28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Я ні перад кім не прагінаўся і прагінацца не збіраюся

6
Генадзь Фядыніч: Я ні перад кім не прагінаўся і прагінацца не збіраюся
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

Лідара незалежнага прафзвязу РЭП выклікаюць у РУУС Цэнтральнага раёна Менска.

23 красавіка а 14.00 у РУУС Цэнтральнага раёна Менска адбудзецца разгляд пратаколу лідара незалежнага прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча аб адміністрацыйным правапарушэнні (частка 1 артыкула 17.3 КоАП), піша praca-by.info.

30 сакавіка Генадзя Фядыніча затрымалі двое супрацоўнікаў міліцыі і адвезлі на агляд. Дыханне ў трубку паказала ці то 1,3, ці то 1,5 праміле, аднак узяць кроў для больш дакладнага аналізу медыкі адмовіліся. А ўжо 3 красавіка яму вынеслі першую вымову за парушэнне рэжыму адбывання «хатняй хіміі».

Аднак першым папярэджаннем інцыдэнт, як выявілася, не вычарпаны. Распавядае Генадзь Фядыніч:

- Гісторыя з маім затрыманнем атрымала прадаўжэнне: 7 красавіка, у панядзелак, мне патэлефанавалі на мабільны тэлефон. Той, хто тэлефанаваў назваўся ўчастковым і прапанаваў праехаць на вуліцу Арлоўскую для складання пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні. Я адказаў, што не ведаю, з кім размаўляю, а калі б і ведаў - мне забаронена ў выходныя дні пакідаць межы свайго жылля. І прапанаваў: калі ёсць у яго жаданне, хай прыязджае да мяне дадому.

Да дзвюх гадзін участковы, старшы лейтэнант Яўген Іванавіч, быў у мяне ў кватэры. Ён паведаміў, што яму даручана скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а менавіта аб маім «знаходжанні ў стане алкагольнага ап'янення» ў грамадскім месцы. Пры гэтым у панядзелак мінаў 10-дзённы тэрмін, адпушчаны законам на яго складанне. Маё пытанне аб тым, якім чынам ён плануе складаць пратакол прамінулай датай без удзелу ў маім затрыманні, засталося без адказу. Мне таксама не патлумачылі, чаму міліцыя не склала пратакол яшчэ 30 сакавіка, падчас затрымання, калі ўважала гэта за неабходнае.

Участковы склаў пратакол, з якім я, натуральна, не пагадзіўся. Падчас затрымання мяне бачылі суседзі, з якімі я размаўляў. Больш за тое, сама міліцыя і адвозіла мяне да метро - павезлі б мяне ў грамадскае месца ў нецвярозым стане? Міліцыя ніякіх прэтэнзій мне не выстаўляла. Мяркуючы з усяго, каманда скласці на мяне пратакол паступіла пазней, - адзначыў Генадзь Фядыніч.

Лідар прафзвязу накіраваў заяву на імя начальніка УУС Цэнтральнага раёна Менска Артура Шахлая з просьбай забяспечыць ягонае права, удзел адваката і адкрыты адміністрацыйны працэс. Начальнік РУУС паведаміў, што выкліча адваката Наталлю Міцкевіч, аднак пра адкрытасць працэсу ў адказе нічога не сказана.

- Зразумела, што ідзе спроба дыскрэдытацыі мяне, але я ні перад кім не прагінаўся і прагінацца не збіраюся. Я ўпэўнены, што ціск на мяне будзе толькі ўзмацняцца, пра што сведчаць такія неабдуманыя пастановы, - рэзюмаваў Генадзь Фядыніч.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках