28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто павінен адказваць за інцыдэнт з жаўнерам тэрміновай службы ва Уруччы?

15
Хто павінен адказваць за інцыдэнт з жаўнерам тэрміновай службы ва Уруччы?

Дзеці чыноўнікаў, як правіла, у войску не служаць.

Навіна пра чарговае надзвычайнае здарэнне ў войску хутка разляцелася па СМІ і стала адной з самых запатрабаваных. Нагадаем, 21-гадовага вайскоўца 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады знайшлі ля казармы з цяжкімі траўмамі, атрыманымі ад падзення з чацвёртага паверха, піша «Салiдарнасць».

Цяпер хлопец у рэанімацыі, лекары ўвялі яго ў стан комы. Маці ж падазрае, што адбылося злачынства, і цяпер вайскоўцы актыўна «замятаюць сляды».

Чаму ў нашых вайсковых частках зноў і зноў адбываюцца такія інцыдэнты, і хто павінен адказваць за жыццё жаўнера?

«Наша войска працоўна-сялянскае. Дзеці чыноўнікаў і разумныя там, як правіла, не служаць»

- Беларускае войска - вельмі закрытая структура. Жаўнеры знаходзяцца пад сталым кантролем і ва ўладзе дзяржавы, адпаведна і адказнасць за іх здароўе і жыццё павінна несці дзяржава, - адзначыла старшыня РГА «Прававая ініцыятыва» Вікторыя Фёдарава на канферэнцыі «Будучыя выбары як інструмент змяненняў у сферы бяспекі Беларусі. Войска, ВПК і расейская вайсковая прысутнасць». - Гэта павінна адбываецца па-за залежнасцю ад таго, што адбылося. Нават калі гэта суіцыд. Бо калі чалавека прызываюць у войска, ён праходзіць пэўнае псіхалагічнае абследаванне.

Калі ў яго ёсць такая схільнасць, то, напэўна, не варта гэтага чалавека заклікаць. А калі яна не выяўленая, то яшчэ большае пытанне: чаму здаровыя людзі потым учыняюць самагубства. Гэта ўсё сфера адказнасці дзяржавы.

Праваабаронцы ўжо не раз паднімалі пытанне аб стварэнні грамадскіх назіральных камісій для маніторынгу выканання правоў вайскоўцаў. Такія камісіі ёсць нават у месцах зняволення.

- А ў войску няма. Мы з гэтай прапановай звярнуліся ў Мінабароны, аднак атрымалі досыць цынічны адказ, што супрацоўнічаць яны з намі не хочуць і такія камісіі ў войску наогул не патрэбныя. І гэта рэакцыя выклікае здзіўленне. Калі нават у дачыненні да зняволеных дзяржава гатовая гаварыць аб забеспячэнні захавання правоў чалавека, то чаму жаўнеры не маюць такога права?

Ёсць шмат пытанняў у праваабаронцаў і з нагоды здароўя прызыўнікоў, якіх медыцынскія камісіі прызнаюць прыдатнымі.

- Часта хворыя хлопцы раптам трапляюць у войска, - адзначае кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак. - Лекары, якія рыхтуюць прызыўнікоў, гэта таксама вельмі закрытая арганізацыя, якую немагчыма кантраляваць. Напрыклад, я цяпер вяду выпадак, калі хлопца з хворай спіной забралі ў войска. З трох месяцаў ён праслужыў толькі тры дні - то шпіталь, то лякарня. І гэта цалкам на сумленні лекараў.

Тлумачыцца такая стараннасць камісій праблемай з напаўняльнасцю узброеных сіл жаўнерамі тэрміновай службы.

- Таму што разумная, інтэлектуальная моладзь сёння з'язджае ў Еўропу, ЗША, да 27 гадоў хаваецца ў Расеі, толькі каб не служыць. Ну а тыя, хто не можа з'ехаць, атрымліваецца, ідуць у войска, - тлумачыць Алег Воўчак. - Сёння наша войска працоўна-сялянскае. Там няма нават дзяцей вышэйшых службовых асобаў і раённых начальнікаў, у асноўным, хлопцы са шматдзетных або няпоўных сем'яў.

Адсюль і фальсіфікацыя медыцынскіх дыягназаў, каб ішла напаўняльнасць, і агульны інтэлектуальны ўзровень прызыўнікоў. Само войска наша ў хваравітым стане.

Праваабаронцы ўпэўненыя, што толькі супольнымі намаганнямі можна развязаць гэтую праблемы. Праз стварэнне бацькоўскіх камітэтаў пры вайсковых частках, праз грамадскія камісіі, праз юрыдычную падтрымку і амбудсменаў, якія будуць абараняць правы вайскоўцаў.

- На жаль, пакуль міністэрства абароны бачыць у нас, праваабаронцах, ворагаў. Мы ж хочам зрабіць нашу краіну лепшай, гарантаваць бяспеку жаўнераў, якія служаць, хочам забяспечыць захаванне правоў чалавека, - адзначае Вікторыя Фёдарава. - Калі сёння гэтую сітуацыю не змяніць, такія інцыдэнты ў войску будуць здарацца на зайздрасць рэгулярна.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках