27 красавiка 2024, Субота, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ціхая рэвалюцыя: як электрамабілі заваёўваюць свет

27
Ціхая рэвалюцыя: як электрамабілі заваёўваюць свет

На дарогах будучыні будуць дамінаваць электракары.

Ля абочыны прыпаркаваны аўтамабіль з доўгім зарадным кабелем, які цягнецца на другі паверх суседняга дома. Побач бясшумна праплывае электрамапед нацыянальнай паштовай службы. А пасярод вуліцы стаіць электрычны аўтобус, да якога падаспеў іншы, каб падзяліцца зарадам. У сталіцы Нарвегіі Осла такія сітуацыі ўжо сталі часткай паўсядзённага жыцця і не выклікаюць здзіўлення ў мінакоў, піша "Новое время".

«На электрычнасць пераходзіць грамадскі транспарт і дзяржаўныя службы, а прыватных электрамабіляў стала так шмат, што ім бракуе месцаў ля зарадных слупоў», — распавядае Таццяна Бандарэнка, 36‑гадовая ўкраінка, якая апошнія 14 гадоў жыве ў Нарвегіі. З 2013 года Бандарэнка водзіць электрамабіль.

Нарвегія — безумоўны сусветны лідар распаўсюду аўтамабіляў з электрарухавікамі. У 2018 годзе іх рэалізацыя дасягнула 40% ад агульнага аб'ёму аўтапрадаж у гэтай краіне. Для параўнання: наступная за ёй Ісландыя зафіксавала ўдвая меншы вынік, а трэцяя ў спісе Швэцыя, доля продажу электрамабіляў якой у пяць разоў ніжэйшая, канстатуюць экспэрты спецыялізаванага статыстычнага рэсурсу EV-volumes.

Усяго ў свеце ў 2018 годзе была прададзеная рэкордная колькасць электрамабіляў - блізу 2 млн, у выніку іх колькасць на дарогах планеты вырасла да 5,6 млн. Праўда, доля ў агульнасусветным аўтапарку павялічылася нязначна: на кожныя 250 машын з рухавіком унутранага згарання сёння прыпадае ўсяго адна, якая працуе на электрычнасці.

КРЫНІЦА: НВ
КРЫНІЦА: НВ

Тым часам экалагічныя праблемы і прагнозы кліматолагаў штурхаюць урады да дзеянняў. Так, Нарвегія да 2025 года мае намер цалкам спыніць продаж аўто з рухавікамі ўнутранага згарання. Данія, Ірландыя і Ізраіль разлічваюць закрыць рынак новых бензінавых і дызельных аўтамабіляў да 2030 года, Вялікая Брытанія - да 2040-га. Яшчэ праз дзесяць гадоў практычна кожны аўтамабіль, які калясіць па Злучаным Каралеўстве, не будзе даваць выхлапу, абяцаюць у брытанскім урадзе.

Яшчэ з 2017 года ў цэнтры Лондана дзейнічае спецыяльны падатак - 10 фунтаў стэрлінгаў для аўтамабіляў з высокім утрыманнем шкодных рэчываў у выхлапных газах. Дызельным аўтамабілям, старэйшым за 10 гадоў, забаронены ўезд у цэнтр нямецкага Гамбурга. Свае абмежаванні для старых дызельных аўто ўвялі і іншыя гарады бундэсрэспублікі: Штутгарт, Франкфурт, Берлін, Кёльн і Бон. Мэр дацкай сталіцы Капенгагена паабяцаў не пускаць у горад новыя дызельныя аўтамабілі ўжо сёлета. Тады як у Парыжы, Мадрыдзе, Рыме, Мехіка і Афінах маюць намер забараніць уезд усякага дызельнага транспарту да 2025 года.

Не адстаюць у папулярызацыі электрамабіляў і найбуйнейшыя рынкі. Так, на Кітай сёння прыпадае палова сусветнага аб'ёму продажаў электрамабіляў. Індыя разглядае перспектыву забараніць машыны на выкапнёвым гаручым да 2030-га, праўда, толькі ў выпадку даведзенай эканамічнай эфектыўнасці такога кроку. А ў ЗША аб звядзенні аўтамабільных выхлапаў да нуля да 2050 года заявілі восем штатаў уключна з Каліфорніяй.

«Усё больш гарадоў свету будуць выключаць усе альтэрнатывы электрамабілям», - канстатуе Пітэр Уэлс, прафесар Цэнтра даследаванняў аўтамабільнай індустрыі ў Кардыфскай бізнэс-школе. На ягоную думку, да 2025 года кошт электрамабіляў можа зраўняцца з коштамі бензінавых і дызельных аўтамабіляў, а абмежаванні ў далёкасці іх паездак ужо не будуць выклікаць такіх праблем, як сёння.

Льготы і квоты

Свой Nissan Leaf, адзін з першых электрамабіляў, якія з'явіліся ў Нарвегіі, жыхарка Осла Бандарэнка набыла яшчэ ў 2013 годзе. Памяняць бензінавы мікрааўтобус Volkswagen Caravelle на кампактны хэтчбек яе падштурхнула жаданне эканоміць.

