18 красавiка 2024, Чацвер, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Украіна заўсёды была фактарам зменаў у нашым рэгіёне

5
Зміцер Бандарэнка: Украіна заўсёды была фактарам зменаў у нашым рэгіёне

Як украінскія выбары паўплываюць на Беларусь?

ЦВК Украіны апрацавала больш за 99% галасоў. Сёння з упэўненасцю можна казаць пра тое, што ў другім туры сустрэнуцца шоўмэн Уладзімір Зяленскі і дзейны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Беларусы з вялікай цікавасцю назіраюць за тым, як іх паўднёвыя суседзі робяць свой выбар.

У чым палягае феномен Уладзіміра Зяленскага? Як могуць змяніцца стасункі Беларусі і Украіны за новым прэзідэнтам?

Сайт Сharter97.org звярнуўся па каментар да каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі:

- Мяне вынікі выбараў ва Украіне не здзівілі. Хоць, калі б мяне спыталі ў канцы мінулага года, то я б адказаў, што пераможа Юлія Цімашэнка. Але пасля таго, як Уладзімір Зяленскі заявіў пра свой удзел у выбарах і атрымаў велізарную аўдыторыю, стала зразумела, што ён хутчэй за ўсё на выбарах і пераможа.

Калі кажуць, што гэта пратэстны электарат, то я згодны. Гэта пратэст супраць дзейнай улады.

У 2010 годзе, калі Андрэй Саннікаў вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, была велізарная колькасць ахвотных запісацца ў ягоную ініцыятыўную групу, паставіць за яго подпіс. Мы лёгка сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў. Проста тады наспела неабходнасць змены ўлады. Сёння сітуацыя пераспела, але ўладзе ў Беларусі пакуль удаецца трымацца на штыках.

Ва Украіне ж дэмакратыя і свабода. Таму вынікі выбараў менавіта такія.

Выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу я ацэньваю на ўзроўні 5%. Без яго Парашэнка мог і не выйсці ў другі тур, але ў постсавецкіх краінах адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваецца паўсюдна.

- З чым вы звязваеце падзенне папулярнасці Пятра Парашэнкі?

- У Парашэнкі шмат станоўчых якасцяў. Ён свабодна валодае ангельскай мовай, прайшоў розныя прыступкі кіравання. У свой час Парашэнка быў і дэпутатам Вярхоўнай Рады, і кіраўніком РНБА, міністрам замежных спраў, міністрам эканомікі, нават адным са стваральнікаў «Партыі рэгіёнаў».

Але гэта не мяняе таго факту, што нельга ўважаць людзей за дурных. Калі ты абяцаеш, што ты перастанеш быць алігархам і прадасі свой бізнэс, але ўсе бачаць, што гэта не выконваецца, калі тваім прыярытэтам з'яўляюцца бізнэс-інтарэсы, а не нацыянальныя інтарэсы, то ўсё гэта выклікае пратэст.

Сёння ўспрыманне свету ва Украіне - «чорна-белае». Многія людзі ідуць на фронт, аддаюць свае жыцці, кідаюць усё. Вайна прынесла бяду ў дамы мільёнаў украінцаў. У гэтай сітуацыі немагчыма быць «шэрым» прэзідэнтам, а не «чорна-белым».

Палавіністасць, якая была ў Парашэнкі, а менавіта: то вайна, то антытэрарыстычная аперацыя, ваеннае становішча, якое ўводзіцца без патрэбы, падарвала давер людзей.

Плюс бізнэс-інтарэсы, тая ж самая дэкларацыя, у якой гаворыцца, што даходы Парашэнкі ў 2018 годзе павялічыліся амаль у 100 разоў, а аб даходах украінцаў гэтага не скажаш. Такая палавіністасць і несумленнасць адыгралі сваю ролю.

- Якімі будуць стасункі Беларусі і Украіны, калі прэзідэнтам стане Уладзімір Зяленскі?

- Я хацеў бы сказаць, што ў нас ідзе перазагрузка ўсяго рэгіёну. Выбары праходзяць ва Украіне і яны будуць прадаўжацца да канца года. У Літве праходзяць мясцовыя, парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Цягам усяго года будуць выбары ў Польшчы. Выбары будуць і ў Беларусі. Падзеі ва Украіне заўсёды ўплывалі на расстаноўку сіл ва ўсім рэгіёне. У тым ліку - і ў Беларусі.

Калі я вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, то адзін з маіх улюбёных прафесараў Ежы Таргальскі сказаў, што Майдан - гэта пратэст супраць улады, якая мяркуе, што людзьмі можна маніпуляваць. У першую чаргу - праз медыі. Тады ва ўладзе ў Польшчы была «Грамадзянская платформа», а рэйтынг прэзідэнта Браніслава Камароўскага быў блізу 70%. Ежы Таргальскі сказаў, што польскія ўлады не разумеюць, што «майдан» можа здарыцца і ў Польшчы. Так і адбылося. Ніхто не мог прадказаць, што «Права і справядлівасць» так сур'ёзна пераможа на выбарах. А Польшча ж - чалец NATO і Еўрапейскага Звязу, там паступальна развіваецца эканоміка пры кожным урадзе. Майдан можа адбыцца ўсюды, калі ўлады пачынаюць думаць, што людзьмі можна кіраваць з дапамогай хітрасці і маніпуляцый. Сёння такія нумары не праходзіць.

Складана штосьці казаць аб дачыненнях Украіны і Беларусі. Я думаю, што 2019-2020 год зменіць расклад сіл не толькі ў нашых суседзяў, але зменіць сітуацыю і ў самой Беларусі. Тады можна будзе гаварыць аб дачыненнях.

Але заўсёды фактарам такіх зменаў была Украіна, якая з усіх сіл спрабуе выйсці з ціскоў савецкага мінулага, здабыць сваю ідэнтычнасць і рухацца ў бок Еўропы.

Яшчэ хацеў бы адзначыць, што наш рэгіён, як і ўвесь глабальны свет, перажывае тэхналагічную рэвалюцыю. Усе адзначаюць ролю на выбарах новых медыяў, сацыяльных сетак, інтэрнэту і гаджэтаў. Пераход са звычайных мабільных тэлефонаў на смартфоны глабальна змяніў перадвыбарчыя кампаніі ва ўсіх краінах. Гэта адбываецца вельмі хутка і не толькі ў ЗША, Японіі, але і ў Беларусі.

- Што б вы параілі новаму прэзідэнту Украіны ў выбудоўванні стасункаў з Беларуссю?

- Украінцы заўсёды казалі, што для іх няма больш братняга народа, чым беларусы. Я б параіў прэзідэнту Украіны абапірацца на рэальны настрой беларусаў, а не рабіць «інтарэсікі» з рэжымам.

Тут жа паўстае пытанне аб тым, чаму мы, беларусы, дазваляем нашым суседзям мець стасункі з рэжымам, а не з намі. Толькі з той прычыны, што наша ўлада не прадстаўляе беларускі народ. Таму мы колькі заўгодна можам скардзіцца на непаслядоўнасць еўрапейскіх палітыкаў, але пакуль мы аддалі нашу суб'ектнасць калгаснай кліцы, пакуль мы не вернем суб'ектнасць нашага народа, які валодае багатай гісторыяй і гераічным мінулым, то мы так і будзем стаяць у старонцы.

Не трэба быць гледачамі, а трэба ўдзельнічаць у падзеях і тварыць гісторыю самім.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках