3 траўня 2024, Пятніца, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Восем яркіх і нечаканых момантаў на дэбатах Парашэнкі і Зяленскага

23
Восем яркіх і нечаканых момантаў на дэбатах Парашэнкі і Зяленскага
ФОТА: GORDONUA.COM

Магчымасцям украінскай выбарчай кампаніі ў Беларусі і РФ можна толькі пазайздросціць.

Тэлеканал «Белсат» падрыхтаваў кароткую падборку самых яскравых момантаў дэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты Украіны Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Зяленскага. Дэбаты прайшлі ўчора ўвечары ў Кіеве на стадыёне «Алімпійскі».

Пераход на тэрыторыю апанента

Першапачаткова кандыдаты мелі дамоўленасць выступаць на асобных сцэнах, аднак у апошні момант Парашэнка нечакана перайшоў на сцэну свайго апанента. Дэбаты ў выніку там і адбыліся.

Першапачаткова планавалася, што кандыдаты будуць дэбатаваць з двух розных сцэн, але Пятро Парашэнка пайшоў на тэрыторыю апанента і выступаў побач з Зяленскім.

Усталі на калені

Парашэнка задаў пытанне Зяленскаму, чаму ён публічна прасіў прабачэння перад Рамзанам Кадыравым, але не прасіў прабачэння перад украінскім народам за тое, што называў (у сваіх сцэнічных нумарах) Украіну «прастытуткай», а ўкраінцаў «хахламі». Ён дадаў, што вайну на Данбасе нельга скончыць, калі «паўзці на каленях да Пуціна». «Паўзці на каленях» - гэта намёк на выказванні Зяленскага ў 2014 годзе, калі ён у ТБ-эфіры паабяцаў стаць на калені перад Уладзімірам Пуціным, абы той не ставіў на калені Украіну (г.зн. не нападаў на краіну).

Вось гэтая заява Зяленскага ў 2014 годзе:

У адказ Зяленскі заявіў, што словы пра калені і Пуціна вырваны з кантэксту. А цяпер ён гатовы стаць на калені перад усімі, хто страціў сваіх родных у вайне на Данбасе. Што Зяленскі і зрабіў. Парашэнка ў сваю чаргу таксама ўстаў на калені - спінай да аўдыторыі, але тварам да ўкраінскага сцяга, які ззаду трымалі яго прыхільнікі.

Параўнанне Зяленскага з катом у мяшку (і абгорткай, і мяшком)

Парашэнка некалькі разоў выкарыстаў вобраз «ката ў мяшку». І нават спрабаваў развіць гэты вобраз: маўляў, справа не ў тым, што ніхто не ведае Зяленскага-палітыка, а ў тым, якія людзі за ім стаяць (між іншым, алігарх Ігар Каламойскі).

«Вы не кот у мяшку. Вы мяшок, а ў вашым мяшку - чэрці і каты!»- сказаў ён, звяртаючыся да Зяленскага.

Пазней Парашэнка сказаў, што яго апанент - «абгортка» тых, хто пачынаючы з 2014 года ўцёк з краіны, а цяпер хоча вярнуцца.

«Унутры абгорткі сядзіць «пятая калона», унутры сядзяць расейцы і алігархі-ўцекачы», - заявіў Парашэнка.

На гэта Зяленскі адказаў, што «лепш быць катом у мяшку, чым ваўком у авечай шкуры».

Намёк на крымінальны пераслед Парашэнкі

Пасля таго як Парашэнка чарговым разам пачаў звяртаць увагу на сувязь Зяленскага з Каламойскім, Зяленскі адказаў, што ён «не ў пракурора». «А вось вам, магчыма, прыйдзецца там быць», - заўважыў ён.

«Я трымаю кулакі за тое, каб нікога з вашага асяроддзя ў палітыцы не было», - дадаў таксама Зяленскі.

Серыя пытанняў ад народа

Зяленскі арыгінальна выкарыстаў свае магчымасці задаць пытанне Парашэнку. Замест таго, каб сфармуляваць адно канкрэтнае пытанне ён хутка чытаў з паперкі «народныя» пытанні, якія нібыта сабраў па сацыяльных сетках. Пытанні тычыліся нявыкананых абяцанняў, забойства Паўла Шарамета, паразаў украінскага войска пад Дэбальцава і Ілавайскам, нападу на ўкраінскіх маракоў у Керчанскай пратоцы і г.д. Зяленскі прапаноўваў Парашэнку адказаць на тыя пытанні, якія ён сам абярэ.

Пра адсечаныя рукі

Зяленскі прыгадаў Парашэнку ягонае абяцанне «адсякаць рукі» за крадзеж у войску, а таксама спытаў, чаму ва ўсіх сяброў прэзідэнта дагэтуль па дзве рукі. На гэта Парашэнка адказаў, што ён не суддзя і не кат, ён можа толькі ствараць умовы для справядлівага правасуддзя ў краіне.

«Ні адзін з маіх сяброў не мае і не будзе мець ніякага дачынення да карупцыі, таму што, як толькі будзе любое абгрунтаванае падазрэнне, ён перастане быць сябрам або партнёрам і будзе сядзець у турме», - заявіў Парашэнка.

Пытанне пра гатоўнасць саджаць сваіх паплечнікаў, калі тыя парушаць закон, Парашэнка затым пераадрасаваў Зяленскаму.

«Нават калі будзе вінаваты Каламойскі - усё сядуць за краты. Але сядуць, калі будзе парушаны закон», - заявіў ён.

Пра лётчыка, які вучыцца

Парашэнка неаднаразова звяртаў увагу на некампетэнтнасць Зяленскага як палітыка. З ягоных слоў, такая некампетэнтнасць можа дорага абысціся Украіне.

«Ці селі б у самалёт, дзе ў крэсле пілот, які «сеў павучыцца»? І ці ляглі б вы пад нож хірурга, які «толькі вучыцца»? Не здзекуйцеся з нашай дзяржавы», - заявіў Парашэнка, звяртаючыся да свайго апанента.

«Я - ваш прысуд»

«Я не ваш апанент, я - ваш прысуд», - парыраваў Зяленскі чарговыя выпады з боку Парашэнкі.

Сваю прамову Зяленскі пачаў з таго, што ў 2014 годзе ён сам галасаваў за Парашэнку.

«Але я памыліўся. Мы ўсе памыліліся», - падкрэсліў ён.

Са слоў Зяленскага «мы галасавалі за аднаго Парашэнку, але абралі іншага».

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках