6 траўня 2024, панядзелак, 0:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рэпартаж пра Бабіча трапіў «кашалёк» Лукашэнкі

21
У рэпартаж пра Бабіча трапіў «кашалёк» Лукашэнкі
МІХАІЛ БАБІЧ

Расейскі амбасадар працягвае «інспектаваць» прадпрыемствы Беларусі.

Расейскі прапагандысцкі тэлеканал «Расея 24» паказаў рэпартаж пра працоўныя будні расейскага амбасадара ў Беларусі Міхаіла Бабіча, піша «Салiдарнасць».

Улічваючы тое, якія заявы гучалі з боку расейскага пасла зусім нядаўна, рэпартаж «Расеі 24» таксама можна было б назваць досыць нейтральным. Але і ў ім можна знайсці некалькі празрыстых намёкаў беларускаму боку. Адзначым некалькі характэрных момантаў.

Сюжэт пачынаецца з кароткага апісання звычайнага дня дыпламата: «Ранняя ранішняя прабежка, потым працоўны кабінет у консульстве, затым цэх завода, а пасля - яшчэ і ўдзел у нарадзе па культуры. Усё гэта будні дыпламатычнага работніка».

З першых секунд у кадры з'яўляецца пасол Бабіч, які бяжыць уздоўж Свіслачы ў куртцы з надпісам «Team Putin» («Каманда Пуціна»).

Крыху пазней здымачная група трапляе ў кабінет пасла, доступ да якога адкрыты далёка не для ўсіх супрацоўнікаў прадстаўніцтва.

Затым Бабіч інтрыгуе гледачоў, даўшы карэспандэнту патрымаць у руках тэчку з грыфам «Совершенно секретно», змест якой даступны «вельмі абмежаванаму колу асобаў». У тэчцы штодзённыя справаздачы для амбасадара.

Падвёўшы журналіста да мапы Беларусі, пасол тлумачыць яму значэнне нашай краіны:

- Тут цалкам зразумелым становіцца эканамічнае і вайскова-палітычнае значэнне Беларусі ў еўрапейскім аспекце. Вось Украіна, вось Прыбалтыка, а гэта транзітныя шляхі, газаправоды, нафтаправоды.

Далей у сюжэце распавядаецца пра візіты Бабіча на БелАЗ і «Амкадор». Аўтар рэпартажу падкрэслівае, што беларуская тэхніка вырабляецца з расейскіх матэрыялаў і камплектуючых.

Даюць слова і ўладальніку «Амкадора» Аляксандру Шакуціну, спытаўшы яго, чаму ён выбраў Расею для стварэння замежнай вытворчасці. Вось яго адказ:

- Банальна скажу, але гэта нашы браты. Я не адчуваю, што працую ў Расеі, я працую ў роднай айчыне, саюзе Расеі і Беларусі.

У ЕЗ Шакуціна ўважаюць «асабістым кашальком Аляксандра Лукашэнкі». «Я расцэньваю гэта як прызнанне мяне кіраўніком, які ўносіць важны ўклад у развіццё эканомікі Беларусі і з'яўляецца патрыётам сваёй краіны», - каментуе ён сітуацыю.

Тэму энэргетыкі аўтар сюжэту прапанаваў абысці бокам, нагадаўшы ўсё ж, што «Расатам» дабудоўвае ў Беларусі на мяжы з Літвой «так неабходную беларускай эканоміцы АЭС».

Далей ідзе падводка да тэмы праціўнікаў саюза Беларусі і Расеі. Дастаецца і некаторым беларускім незалежным СМІ, якія працуюць з-за мяжы. Ім аўтар сюжэту прыпісвае запалохванне сваёй аўдыторыі тым, што Расея рыхтуецца захапіць Беларусь.

На пытанне аб тым, хто і навошта гэта робіць, Бабіч адказаў:

- Гэта зразумела не толькі мне, але і большасці кіраўнікоў Беларусі, прэзідэнту краіны. Зразумела, што ёсць сілы, якія не зацікаўленыя ў развіцці стасункаў Расеі і Беларусі, не зацікаўлены ў паглыбленні ўзроўню інтэграцыі.

У канцы сюжэту гаворыцца аб умацаванні культурных сувязяў паміж дзвюма краінамі. Паведамляецца, што ў Доме Масквы пасля рэканструкцыі з'явяцца клубы журналістаў, палітолагаў і маладых дыпламатаў.

Калі гаворка заходзіць аб Каардынацыйным цэнтры расейскіх суайчыннікаў, у кадр трапляюць лідар кіраўнік аб'яднання «Русь маладая» Сяргей Лушч і былы віцебскі чыноўнік Андрэй Герашчанка, звольнены з дзяржслужбы за адмову прызнаваць незалежнасць Беларусі. У свой час Аляксандр Лукашэнка назваў яго дыверсантам.

Сюжэт выйшаў неўзабаве пасля скандалу, справакаванага інтэрв'ю Бабіча расейскаму агенцтву РИА Новости. У ім ён заявіў, што ўсе размовы пра пагрозу суверэнітэту Беларусі могуць быць выбарчай тэхналогіяй пад назвай «мабілізацыя электарату шляхам фармавання вобразу ворага».

Праз тыдзень МЗС Расеі даў ацэнку перапалцы паміж знешнепалітычным ведамствам Беларусі і Бабіча, выступіўшы са стрыманым каментаром.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках