28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тадэвуш Касцюшка, якім мы яго не ведалі

4
Тадэвуш Касцюшка, якім мы яго не ведалі
Тадэвуш Касцюшка

Беларускі нацыянальны герой быў таленавітым ва ўсім.

Здавалася б, гісторыя Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі вывучаная дасканала. Разам з тым, дагэтуль застаюцца некаторыя аспекты, пра якія варта распавесці падрабязней. Мала хто ведае, што ў міжваеннай Другой Рэчы Паспалітай начальнік паўстання 1794 года ўважаўся за патрона вайсковых інжынераў, піша сайт istpravda.ru.

Таленавіты фартыфікатар

Падчас вучобы ў кадэцкай школе ў Варшаве ў 1765 годзе ўраджэнец беларускай Марачоўшчыны асаблівую ўвагу надаваў вывучэнню вайсковай архітэктуры і фартыфікацыі. Адоранага ліцвіна заўважылі і дзякуючы пратэкцыі князя Адама Чартарыйскага Касцюшку прысуджаюць каралеўскую стыпендыю і накіроўваюць на вучобу ў Парыж.

Пасля заканчэння вучобы на берагах Сены берасцеец атрымлівае дыплом вайсковага інжынера і ў чэрвені 1776 года адпраўляецца ў ЗША. Там Андрэя Тадэвуша прымаюць на службу ў амерыканскае войска і давяраюць будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў у Білінгспорце. Рабілася гэта для таго, каб абараніць Філадэльфію ад магчымых удараў непрыяцеля з мора.

УРАДЖЭНЕЦ БЕЛАРУСКАЙ МАРАЧОЎШЧЫНЫ АНДРЭЙ ТАДЭВУШ БАНАВЕНТУРА КАСЦЮШКА

Фартыфікацыйных план Касцюшкі палягаў у будаўніцтве ахоўных равоў і абсталяванні апорных артылерыйскіх пунктаў. Да гэтага, такую сістэму фартыфікацыі на практыцы ніхто не выкарыстоўваў. Амерыканскае камандаванне было задаволенае працай «госця з кантынента».

18 кастрычніка 1776 года Кангрэс ЗША прызначыў Касцюшку «інжынерам на службе Злучаных Штатаў з заробкам 60 даляраў на месяц». Таксама ліцвіну было прысвоенае званне палкоўніка.

МЕРАЧОЎШЧЫНА. ДОМ, У ЯКІМ НАРАДЗІЎСЯ ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА

У лістападзе 1777 гады маладога фартыфікатара «прыкмеціў» галоўнакамандуючы амерыканскім войскам Джордж Вашынгтон. У лісце кіраўніку Кангрэса Лоўрэнсу «бацька-заснавальнік» ЗША пісаў: «На сябе звяртае ўвагу інжынер нашага войска, здаецца, яго завуць Касцюшка. Гэта высокаадукаваны і добра падрыхтаваны спецыяліст і пра яго варта памятаць».

У студзені 1778 года амерыканскі штаб даручае ліцвіну заняцца фартыфікацыйнымі працамі на рацэ Гудзон. Андрэй Тадэвуш звяртае ўвагу на мясцовасць, якая ў далейшым стане адной з ключавых у вайсковай гісторыі ЗША.

ПІСТАЛЕТ, ПАДАРАВАНЫ ДЖОРДЖАМ ВАШЫНГТАНАМ ТАДЭВУШУ КАСЦЮШКУ

Цягам трох гадоў (з 1778 да 1781 года) пры ўдзеле 2500 рабочых Касцюшка будуе форт Уэст-Поінт. У 1802 годзе на яго тэрыторыі будзе пастаўлены помнік знакамітаму ліцвіну.

У студзені 1781 г генерал Грын пісаў у сваім данясенні: «Касцюшка ўвесь час заняты. Цяпер ён «майструе» пантонныя пераправы для нашых войскаў». Але ў гэтым данясенні было толькі палова праўды. Выяўляецца, наш суайчыннік уласнаручна распрацаваў канструкцыю пантонных мастоў і з іх дапамогай пераправіў амерыканскія войскі праз раку Сэдкін. У 1783 годзе, на знак прызнання ягоных заслуг, Кантынентальны кангрэс павысіў Касцюшку да звання брыгаднага генерала.