«Я тады жыла на адным востраве, а працавала на іншым — распавядае ўкраінка. - За праезд па мосце трэба было плаціць, тады як электрамабілі праязджалі бясплатна». Праз шэсць гадоў яна ані не шкадуе аб сваім набыцці і ўпэўненая, што пад капотам яе наступнай машыны таксама будзе электрарухавік. Яна вывучыла і прыняла ўсе абмежаванні свайго аўто і цяпер хваліць яго за ціхую працу і хуткі набор хуткасці, экалагічнасць і эканамічнасць.

У Нарвегіі электрамабіль выгадна купляць і не менш выгадна ўтрымліваць. Так, за аўтамабілі з зарадкай не трэба плаціць падаткі на імпарт і дададзеную вартасць. У выніку, калі Volkswagen Golf з рухавіком унутранага згарання каштавацьме нарвежцу прыблізна 31 тысяч еўраў, з якіх 11 тысяч еўраў складуць падаткі і зборы, то цалкам электрычны e-Golf ён купіць за 27 тысяч еўраў. У эксплуатацыі электрамабіль таксама таннейшы за традыцыйныя аўтамабілі.

«Адна зарадка машыны, якая займае ад 8 да 12 гадзін, каштуе мне 19 крон», - распавядае Бандарэнка. На гэтым зарадзе яе Leaf праедзе 130 км.

Акрамя гаручага ўладальнікі традыцыйных і гібрыдных аўтамабіляў у Нарвегіі марнуюць грошы на паркоўку, пераправы на паромах, праезд па платных дарогах і мастах — паслугі, за якія з электрамабілістаў плату не бяруць. Фінансавыя бонусы і падатковыя льготы для аўтамабіляў з нулявымі выкідамі дзейнічаюць і ў іншых краінах Еўразвязу.

Стымулююць рынак электрамабіляў і ў Кітаі. З 2019 года ўрад увёў новыя патрабаванні да кампаній, якія прадаюць на мясцовым рынку больш за 30 тысяч аўтамабіляў за год. Машыны з гібрыднымі або электрычнымі рухавікамі павінны складаць мінімум 10% ад агульных продажаў, а з 2020 года — 12%. Паводле прагнозаў аналітычнага падраздзялення брытанскага часопіса The Economist, новыя правілы падымуць гадавыя продажы аўто на новых тыпах энэргіі ў Кітаі да 1,4 млн.

У 2018-м КНР ужо прадэманстравала найбольшы рост продажаў электрамабіляў у свеце: з 700 тысяч да 1,2 млн цяпер па кітайскіх дарогах калясіць 2,6 млн такіх машын — практычна палова сусветнага электрааўтапарку, падлічылі ў нямецкім цэнтры даследавання сонечнай энэргетыкі і вадародных тэхналогій (ZSW).

«Кітай лідаруе, дзякуючы палітычнаму курсу ўладаў, памеру ўнутранага рынку і забяспечанасці рэсурсамі», — адзначае Дэн Кофі, эканаміст, экспэрт сусветнай аўтамабільнай індустрыі з бізнэс-школы Універсітэта Лідса ў Вялікай Брытаніі.

Тым часам у Еўропе гадавыя продажы электрамабіляў не дацягваюць і да паловы кітайскіх. Паводле звестак EV-volumes, за мінулы год еўрапейцы зарэгістравалі 409 тысяч такіх новых машын.

А ў адсотках да традыцыйных яны склалі ўсяго 2%, дадаюць у Еўрапейскай асацыяцыі аўтавытворцаў (ACEA). Больш за палову зарэгістраваных - бензінавыя, 36% - дызельныя.

Зрэшты, з 2015 года доля продажаў дызельных аўтамабіляў у Францыі, Нямеччыне, Італіі, Гішпаніі і Вялікай Брытаніі знізілася на 8%, канстатуюць у міжнароднай Радзе экалагічна чыстага транспарту (ICCT). Сур'ёзным штуршком для гэтага паслужыў дызельны скандал, які разгарэўся вакол нямецкага аўтагіганта Volkswagen праз махінацыі з экалагічнымі тэстамі ў ЗША.

Менавіта экалогія стала ключавым стымулам для глабальнай папулярызацыі электрамабіляў. У 2016 годзе 197 краін падпісалі Парыжскае пагадненне аб клімаце, адзін з пунктаў якога мяркуе, што да 2040 года яны выведуць з рынку ўвесь транспарт з парніковымі газамі. Калі чалавецтва не адмовіцца ад выкапнёвага паліва, планету чакаюць незваротныя змены клімату і экалагічныя катаклізмы, папярэджваюць навукоўцы з усяго свету ў апублікаваным у кастрычніку 2018-га дакладзе глабальнае пацяпленне на ўзроўні 1,5 ºС.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках