2 траўня 2024, Чацвер, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст са Шклоўскага раёна: Чаму Лукашэнка ў «Гарадзец» не едзе?

29
Эканаміст са Шклоўскага раёна: Чаму Лукашэнка ў «Гарадзец» не едзе?

На малой радзіме дыктатару нярадыя.

Лукашэнка два дні ладзіў у Шклоўскім раёне разносы праз дрэнную сітуацыю ў сельскай гаспадарцы Магілёўскай вобласці. Пасля гэтага БелТА паведаміла:

- Вядома, ёсць станоўчыя моманты. У тым жа сельгаспрадпрыемстве «Газавік-Сіпакова» ў аграгарадку Дабрэйка, які наведаў прэзідэнт, вядуць размову аб пашырэнні вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі, шукаюць новыя кірункі работы, а ў мінулым годзе сярэдні заробак у гаспадарцы склаў амаль Br900.

«Салідарнасць» папрасіла мясцовага жыхара, кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага падзеліцца ўражаннямі ад візіту правадыра дзяржавы.

ФОТА: HORKI.INFO

- Што адбывалася ў вашым аграгарадку ў дзень прыезду Лукашэнкі? Гэта быў незвычайны дзень у жыцці вяскоўцаў?

- Змены пачаліся за 3-4 дні да прыезду правадыра. Падмялі вуліцы, у краму завезлі шыкоўны набор тавараў, работнікаў «газавікоў» сагналі працаваць на механічны двор.

А сам дзень візіту... Лукашэнкі ж у вёсцы не было, ён заехаў толькі на механічны двор, куды дапусцілі асобных работнікаў: механізатараў, загадчыка складам. Відаць, з мясцовымі жыхарамі камунікаваць нават не планаваў.

У вёсцы імкнення сустрэцца з Лукашэнкам таксама не было. Ён ім што заробак дадасць? Людзі не рваліся сабрацца, выйсці на нейкі мітынг, каб сустрэцца з правадыром. Наколькі я бачыў, ніводзін чалавек да прадпрыемства не выйшаў.

Затое было шмат маладых людзей у цывільным. Пасля ад'езду Лукашэнкі яны сабраліся ў адным месцы (на механічным двары) - налічыў прыкладна 40 чалавек.

- Як ацэніце сітуацыю на прадпрыемстве «Газавік-Сіпакова», якое з'яўляецца філіялам «Магілёўаблгаз»?

- Не трэба занадта ганарыцца дасягненнямі гэтай гаспадаркі. Думаць, што яны выйдуць на самафінансаванне найбліжэйшыя гады, як гэта заяўляецца, - палітычны блеф. Яны не разумеюць сутнасці самафінансавання. Хоць бы прадпрыемства змагло выйсці на самаакупнасць.

Што такое самафінансаванне? Гэта фінансаванне за свой кошт развіцця прадпрыемства. Гэта не пасеяць, прыбраць, нарыхтаваць корму. Гаворка ідзе пра інвестыцыі ў асноўныя фонды. Я думаю, што ў сельскай гаспадарцы пры цяперашняй сістэме гаспадарання дамагчыся самафінансавання практычна немагчыма. Немагчыма гэта і для «газавікоў».

- Ці сапраўды сярэдні заробак у гаспадарцы складае 900 рублёў? Па ТВ паказалі камунікацыю Лукашэнкі з токарам - ён сказаў, што атрымлівае 600-700 рублёў.

- Токар у гаспадарцы на вагу золата, таму з ягонага заробку можна меркаваць пра узровень заплаты. Ёсць даяркі, якія атрымліваюць па тысячы рублёў, цялятніцы нядрэнна атрымліваюць. Але казаць пра сярэдні заробак 900 рублёў я б не рызыкнуў.

Хоць трэба аддаць належнае - заробак ў «газавікоў» даволі высокі для рэгіёну. Але зноў жа гэта стала магчымым толькі дзякуючы «Магілёўаблгазу».

Праблем у сельскай гаспадарцы стае. Русага рыхтуюцца выганяць, але потым, можа, наогул усё ляжа. Русы - добры, дасведчаны спецыяліст. Каго не пастаў - будуць праблемы. Таму што пытанне не ў асобах, а ў цяперашняй сістэме гаспадарання. Калі няма фінансаў з боку - нічога не зробіш. Гэта і відаць у Шклоўскім раёне.

Чаму Лукашэнка ў «Гарадзец» не едзе - напэўна, там таксама не вельмі добрыя справы? І ў «Александрыі» ат сабе - як і агулам у сельскай гаспадарцы краіны.

- Памочніка Лукашэнкі Генадзя Лаўранкова быццам бы паніжаюць да выканаўцы абавязкаў старшыні Шклоўскага райвыканкама. Ведаю, вы даўно пра яго крытычна адгукаецеся. Чаму?

ГЕНАДЗЬ ЛАЎРАНКОЎ (СПРАВА) З АЛЯКСАНДРАМ ЛУКАШЭНКАМ У ШКЛОЎСКІМ РАЁНЕ

- Таму што я з ім працаваў. Калі ўзначальваў калгас, ён быў загадчык аддзела эканомікі райвыканкама. Потым яго правадыр, зыходзячы з незразумела якіх памкненняў, паставіў да старшыні райвыканкама. Пры ім раён, які знаходзіўся да гэтага ў лідарах у вобласці, пачаў скочвацца.

Натуральна, Лаўранкова пасля гэтага падвысілі. Спачатку адправілі ў Магілёў, потым у Менск. Затым зноў ашчаслівілі Магілёўскую вобласць. З таго, што я назіраў: куды не накіруюць - усюды крах.

Лаўрэнкоў - чалавек, як кажуць, сабе на розуме. Ён думае, што так павінна быць - і ўсе вымушаныя падладжвацца пад ягоную пастанову. А ён нават не разумее, што такое рынкавыя дачыненні. Агучаныя прэзідэнтам задачы спрабуе рэалізаваць без усялякіх інтэрпрэтацый.

На мой погляд, шмат у чым «дзякуючы» Лаўранкову Магілёўская вобласць займае цяпер апошняе месца ў краіне паводле агульных паказчыкаў сельскай гаспадаркі. Хоць Русы там і спрабаваў сказаць, што вобласць на пятым месцы - не, хлопцы, вы ўжо і Віцебскай вобласці саступілі.

Мяркую, што Лаўранкову даўно пара даць «Героя Беларусі» і адправіць на пенсію. Гэта будзе найлепшая ўзнагарода жыхарам Магілёўскай вобласці. Ведаю людзей, якія разам з ім працавалі: яны даслоўна кіпяць ад абурэння, што кіруе такі чалавек.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках