28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актор і інжынэр, які марыў пра эўрапейскую незалежную Беларусь

1
Актор і інжынэр, які марыў пра эўрапейскую незалежную Беларусь

20 фактаў пра Часлава Родзевіча.

20 сакавіка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэньня беларускага тэатральнага і грамадзкага дзеяча Часлава Родзевіча. Актор і інжынэр, выкладчык і камісар, навуковец і грамадзкі дзеяч — у самых розных справах і сфэрах ён дасягаў посьпеху. Але ягоная мара пра эўрапейскую незалежную Беларусь загінула разам зь ім у бальшавіцкім засьценку, піша «Радыё Свабода».

1. Зь дзяцінства зьдзіўляў родных і сяброў выключнымі ведамі ў матэматыцы

Многія яго таварышы прыгадвалі, што Чаславу ня трэба было паўтараць канспэкт — любыя самыя складаныя матэматычныя правілы і задачы ён запамінаў зь першага разу, часам ягоныя веды перавышалі прафэсійны ўзровень настаўніка. Дапамагаў свайму малодшаму брату здаваць іспыты па матэматыцы і рашаў за яго ўсе задачкі[1].

Сям’я Часлава Родзевіча

2. Нарадзіўся ў польскамоўнай сямʼі, якая з павагай ставілася да беларускай культуры

На той час (канец ХІХ — пач. ХХ ст.) падобнае было даволі рэдкай зьявай. Прыгадаць хоць бы сямʼю Алаізы Пашкевіч, дзе маці агрэсіўна ставілася да беларускай мовы, ад чаго здараліся скандалы. Яркім прыкладам была і сямʼя Паўліны Мядзёлкі, дзе ізноў жа маці вельмі злавалася, калі яе дачка размаўляла на сваёй роднай мове.

Паводле ўспамінаў сястры Часлава Родзевіча Ядзьвігі, стаўленьне ў іхнай сямʼі да мовы і культуры было вельмі паважлівым і выбар сыноў (Часлава і Леапольда), скіраваны на адраджэньне беларушчыны, быў сустрэты бацькамі з разуменьнем.

3. Яго вельмі любілі студэнты

Зоська Верас ўспамінала: «Студэнты-беларусы [гаворка вядзецца пра пэрыяд 1918 г., калі Ч.Р. працаваў у Петраградзе ў Беларускім нацыянальным камісарыяц.е — В. Дэ Эм] лічылі Ч. Родзевіча чалавекам вялікай, шчырай душы, да якога заўсёды можна было зьвярнуцца з просьбай дапамагчы ці параіць у розных клопатах. Нават тыя, якіх узялі ў войска, ня трацілі зь ім кантакту — атрымоўвалі ад яго лісты».

Леапольд Родзевіч

4. Далучыў да беларускай нацыянальнай справы малодшага брата, які стаў выдатным драматургам

«...Калі Леапольд ва ўзросьце каля 16 год рабіў першыя крокі ў самастойнае жыцьцё, Часлаў, старэйшы брат, быў яго галоўнай матэрыяльнай і ня толькі матэрыяльнай падпорай. Кажучы словамі Ірыны Родзевіч: «...Часлаў вывеў Леапольда ў людзі... Пры баку Часлава Леапольд упершыню пазнаёміўся і сам увайшоў у вір адраджэнскага руху /.../ Дзякуючы Чаславу першым месцам, дзе праводзіў свабодны час у Вільні, былі групы, зьвязаныя з тэатрам і сам тэатар І. Буйніцкага».

5. Быў адным з найлепшых танцораў у трупе Ігната Буйніцкага

Паводле Аляксандры Бэргман, акрамя любові да матэматыкі, захапляўся і тэатрам. Асабліва любіў танцы. У трупе Буйніцкага быў адным з найлепшых танцораў, ведаў шмат народных танцаў, якія выконваў бездакорна.

Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. 1910 год

Дзякуючы харэаграфічнаму майстэрству некаторыя мясцовыя эстэты-гледачы лічылі, што трупа Буйніцкага магла б стварыць добрую канкурэнцыю харэаграфічным калектывам Эўропы: «У першым радзе красаваўся сам павятовы спраўнік Штрыкер /.../. Спраўніку вельмі спадабаліся беларускія танцы, і ён у клюбе сур’ёзна запэўніваў, што «такія танцы ня сорамна паказаць нават у Баварыі».

6. У яго была закаханая будучая жонка Янкі Купалы

Уладзіслава Францаўна была ўдзельніцай тэатру Буйніцкага. Яна танцавала ў адной пары з Чаславам Родзевічам і закахалася ў яго зь першага позірку.

Па ўспамінах Паўліны Мядзёлкі, Уладзіслава Луцэвіч трызьніла толькі Чэсем, марыла быць толькі зь ім, хацела за яго замуж, але ў выніку... стала жонкай Янкі Купалы, чым зьдзівіла ўсіх сваіх сяброў.

7. Пасьля сьмерці Ігната Буйніцкага прапагандаваў ягоную тэатральную эстэтыку і выкладаў харэаграфію, танцы і плястыку ў стылі свайго настаўніка

І. Буйніцкі з дочкамі Вандай (зьлева) і Аленай

Пра гэта згадвае Зьмітрок Бядуля: «Ён сам у... 1921 г. вучыў беларускіх танцаў нашу вучнёўскую моладзь у „Беларускай хаце“ ў Менску».

8. Зоська Верас адмаўлялася верыць, што Часлаў і Леапольд Родзевічы супрацоўнічалі з Ігнатам Буйніцкім

Зоська Верас у лістах да знаёмых і ў артыкулах выказвала сумнеў у гэтым вядомым факце, бо ні ад кога са сваіх паплечнікаў і знаёмых, якія добра ведалі Родзевіча, ня чула пра тое, што Часлаў быў танцорам у Буйніцкага.

