29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пяць пастаментаў для Канстанціна Астрожскага

Пяць пастаментаў для Канстанціна Астрожскага

У якіх гарадах Беларусі мог бы з'явіцца манумент легендарнаму палкаводцу.

У пачатку гэтага тыдня інфармагенцтвы распаўсюдзілі навіну пра тое, што да 2020 года ў райцэнтры Гарадзенскай вобласці Дзятлаве ўсталююць помнік заснавальніку мястэчка - вялікаму гетману Канстанціну Астрожскаму. А пакуль распрацоўваецца палажэнне аб конкурсе эскізных праектаў манумента, журналісты planetabelarus.by наважылі прыкінуць, у якіх яшчэ гарадах Беларусі мог бы з'явіцца манумент легендарнаму палкаводцу.

Па-за усялякімі сумневамі, у Воршы - горадзе, імя якога ў пачатку ХVI стагоддзя стала сінонімам вайсковай славы нашых продкаў. Пад камандаваннем князя Астрожскага на Крапівенскім полі пад Воршай 8 верасня 1514 года 30-тысячная дружына ВКЛ распляжыла 80-тысячную маскоўскую арду, спыніўшы ўсходнюю экспансію на беларускія землі на 150 гадоў!

Бюст Астрожскаму мог бы з'явіцца і ў старажытным Тураве, дзе будучы нацыянальны герой з'явіўся на свет у сакавіку 1460 года. Пра ягонага бацьку, князя Яна Васільевіча, звестак захавалася няшмат. Вядома толькі, што ён неаднаразова ваяваў з татарамі і павялічваў свае ўладанні купляй новых маёнткаў.

Таксама помнік Канстанціну Іванавічу (не пампезны, як у Воршы, а больш сціплы) павінен вырасці ля сцен старажытнага храма Наваградка - сабора святых Барыса і Глеба.

Менавіта на сродкі праваслаўнага князя Астрожскага была ўзведзеная ў 1517-1519 гадах гэтая цагляная царква ў выглядзе карабля. Акрамя таго, гетман выступіў фундатарам будаўніцтва Міхайлаўскай царквы-цытадэлі ў Сынкавічах, Прачысценскага сабора і Траецкай царквы ў Вільні.

Ну і, вядома, манумент Астрожскаму рана ці позна з'явіцца ў Менску. Улетку 1514-га вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Жыгімонт I Стары разам са сваім дваром прыехаў з Вільні ў будучую сталіцу Беларусі, каб правесці тут агляд войскаў, якіх адпраўлялі на Аршанскую бітву. У Менску манарха ўжо чакаў Канстанцін Астрожскі. Сустракаў, можна сказаць, на правах гаспадара, бо гетману належалі вёсачка Тарасава, што на пад'ездзе да горада па Віленскаму тракту, і сякія-такія зямельныя надзелы на тэрыторыі замка.

Агляд праходзіў на Траецкай гары. Цяпер тут, пасярод сквера, высіцца будынак Вялікага тэатра оперы і балета, а ў тыя гады мясцовасць гэтая была амаль безжыццёвая. Хіба што рос тут дуб, паводле легенды пасаджаны дзедам Жыгімонта I - вялікім князем Ягайлам, стаялі закладзены ім жа Траецкі касцёл, які даў назву аднайменнаму прадмесцю, ды Спаса-Узнясенскі праваслаўны мужчынскі манастыр. У ім, хутчэй за ўсё, і маліўся перад выступленнем войскаў з горада гетман Астрожскі.

Так што, калі ў будучыні ля параднага ўваходу ў Міністэрства абароны Беларусі - а менавіта гэтае міністэрства цяпер прапісанае ў былым Узнясенскім манастыры - усталююць прыгожы конны помнік Канстанціну Астрожскаму, гэта будзе не проста сімвалічна, але і гістарычна апраўдана.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках