20 красавiка 2024, Субота, 7:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуская Жанна Д'Арк

1
Беларуская Жанна Д'Арк

Як змагалася за вольнасць Айчыны Эмілія Плятэр.

Дзяўчына са сцягам у руках, якая вядзе на смяротны бой узброеных паўстанцаў. Свінцовая залева і варожыя гарматы не страшныя ёй, таму што смерць не мае ўлады над вечнасцю. А імя Эміліі Плятэр, вальналюбнай ліцвінкі, даўно стала сімвалам подзвігу ў імя Айчыны. Яно натхняла патрыётаў Польшчы і Літвы на бой у імя праўды і свабоды, піша "Ліцвін".

Літва і Польшча ўвекавечылі памяць пра яе, адлюстраваўшы партрэт на купюрах сваёй валюты. Біёлагамі названы гатунак дзівоснай кветкі клематыса яе імем. Яе называюць «беларускай Жаннай Д'Арк», «польскай Дзевай» і «Ліцвінкай Плятэр». У 2018 годзе споўнілася 212 гадоў з дня нараджэння графіні Эміліі Броель-Плятэр.

З'явілася на свет Эмілія Плятэр у 1806 годзе ў Вільні. Бацька Францішак Ксаверы Плятэр і маці Ганна Моль жылі не вельмі дружна, таму дачка з маці пасяліліся ў адным з уласных маёнткаў Віцебскай губерні Ліксну Дынабургскага павета (на гэты момант тэрыторыя Латвіі).

Велізарная бібліятэка маёнтка моцна паўплывала на светапогляд дзяўчынкі, яна шмат часу праводзіла за чытаннем кніг. Матэматыка і гісторыя сталі яе ўлюбёнымі навукамі, а францужанка Жанна Д'Арк і ліцвін Тадэвуш Касцюшка – кумірамі, якія натхнялі на слаўныя справы.

Пасталелая Эмілія захапляецца фальклорам, яна збірае і спявае беларускія песні і трохі складае сама. Ёй падабаецца выконваць беларускія танцы простых людзей, напрыклад «Лепятуху», і атрымлівалася ў яе гэта цудоўна. А яшчэ, успаміналі сучаснікі, дзяўчына ўмела так натхнёна і сумна галасіць, як гэта рабіў вясковы просты люд, калі ліцвіны аплаквалі памерлых блізкіх.

ЭМІЛІЯ АДБІВАЕЦЦА АД КАЗАКОЎ

Польскія, беларускія і літоўскія патрыёты абураліся з нагоды царскіх парадкаў у Рэчы Паспалітай, іх абурала каранаванне цара Мікалая I у якасці караля Польшчы. Неспакойным і грозным быў 1830 год у польскіх і ліцвінскіх землях. Ніхто не хацеў мірыцца з самавольствам і дэспатыяй, якія прыйшлі разам з царскімі палкамі з Усходу.

Мара патрыётаў пра адраджэнне радзімы і яе межаў 1772 года зноў адышла ў нябыт у 1830 годзе. А між тым французы падняліся на барыкады, пратэстуючы супраць абсалютнай манархіі. Іхні прыклад натхніў і народы былой Рэчы Паспалітай.

29 лістапада ў Варшаве ўспыхнула хваляванне. Даведаўшыся пра пачатак паўстанцкага выступу, Эмілія наносіць візіты блізкім, знаёмым і сваякам, заклікаючы неабыякавых людзей, да падрыхтоўкі паўстання ў Літве і Беларусі. Кузэны дапамагаюць ёй у распрацоўцы дзёрзкага плана. Дзяўчына сур'ёзна прапаноўвала захапіць Дынабургскую крэпасць. Планы не ажыццявіліся, але Эмілія была прызнаная лідаркай і пасвечаная ў рыцаркі – Панны з захаваннем усіх старадаўніх абрадаў.

