2 траўня 2024, Чацвер, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як працуе дэкрэт аб «дармаедах» на прыкладзе аднаго горада

9
Як працуе дэкрэт аб «дармаедах» на прыкладзе аднаго горада

Кожны шосты беспрацоўны не сплаціў квітанцыю.

Беларусы, якія трапілі пад дэкрэт садзейнічання занятасці насельніцтву, якія пры гэтым маюць ва ўласнасці кватэры, у сакавіку атрымалі квітанцыі з плацяжамі паводле поўных тарыфаў за падагрэў вады. Партал tut.by наважыў паказаць на прыкладзе аднаго горада, як працуе «дармаедскі» дэкрэт.

У Баранавічах «чыстых дармаедаў» набралася блізу 12 тысяч чалавек, паведамляе 1prof.by. Для параўнання: у Берасці на 1 сакавіка ў базе звестак не занятых у эканоміцы аказалася 24 530 жыхароў. Але гэтыя звесткі пастаянна абнаўляюцца.

«У сакавіку квітанцыі за падагрэў вады поўным коштам атрымалі 756 жыхароў Баранавічаў, на гэты момант 135 засталіся неаплачанымі. Праўда, злосных неплацельшчыкаў сярод іх усяго 27 - гэта тыя, хто і раней не турбаваў сябе аплатай камунальных паслуг, да прыкладу, адзін з жыхароў горада ўжо 33 месяцы не плаціць за жыллё», - паведамляе прафсаюзны партал.

Атрымліваецца, што квітанцыю не сплаціў кожны шосты дармаед. Удакладнім, што на момант выхаду тэксту некаторыя з іх маглі ўжо аплаціць запазычанасць.

Як патлумачыў старшыня Баранавіцкага гарадскога «савета дэпутатаў» Рыгор Касабуцкі, ён таксама кіруе камісіяй садзейнічання занятасці, насельніцтва наўрад ці само б стала праяўляць актыўнасць, калі б не сакавіцкія квітанцыі на аплату падагрэву вады паводле поўнага кошту. «Сумы многіх уразілі, і людзі пачалі збіраць дакументы, каб пацвердзіць свой статус грамадзянiна, якi працуе. Так, на апошнім пасяджэнні камісіі са спісаў незанятых былі выключаныя 16 чалавек, якія падалі дакументы аб працы ў Еўропе і Расеі ці працаўладкаванні ў сваёй краіне», - піша прафзвязны партал.

Улады раней прагназавалі, што «дармаедскія» квітанцыі атрымаюць 54 тысячы чалавек. Іх дасылаюць тым, хто трапіў пад дэкрэт садзейнічання занятасці насельніцтву, пры гэтым мае ва ўласнасці кватэру.

Першапачаткова планавалася, што беларусы атрымаюць квітанцыі паводле эканамічна абгрунтаваных тарыфаў за падагрэў вады ўжо ў лютым, але пазней гэты тэрмін перанеслі на сакавік.

Гэта звязана з тым, што «выявілася шмат памылак, пачаліся званкі ад людзей, якія трапілі ў базу выпадкова, сярод іх - і працаўладкаваныя, і пенсіянеры, тлумачылі раней у Мінпрацы. Як паведамляла выданне mlyn.by, таксама сустракаліся гісторыі, калі чалавек даўно з'ехаў за мяжу і яго ўжо няма ў жывых, а ў базу «дармаедаў» ён усё роўна патрапіў.

Пры гэтым тым, хто не пацвердзіў занятасць і застаўся ў базе, плацяжы поўнымі тарыфамі выставілі не толькі за люты, але і зрабілі пераразлік за студзень.

Так, у Менску ў сакавіку рахункі поўнымі тарыфамі за падагрэў вады атрымалі 16 394 чалавекі. Яшчэ 1195 менчукоў, якіх папярэдне аднеслі да незанятых у эканоміцы і якія павінны былі аплачваць падагрэў вады паводле эканамічна абгрунтаваных тарыфаў, выключылі з адпаведнай базы, паведамляла раней агенцтва «Минск-Новости».

Паводле звестак tut.by, па абласцях колькасць тых, хто атрымаў «дармаедскія» квітанцыі, вар'іруецца ў межах 4-8 тысяч чалавек.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках