У Падмаскоўі падпалілі будынак габрэйскай акадэміі
- 19.04.2019, 21:32
- 10,368
Невядомыя падпалілі будынак ешывы «Торат Хаім» - найбуйнейшую з габрэйскіх навучальных устаноў РФ.
Невядомыя падпалілі будынак ешывы «Торат Хаім» - найбуйнейшую з габрэйскіх навучальных устаноў Расеі, якая размешчаная ў Раменскім раёне Падмаскоўя.
Пра гэта РБК паведаміла прэс-сакратарка галоўнага рабіна Масквы Вольга Есаулава.
З ейных слоў, невядомыя падпалілі склад кашэрнага мяса і намалявалі свастыку. «Ніхто з людзей не пацярпеў. Мы ўпэўненыя, што гэта быў падпал», - сказала яна.
У прэс-службе ГУ МНС Масквы заявілі РБК: «Пакуль ніякіх заявак па гэтым адрасе ў нас няма».
Равін ешывы Мойша Лебель паведаміў «РИА Новости», што ў момант здарэння ў будынку ўстановы знаходзіліся 60 студэнтаў, рабінаў і гасцей, якія прыйшлі на седэр - рытуальную трапезу з нагоды Песаха.
Песах - цэнтральнае іудзейскае свята ў памяць аб сыходзе з Егіпта. Сёлета ён адзначаецца з 19 да 27 красавіка.