РАМАНТЫЗАВАНЫ ВОБРАЗ ЭМІЛІІ ПЛЯТЭР

У мястэчку Дусяты 29 сакавіка 1831 яна зноў выступіла з заклікам да людзей падымацца і змагацца з ворагамі веры і Бацькаўшчыны. За вельмі кароткі час дзякуючы аднадумцам ёю быў сабраны атрад некалькі сотняў чалавек: стралкі, пешыя і конныя, касінеры. Адважную дзяўчыну патрыёты абагаўлялі, называлі «сцягам вызвольнага руху». Яна вяла іх у бой з натхненнем.

Эмілія дзейнічала адважна. Спачатку яе атрад правёў напад і знішчыў паштовую станцыю, а з ёй і невялікі атрад царскіх салдатаў. Праз некаторы час паўстанцы ліцвінскай Жанны Д'Арк злучыліся з узброенымі сіламі генерала Шырмана і захапілі Езяросы.

Баявая слава Эміліі складалася не толькі з яе адвагі. Хвацкая наезніца, выдатны стралок і фехтавальніца – вось кароткі пералік ейных ваенных навыкаў. Яна была мужным, сумленным, добрым, шчырым у сваёй веры чалавекам. Тым і набыла любоў і павагу не толькі ў асяродку вайскоўцаў, але і сярод простага люду.

Эмілія была простай, адкрытай, ветлай, але тое, што яна не прастачка, а шляхцянка, схаваць было немагчыма. З ёй абыходзіліся вельмі тактоўна, далікатна і ветліва. Яна стала прыкладам, які натхняў іншых жанчынаў ва ўсёй Еўропе на барацьбу супраць дэспатызму, а ў Польшчы і Літве супраць цара і ягоных катаў.

ЭМІЛІЯ СКЛІКАЛА ЗА САБОЙ У БОЙ ПАЎСТАНЦАЎ, ЗДЗІЎЛЯЮЧЫ ВОРАГАЎ АДВАГАЙ

Эмілія склікала за сабой у бой паўстанцаў, здзіўляючы ворагаў адвагай

Пасля злучэння паўстанцкіх войскаў і польскай арміі генерала Хлапоўскага дзяўчыне было прапанавана прыняць камандаванне 1-й ротай у 25 лінейным палку, прысвоены чын капітана. З'ява для таго часу небывалая для жанчыны.

У Коўне ў яе гонар быў дадзены баль. Але як толькі заціхлі гукі аркестру, Эміліі зноў давялося весці сваіх салдатаў у атаку. 19 чэрвеня 1831 г. пад Вільняй адважныя паўстанцы зазналі паразу, панеслі вялікія страты. У баі пад Шаўлямі адбыўся пералом, адвагі і мужнасці Плятэр і ваенных навыкаў паўстанцаў ужо бракавала для перамог. На ваеннай нарадзе паўстанцаў было прапанавана падзяліць войска на тры часткі і прасоўвацца ў розных напрамках.

Лепш смерць, чым ганьба

Эмілія, даведаўшыся пра гэта, пастанавіла не выконваць загад, а адступаць у Прусію. «Лепш загінуць з гонарам, чым скончыць такой ганьбай!» – вось ейныя словы. Накіроўваючыся ў Варшаву, з мэтай аб'яднацца і прадоўжыць барацьбу з падраздзяленнямі, што яшчэ ваявалі, яна захварэла. Галоднае і халоднае ваеннае жыццё падарвала здароўе дзяўчыны-капітанкі.

Спачатку яе прытулілі ў доме сяляне, потым хворую і аслаблую прынялі ў сваім доме Абламовічы. Пад выглядам настаўніцы яна жыла ў іх да свайго скону. Вядома, што канчаткова зламала яе вестка пра тое, што Варшава ўзятая царскімі войскамі і паўстанне задушанае. На 25-м годзе жыцця 23 кастрычніка 1831 года Эмілія пакінула гэты свет. Адам Міцкевіч, пазнаёміўшыся з гісторыяй ліцвінскай Жанны Д'Арк, напісаў верш «Смерць палкоўніка», які ўслаўляе шляхту з Вільні ў Еўропе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках