ісці, і не веру людзям, і не буду наогул верыць, таму што за месяц працы я атрымала адзін заробак, а трэба аддаць 10 такіх заробкаў», – кажа Алена Бакун, якая працавала ў «Дзіцячым свеце» прадавачкай.

Калі Алена і Юлія ўладкоўваліся на працу ў «Дзіцячы свет», а былыя прадаўцы звальняліся, – кіраўніцтва, як і належыць у такіх выпадках, ладзіла інвентарызацыю. Прадавачкам, на змену якім прыйшлі Юлія і Алена, налічылі недастачу 1700 рублёў. Жанчыны сцвярджаюць, што вынікі той праверкі падробленыя. Бо дасканала рэвізоры нічога не правяралі.

«Падчас рэвізіі то больш па колькасці тавараў мы бачылі, то па коштах. Але мы за ўсім усачыць не маглі», – распавядае Юлія Пуцко.

Калі прыступілі да працы, жанчыны адразу заўважылі парушэнні. Напрыклад, падчас рэвізіі прынялі скрыню з фарбамі, дзе паводле дакументаў кожная з дваццаці скрынак фарбаў каштавала чатыры з паловаю рублі. Напраўду ў скрыні частка фарбаў каштавала ўтрая танней.

«Нам, аказваецца, перадалі ношанае адзенне, якое іх дзеці насілі, і яны прынеслі ў краму. Тавар, кошт якога быў завышаны ўтрая або ўдвая. Кофтачка каштавала на самай справе 14 рублёў, а ў іх яна – па 33 рублі», – распавядае Юлія Пуцко, былая загадчыца крамы.

Юлія з першых дзён працы прасіла кіраўніцтва правесці яшчэ адну інвентарызацыю. Але рэвізоры прыйшлі толькі праз месяц. Жанчыны пад ціскам кіраўніцтва падпісалі акты рэвізіі. Бо паверылі кіраўніцтву, што тое ва ўсім разбярэцца. Але разбірацца ніхто не стаў. Тады Юлія і Алена звярнуліся ў суд. Спадзяюцца, што ў судзе іх пачуюць і знойдуць тых, хто сапраўды вінаваты.

«Каб суд наагул адмяніў – адзінкавыя выпадкі. Звычайна спаганяюць. Можа да 30 адсоткаў суд прыбраць, нейкую невялікую суму павесіць на кіраўніцтва. А ўсё астатняе кладзецца на плечы прадаўцоў», – каментуе Юрый Белякоў, юрыст незалежнага прафсаюзу РЭП.

Скрала і закапала ў полі?

Таццяна Мухля працавала прадавачкай у Шчучынскім раёне. Спачатку ў адной краме, а калі тую зруйнавалі, работніцу перавялі працаваць у суседнюю вёску. Таццяна цэлы месяц прасіла рэвізораў прыехаць, але візіту не дачакалася. І каб тавар не сапсаваўся, разам з калегамі перавезла яго на новае месца працы.

«На судзе кіраўніцтва казала, што я тавар у полі закапала», – распавядае Таццяна Мухля.

Праз поле на новае месца працы Таццяна перавезла тавару на 5000 рублёў. Гэта было ў 2016 годзе. А калі дачакалася рэвізораў, якіх сама і паклікала, выявілася: жанчына мусіць дакласці ў касу больш за 2000 рублёў. Кіраўніцтва абвінаваціла яе ў крадзяжы: маўляў, недастача з’явілася, бо Наталля скрала частку тавару, калі перавозіла яго.

«Другога чысла я прыехала, паставіла касавы апарат, напрацавала, атрымала касавыя дакументы, і тады я ўбачыла, што ідзе несупадзенне з грашыма, таварамі і запісамі», – кажа Таццяна.

Згодна з касаваю кнігай, у Таццяны не хапала больш за 1800 рублёў. Жанчына ўпэўненая, што яе падставілі: далі не новы касавы апарат, як абяцалі, а той, у які ўжо была забітая вялікая сума. Яна і склала асноўную частку недастачы. Яшчэ некалькі соцень рублёў набегла праз сапсаваныя харчы. Усё гэта жанчына спрабуе ўжо 2 гады давесці ў судзе. Але нічога не атрымліваецца: суд дараваў ёй 30 адсоткаў і спаганяе 1400 рублёў.

«Суддзя сказала, што такія недастачы, у такіх буйных памерах, такія частыя недастачы – гэта хвароба дзяржаўных крамаў», – кажа Таццяна Мухля.

Прадавец – матэрыяльна адказная асоба. Таму, каб не прыйшлося выплочваць недастачу, не трэба падпісваць актаў рэвізіі, калі вы з імі не згодныя. Варта пералічваць тавар, які прыходзіць у краму. Калі прадавец заўважыў, што замест, напрыклад, 20 адзінак тавару прыйшло 15, не трэба прымаць яго. Вярніце на склад і пішыце службовую запіску аб неадпаведнасці. Інакш за 5 адзінак, якія не давезлі, давядзецца заплаціць з уласнай кішэні.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках