29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

76 гадоў таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета

5
76 гадоў таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета

Палякі прышпільваюць да адзення папяровыя жоўтыя нарцысы на знак салідарнасці і памяці.

76 гадоў таму, 19 красавіка 1943 года, дрэнна ўзброеныя чальцы габрэйскіх падпольных узброеных фармаванняў пачалі барацьбу з немцамі, якія хацелі канчаткова ліквідаваць Варшаўскае гета. Гісторыкі адзначаюць, што габрэі, якія распачалі паўстанне ў Варшаўскім гета, годна прынялі бой, паведамляе «Польскае радыё».

Збройны чын габрэяў у Варшаўскім гета быў барацьбой за годнасць, - адзначае старшыня Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Яраслаў Шарэк.

«Паўстанне ў гета было трагічным крыкам габрэйскага насельніцтва, якое было асуджанае на Галакост. Яны змагаліся за годную смерць, бо надзеі на перамогу не было», - адзначыў Яраслаў Шарэк.

Паўстанне ў гета было першым гарадскім узброеным выступам супраць немцаў у акупаванай Еўропе. У баях і падчас пакаранняў смерцю загінула вялікая частка паўстанцаў, а насельніцтва, якое засталося на тэрыторыі, было выслана ў канцэнтрацыйныя лагеры.

У пятніцу, 19 красавіка, у Варшаве 2,5 тысячы валанцёраў раздаюць папяровыя жоўтыя нарцысы, якія з'яўляюцца сімвалам паўстання ў Варшаўскім гета.

Акцыя «Нарцыс» ужо ў сёмы раз праводзіцца Музеем польскіх габрэяў POLIN. Валанцёры, акрамя раздачы папяровых кветак, распавядаюць пра гісторыю Другой сусветнай вайны, гета і пра герояў паўстання 1943 году.

Акцыя будзе праводзіцца не толькі ў польскай сталіцы, але і ў многіх іншых населеных пунктах, у дамах культуры, бібліятэках і музеях. Як кажа выканаўца абавязкаў дырэктара POLIN Зігмунд Сцянпіньскі, у гэтым годзе для ўдзелу ў акцыі зарэгістравалася рэкордная колькасць добраахвотнікаў, а таксама ўстаноў.

«Гэтыя звесткі перасягнулі нашы самыя вялікія чаканні. Заяўкі на ўдзел падалі 2,5 тысяч валанцёраў, 1 тысяча школ, бібліятэкі, дамы культуры. У сувязі з гэтым я магу зрабіць выснову, што маштаб акцыі будзе яшчэ большым у параўнанні з мінулым годам», - сказаў Зігмунд Сцянпіньскі.

Памятныя цырымоніі пачнуцца апоўдні ля Помніка героям гета ў Варшаве.

ПОМНІК ГЕРОЯМ ГЕТА Ў ВАРШАВЕ
ФОТА: WIKIPEDIA.ORG/ADRIAN GRYCUK
Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках