Кур'ёзная сітуацыя ў беларускім універсітэце: Студэнтка гучна ляпнула дзвярыма
50- 21.04.2019, 11:14
- 72,070
Цяпер яе прымушаюць рабіць рамонт.
Кур'ёзная сітуацыя адбылася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны.
Студэнтка моцна ляпнула дзвярыма, выходзячы з кафедры. Цяпер за хвілінны выбух гневу давядзецца плаціць – кіраўніцтва ўпэўненае, што рабіць рамонт абавязаная другакурсніца.
Пра інцыдэнт паведамілі ў Telegram-канале «Отчислено». Згодна з дакладной, у мінулы аўторак «студэнтка ў памяшканні кафедры экалогіі павяла сябе груба, моцна ляпнула дзвярыма, у выніку чаго каля вушака ўтварылася расколіна і адвалілася тынкоўка».
Загадчыца кафедры адразу ж праінфармавала дзяўчыну пра рамонт, на наступны дзень нагадала чарговы раз, аднак адказ быў адзін і той: другакурсніца не мае намеру рабіць рамонт, піша gomel.today.
Кіраўніцтва не згоднае з гэтым і ўпэўненае, што «выпраўляць наступствы павінен вінаваты ў іх узнікненні, а не рамонтная служба ГДУ імя Ф.Скарыны».
Чым скончыцца гэтая гісторыя – невядома, але ў тэлеграм-канале ўжо актыўна дзеляцца лайфхакамі «Што рабіць, калі захацелася трохі абнавіць рамонт на кафедры, але грошай на гэта ніхто не вылучыць»: выводзіш з сябе студэнтку, яна ляпае дзвярыма, прымушаеш рабіць рамонт.