Уначы ў Салігорску з шахт эвакуіравалі людзей
2- 15.04.2019, 19:30
- 12,111
Здарыўся пажар на глыбіні 445 метраў.
У ноч на 15 красавіка горнавыратавальнікі ліквідавалі ўзгаранне на рудніку ў Салігорску. Пра гэта tut.by распавялі ў ААТ «Беларуськалій».
«Прыкладна а 23.10 у другім рудаўпраўленні адбылося ўзгаранне падземнага медыцынскага пункта і задымленне горных выпрацовак галоўных кірункаў гарызонту [на адзнацы] мінус 445 метраў», - распавялі на прадпрыемстве.
Работнікаў вывелі на паверхню, а горнавыратавальнікі прыступілі да ліквідацыі аварыі. Яны патушылі пажар, пацярпелых няма. Вытворчы працэс не спынялі, прадпрыемства працягнула працу.
Нагадаем, роўна тыдзень таму з іншага, 4-га рудаўпраўлення, прыйшлося эвакуіраваць больш за сотню чалавек. На глыбіні прыкладна 670 метраў задымілася камера прывада канвеера.