АСАБІСТЫ ПОДПІС ЗНАКАМІТАГА ЛІТВІНА ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ

Вярнуўшыся ў 1784 годзе на радзіму, Касцюшка ўступіў у войска Рэчы Паспалітай у званні генерал-маёра. Падчас вайны з Расейскай імперыяй у 1792 годзе менавіта ліцвін, падчас бітвы пад Дубенкай, якая адбылася 17 ліпеня, маючы ў распараджэнні ўсяго 600 сапёраў і 10 гармат, прымудрыўся размеркаваць свае строі так, што не даў адразу пераправіцца праз Буг 18 тысячам расейскай пяхоты.

Поспех Касцюшку прынесла тое, што ён замаскаваў свае прылады на пануючых вышынях. Для арганізацыі пераправы дэзарыентаваным расейскім войскам пад камандаваннем генерала Міхаіла Кахоўскага давялося выдаткаваць значную колькасць сіл і сродкаў.

Але, нават апынуўшыся на процілеглым беразе і ажыццявіўшы лабавую атаку на пазіцыі генерала Касцюшкі, расейцам не ўдалося выбіць абаронцаў. Толькі здзейсніўшы манеўр з перасячэннем мяжы з Галіцыі, Кахоўскаму ўдалося зламаць супраціў праціўніка.

ПІСТАЛЕТ, ПАДАРАВАНЫ ДЖОРДЖАМ ВАШЫНГТАНАМ ТАДЭВУШУ КАСЦЮШКУ

Аднак, Касцюшка не здаваўся. Дзякуючы ягоным ведам удалося арганізаваць эфектыўную абарону Варшавы, што дазволіла адбіць напады расейскіх і прускіх войскаў. За гераізм і мужнасць падчас вайны 1792 года Найвышэйшая нацыянальная Рада ўзнагародзіла ўраджэнца Марачоўшчыны ганаровай шабляй.

Касцюшка спрабаваў выкарыстаць свае ўменні і навыкі вайсковага інжынера і падчас Паўстання 1794 года. Аднак там баявыя дзеянні насілі ўжо іншы характар.

Забыты мастак

У міжваеннай Польшчы талент Тадэвуша Касцюшкі як фартыфікатара і сапёра паўсюдна адзначаўся і падкрэсліваўся. Дарэчы, у гэты ж час успомнілі пра тое тым, што «начальнік паўстання» цалкам мог стаць...паспяховым мастаком.

АДКРЫЦЦЁ ПОМНІКА КАСЦЮШКУ Ў ЦЫТАДЭЛІ МОДЛІН, 1930-Я ГАДЫ

У Нацыянальным музеі ў Кракаве дагэтуль захоўваюцца некалькі акварэльных малюнкаў Рыма, якія належаць пэндзлю славутага ліцвіна. У свой час музэйшчыкам іх перадаў граф Станіслаў Русецкі.

Выявілася, што ствараў гэтыя шэдэўры будучы генерал войскаў ЗША і Рэчы Паспалітай, знаходзячыся на вучобе ў Францыі. У Парыжы, акрамя заняткаў у фартыфікацыі і тактыцы, ліцвін наведваў і лекцыі ў акадэміі мастацтва і скульптуры.

АДНА З КАРЦІН ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ

На жаль, дакладна не вядома, ці маляваў Касцюшка свае палотны, знаходзячыся ў Італіі, ці ж яны сталі плёнам яго ўяўлення. Як бы там ні было, гэтыя работы з'яўляюцца чарговым сведчаннем таго, наколькі шматгранная была асоба знакамітага ўраджэнца беларускай Мерачоўшчыны.

КАРЦІНА ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ

Вось толькі некаторыя штрыхі да партрэта нашага слаўнага земляка, які стаў нацыянальным героем многіх краін свету.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках