2 траўня 2024, Чацвер, 5:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Як табе такое, Ілон Маск?»: У Гародні выкладчык каледжа сабраў з навучэнцамі трыцыкл

17
«Як табе такое, Ілон Маск?»: У Гародні выкладчык каледжа сабраў з навучэнцамі трыцыкл

Стварэнне трыцыкла заняло паўгода.

Амаль паўгода выкладчык Гарадзенскага электратэхнічнага каледжа Сямён Самойла і навучэнцы збіралі ўласны трыцыкл. Яны хочуць яго зарэгістраваць і выкарыстоўваць на фестывалях і байкзлётах. Як ствараўся трыцыкл, каманда распавяла hrodna.life.

Ідэю прапанаваў Сямён Самойла. Яшчэ некалькі гадоў таму ён задумаў гэты праект: ствараў чарцяжы, шукаў матэрыял. У 2018 узяўся за рэалізацыю. Распавёў пра гэта сваім вучням: шэсць маладых хлопцаў зацікавіліся і сталі дапамагаць.

«Трыцыкл - гэта заслуга ўсёй каманды, якая ходзіць на гурток тэхнічнай творчасці «Алімп». Я кожны год набіраю туды хлопцаў, яны ў мяне рукастыя і галаватыя, - распавядае Сямён Самойла. - У мінулыя гады займаліся матацыкламі, а пасля мне прыйшла ідэя стварыць трыцыкл. Праект складаны, але цікавы. Для пачатку знайшлі сілавы агрэгат ад «Запарожца», далей задні мост ад «Форда». Потым пачалі ўсё кампанаваць. Самым складаным было зрабіць відэлец і састыкаваць задні мост з сілавым агрэгатам ад розных аўтамабіляў».

Як зарэгістраваць трыцыкл

«У будучым гэты апарат спакойна можа ездзіць па гарадскіх дарогах. Для гэта там усё ёсць, - кажа Самойла. - Цяпер рыхтуем дакументацыю ў аб'яднаны інстытут машынабудавання. Спецыялісты павінны зрабіць экспэртызу, даць заключэнне і прысвоіць VIN-нумар. Пасля гэтага транспартны сродак можна спакойна рэгістраваць у ДАІ».

Трыцыкл на чацвёртай хуткасці можа разагнацца да сапраўды вялікай хуткасці - больш чым 100 км/г.

Нават кабрыялет з «Запарожца»

Для Сямёна Самойлы гэта не першы праект стварэння транспартнага сродку. Раней майстар ствараў міні-трактары, збіраў матацыклы і нават рабіў са студэнтамі кабрыялет з «Запарожца».

«У мяне ўжо ўзрост не той, каб нешта новае вынаходзіць. За гады працы са студэнтамі шмат чаго цікавага стварылі. У будучыні, калі хлопцы захочуць нешта зрабіць сваё, то я ім з задавальненнем падкажу і дапамагу. Маладым хлопцам ствараць нешта новае заўсёды цікава. На такіх занятках яны вучацца і думаюць. У жыцці такі бясцэнны досвед ім дакладна спатрэбіцца», - сказаў Сямён Самойла.

Навучэнцы Гарадзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа ім. Шчаснага з трыцыклам, які рабілі разам са сваім выкладчыкам Сямёнам Самойлам.

Трыцыкл, гэта пачатак

Дамагчыся ідэальнага выніку - каб трыцыкл усё ж паехаў - было няпроста.

«Мы вызначалі тэхнічныя характэрыстыкі, апрацоўвалі усё і паляпшалі. Можна сказаць, мадэрнізавалі тое, што ўжо было, - распавядае навучэнец каледжа Андрэй Цярэшка. - У горадзе спакойна можна ездзіць на такім трыцыкле, ён зроблены пад рэтра-стыль. Але, думаю, ён лепш за ўсё падыходзіў бы пад байкзлёты, фестывалі ці нават вяселлі».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках