Брытанскую прэм'ерку папросяць сысці ў адстаўку
- 21.04.2019, 11:56
- 8,487
У іншым выпадку Тэрэзе Мэй будзе абвешчаны вотум недаверу.
Брытанскае выданне Times паведамляе, што на наступным тыдні высокапастаўлены чалец Кансерватыўнай партыі Грэм Брэды сустрэнецца з прэм'ер-міністаркай Тэрэзай Мэй і абвесціць ёй пра тое, што яна павінна сысці ў адстаўку да канца чэрвеня.
Крыніца ў партыі паведаміла, што ў іншым выпадку Тэрэзе Мэй будзе абвешчаны вотум недаверу.
Паводле звестак журналістаў, дзеля гэтага будуць змененыя правілы, згодна з якімі вотум недаверу прэм'ер-міністарцы можна абвяшчаць раз на год. Папярэдні раз Тэрэза Мэй "перажыла" вотум недаверу ў снежні 2018 года.
Паводле звестак Брэды, праз сітуацыю з выхадам Вялікай Брытаніі са складу Еўрапейскага Звязу Тэрэзу Мэй не падтрымліваюць 70% партыі.
Нагадаем, што 11 красавіка краіны Еўразвязу і Вялікая Брытанія дамовіліся пра "гнуткае" прадаўжэнне максімальнай адтэрміноўкі Brexit да 31 кастрычнiка 2019 года.
Парламент Брытаніі ніяк не можа пераадолець тупік і заключыць пагадненне пра ўмовы выхаду краіны з ЕЗ. Дэпутаты тры разы адхілілі ўгоду прэм'еркі Тэрэзы Мэй, узгодненую з Брусэлем.
23 чэрвеня 2016 брытанцы на рэферэндуме сказалі "не" захаванню сяброўства Брытаніі ў складзе Еўрапейскага Звязу. За выхад краіны з ЕЗ прагаласавалі 52% выбарнікаў, супраць – 48%. Шатландыя і Паўночная Ірландыя ў асноўным прагаласавалі за захаванне сяброўства Злучанага Каралеўства ў ЕЗ, а Уэльс і Англія падтрымалі Brexit.