Затрыманыя ў Берасці праціўнікі акумулятарнага завода выйшлі на свабоду
4- 15.04.2019, 20:33
- 11,256
Суды пройдуць 18 красавіка.
Раніцай 15 красавіка з ізалятара Ленінскага РАУС пачалі выходзіць жыхары Берасця і Берасцейскага раёна, большасць з якіх затрымалі ў пятніцу, калі яны прыйшлі ў міліцыю паводле позваў у якасці сведак, паведамляе «Брестская газета».
Чакалася, што ўсіх затрыманых, як звычайна, прывязуць у суд на вул. Леванеўскага, але суддзя Аляксандр Семянчук з сакратаром сам прыехаў у РАУС.
Першай адпусцілі Таццяну Фесікаву, якую затрымалі ўчора. Суд над ёй за раздачу на плошчы Леніна жоўтых шарыкаў пройдзе 25 красавіка.
Да абеду з РАУС з позвамі на 18 красавіка выйшлі Дзям'ян Лепесевіч, Алег Вялаў, Дзяніс Малашэнка, Дзмітрый Андрасюк, Сяргей Свірскі, Уладзіслаў Абрамовіч, Уладзімір Казлоўскі і праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Іх будуць судзіць за шэсце 7 красавіка па вуліцы Савецкай і Машэрава. Нагадаем, тады калона з некалькіх соцень праціўнікаў акумулятарнага завода прайшла па горадзе з лозунгамі супраць завода.
Алег Ярмоленка выйшаў з ІЧУ са штрафам 30 базавых за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці.
А 13.25 выйшаў Ягор Кандарцюк, затрыманы падчас учорашняга шэсця супраць завода. У яго позва на 25 красавіка. Затрыманы ўчора Мікалай Трацюк выйшаў са штрафам 10 базавых, суд над Віктарам Сэндэрам будзе 25 красавіка.
Апошнімі выйшлі Алесь Абляк (пазоў на 25 красавіка) і Віталь Казак (пазоў на 24 красавіка).
Дзмітрый Бекалюк быў аштрафаваны на адну базавую велічыню. Суд улічыў, што ў Дзмітрыя двое маленькіх дзяцей, маці-інвалід, а таксама з улікам адбыцця адседкі.
Пазовы на 18 красавіка азначаюць, што судзіць людзей будуць як раз напярэдадні чарговага «кармлення галубоў», якое праціўнікі акумулятарнага завода праводзяць у нядзелю на цэнтральнай плошчы горада.
Нагадаем, у Берасці больш за год ідзе актыўная кампанія супраць з'яўлення акумулятарнага завода «АйПауэр» у СЭЗ «Берасце», які ўваходзіць у склад «Першай акумулятарнай кампаніі». Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта.