19 красавiка 2024, Пятніца, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алеся Яхно: Ва Украіне сфармаваліся свае «чырвоныя лініі»

1
Алеся Яхно: Ва Украіне сфармаваліся свае «чырвоныя лініі»
Алеся Яхно

Калі новы прэзідэнт праз іх пяройдзе - украінскае грамадства жорстка адрэагуе.

21 красавіка ва Украіне прайшоў другі тур выбараў прэзідэнта. Паводле ягоных вынікаў новым прэзідэнтам Украіны стаў Уладзімір Зяленскі.

Чаго чакаць ад новага прэзідэнта Украіны? Сайт Charter97.org звярнуўся па каментар да ўкраінскага палітолага Алесі Яхно:

- Пакуль мы можа канстатаваць, што прэзідэнцтва Уладзіміра Зяленскага дадае нявызначанасці і варыянты розных сцэнарыяў. Па-першае, праз адсутнасць выразнай пазіцыі самога Зяленскага. Мы не ведаем, хто ўваходзіць у ягоную каманду, хто будзе адказваць за розныя кірункі. Паступае шмат супярэчлівых сігналаў. Напрыклад, новага прэзідэнта Украіны павіншаваў Януковіч, збіраецца вярнуцца велізарная колькасць людзей, супраць якіх заведзеныя крымінальныя справы і якія ўважаліся за антыгерояў. Напрыклад, Андрэй Партноў - гэта юрыст часоў Януковіча.

Рэакцыі з боку чалавека, які перамог, мы дагэтуль не бачым. Таму не зразумела, у якім кірунку будзе рухацца Украіна. Па-другое, праз тое, што Зяленскі ўсё ж слабы і ён сам прызнае, што ў яго няма ніякага досведу ў палітыцы і дзяржаўным кіраванні - гэта павялічвае канкурэнцыю паміж рознымі групамі, якія ўжо бачаць сябе як кіраўнікі рашэнні.

Сёння Юлія Цімашэнка ўжо заявіла, што гатовая падставіць плячо, трэба змяняць урад, мяняць цалкам сілавікоў. Такім чынам, яна прадэманстравала, што хоча прэтэндаваць на ролю, напрыклад, прэм'ер-міністра. Гэтая канкурэнцыя не дадае зразумеласці. Па-трэцяе, гэта чаканні грамадства, таму што 73 адсоткі, якія прагаласавалі за Зяленскага - гэта жыхары розных рэгіёнаў, якія звязвалі з ім нейкія свае чаканні. Як выявілася, тыя абяцанні, якія аб'ядноўваюць усіх - запыты на зніжэнне тарыфаў, паляпшэнне сацыяльна-эканамічнага складніка, барацьба з карупцыяй - гэта тое, што не ляжыць у сферы паўнамоцтваў прэзідэнта.

Атрымліваецца, што гэтыя абяцанні – немагчыма рэалізаваць. Іншая частка абяцанняў - тое, што тычыцца замежнай палітыкі, то ўжо з'явілася заява, што будзе тое ж самае, што рабіў Пятро Парашэнка: Менскія пагадненні і Нармандскі фармат.

Можа выявіцца, што тыя высокія чаканні, якія былі ў дачыненні да Зяленскага, будуць нерэалізаваныя і грамадства проста ў іх расчаруецца.

Калі падсумаваць, то запыты грамадства засталіся тымі ж, што і былі - гэта бяспека і паляпшэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі - рост сацыяльных стандартаў. Але ўсё гэта не залежыць ад фігуры прэзідэнта. Асабліва, калі прэзідэнт не мае досведу ні кіраўніцкага, ні палітычнага. Яшчэ адзін запыт - на новыя асобы - таксама можа быць нерэалізаваным.

Тут узнікае пытанне, ці адбудзецца расчараванне да парламенцкіх выбараў, якія павінны адбыцца восенню 2019 года або яго пакуль не будзе. Калі ж будзе, то тады Зяленскі, як і іншыя партыі, будуць проста змагацца менавіта за сваю частку электарату, пазбягаючы абстрактных фармулёвак агульнага характару.

Таксама нікуды не знікае рызыка рэваншу. Цяпер мы бачым, што адзін з апошніх лозунгаў Пятра Парашэнкі «Галоўнае - захаваць краіну» - вельмі актуальны. Звязаныя з РФ рызыкі нікуды не зніклі, як і запыты грамадства на рэформы.

Важна, што ў грамадстве сфармаваліся базавыя пазіцыі (мы іх называем чырвонымі лініямі), за якія народ Украіны ніколі не пяройдзе. І не важна, хто стане прэзідэнтам. Гэта значыць, што Крым і Данбас - гэта Украіна, што ў нас ідзе вайна з Расеяй, каштоўнасць свабоды слова. Калі будуць рабіцца спробы перагледзець гэтыя пазіцыі, то актыўная частка грамадства будзе рэагаваць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках