Прафзвяз РЭП атрымаў яшчэ адну перамогу
1- 20.04.2019, 19:37
- 13,326
Незалежны прафзвяз дапамог работніку будаўнічай фірмы вярнуць 2 500 рублёў.
Мянчук Аляксей Самахвал працаваў паводле працоўнага кантракту цесляром-бетоншчыкам 3 разраду ў ТАА «Будаўнічая кампанія ПМБ Інвест» з 23 жніўня 2018 года, піша сайт praca-by.info.
Праблем ва ўзаемадачыненнях работніка і наймальніка не ўзнікала да пачатку 2019 года, калі прадпрыемства затрымала яму заробак за студзень, люты, і часткова - за сакавік 2019 года.
Не дачакаўшыся належных сродкаў, супрацоўнік будаўнічай фірмы надумаў вярнуць запазычанасць праз суд і звярнуўся па юрыдычную дапамогу ў прафзвяз РЭП.
Прававы інспектар прафзвязу Юрый Белякоў дапамог падрыхтаваць Аляксею пазоў у суд Савецкага раёна Менска аб спагнанні запазычанасці ў заробку, трох сярэдніх заробкаў і аб звальненні паводле артыкула 41 Працоўнага кодэкса (скасаванне тэрміновай працоўнай дамовы на патрабаванне работніка).
18 красавіка прадстаўнік ТАА «Будаўнічая кампанія ПМБ Інвест» у судзе падпісаў міравое пагадненне, згодна з якім фірма выплаціць Аляксею Самахвалу запазычанасць у заробку на суму 2500 рублёў.
Згодна з дадатковай дамовай, былы работнік з 19 красавіка звольніўся з прадпрыемства з фармулёўкай «са згоды бакоў», а не паводле артыкула 41 Працоўнага кодэкса.
- Суд устанавіў факты парушэння працоўнага заканадаўства: фірма не плаціла работніку заробак амаль тры месяцы. У наймальніка проста не заставалася іншага выбару, акрамя як укласці з работнікам міравое пагадненне. У адваротным выпадку яго выдаткі былі б значна больш сур'ёзныя, - падкрэсліў прававы інспектар прафзвязу РЭП Юры Белякоў.