Зоська Верас у 80-я гады. Здымак Сяргея Панізьніка

9. Маці радавалася, што Часлаў добра ўладкаваўся пры савецкай уладзе, і засмучалася, што падобнай удачы ня меў яе малодшы сын Леапольд

У 1920-я гады Часлаў жыў у савецкім Менску і займаў пасаду навуковага сакратара сельскагаспадарчай сэкцыі пры Інбелкульце. Меў добрыя грошы і кватэру. Маці не магла на яго нарадавацца і папікала за нядбальства Леапольда. Лічыла, што ён не ашчаджае грошы.

10. Для Леапольда Родзевіча брат Часлаў быў адзіным у сьвеце чалавекам, якому ён мог давяраць

Леапольд Родзевіч у 1920-ыя гады працаваў на КПЗБ, выконваў сакрэтныя даручэньні, часта тайна бываў у Менску. Спыняўся нязьменна ў старэйшага брата, у якога абедаў, атрымліваў грашовую дапамогу, паведамляў пра свае тайны і быў адзіным чалавекам, перад якім мог раскрыць душу.

11. Калі памерла маці, Чэаслаў адмовіўся ад яе спадчыны і ўсё перадаў дзяржаве

Мамы ня стала (жыла ў фальварку Курʼянаўшчына) у 1929 годзе. Часлаў паехаў на пахаваньне і перадаў мясцовай уладзе яе дом, сад і ўсю гаспадарку. А бацьку і сястру забраў у Менск.

Сястра Ядзьвіга Родзевіч

12. Часлаў хацеў уладкаваць жыцьцё сваёй сястры Ядзьвігі і вельмі бедаваў, што яму гэтага не ўдалося

Сястра была прыгожая, эфэктная, але мела дастаткова ўпарты і непрыступны характар, які адпужваў патэнцыйных кавалераў. Часлаў наўмысна запрасіў яе ў трупу Ігната Буйніцкага, каб яна там змагла псыхалягічна разьняволіцца, але ж у сястры так і «ня склаліся прыватныя справы, і ўсё сваё жыцьцё правяла яна пры баку сям’і Часлава».

13. Марыў сабраць пад адным дахам усю сваю шматлікую сямʼю, каб клапаціцца пра яе

Для Часлава Родзевіча сямʼя — гэта было сьвятое. Лічыў, што ён у адказе за брата, сястру ды іншых родзічаў. Пабудаваў для сябе ў Менску на Камароўцы вялікі дом, каб кожны там адчуваў сябе ўтульна. Заробак у Інбелкульце, а таксама праца інжынэра ў Народным камісарыяце земляробства БССР цалкам пакрывалі ўсе выдаткі.

14. У першыя гады бальшавіцкага перавароту заснаваў у Петраградзе арганізацыю, якая актыўна прапагандавала адраджэньне беларускай тэатральнай культуры

Быў адным зь першых на той час, хто актыўна прапагандаваў беларускі тэатар жыхарам Петраграду:

«28 лютага 1918 году адбыўся ўстаноўчы сход беларусаў, што жылі ў Петраградзе; ініцыятарам гэтага сходу быў Часлаў Родзевіч, які падрабязна расказаў прысутным, для якой мэты ствараецца гэтая арганізацыя, пра выбары савету, пра статут Таварыства, пра мэты і задачы яго. На гэтым сходзе быў зацьверджаны статут Таварыства, а таксама выбраны савет Таварыства».

«1 сакавіка 1918 г. у Петраградзе пачала выдавацца газэта «Дзяньніца» — першая савецкая газэта на беларускай мове /.../. На чацьвёртай старонцы першага нумара газэты зьмешчана абвестка: «У Петраградзе сярод беларусаў доўга жыла думка аб згуртаваньні гуртка штукарства, але ўсё не хапала людзей, якія ўзялі б культурную справу ў свае рукі. Пад канец т. Ч. Родзевіч забраў гэта на сябе і гурток беларускага нацыянальнага штукарства пачаў жыць. На днях адбудзецца ўстаноўчы сход гуртка. Запіс прымаецца на Знаменскай, 36, кв. 54, ад 11 да 3 гадзіны».

15. Падчас «ваеннага камунізму» дамогся, каб яго Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства ў Петраградзе не абкладалася падаткамі

«Усе тэатральныя ўстановы таго часу абкладваліся ваенным падаткам. Савет Таварыства [у асобе Часлава Родзевіча] зьвярнуўся ў Камісарыят 2-га Ліцейнага падраёну з просьбай вызваліць ад такога падатку зборы са спэктакляў. І падатак быў зьняты».

16. Калі ў Беларусі адкрываліся новыя беларускія тэатры, то Часлаў Родзевіч абавязкова ставіў ім у прыклад тэатар Буйніцкага, які лічыў эталённым і па-эўрапейску дасканалым

На адкрыцьці БДТ-2 у Віцебку Родзевіч сказаў: «Сёньня, калі мы ўрачыста сьвяткуем адкрыцьцё Беларускага другога дзяржаўнага тэатра, нельга прайсьці міма, ня ўспомніўшы таго, хто сваім энтузіязмам стварыў першую драматычную грамаду — сапраўднага бацьку Беларускага тэатра Ігната Буйніцкага.

Першая беларуская вечарынка ў Вільні. 1910 год. Скан фота з факсымільнага выданьня «Нашай Нівы». Выпуск 3. 1910 год

Ён быў першы з тых, які ўзяўся за адраджэньне беларускага тэатра, ён быў тым піянэрам, які вывучаў і другіх вучыў беларускім народным танцам, ён быў першым, хто вывеў беларускі народны танец зь беднай сярмяжнай хаты на сцэну, на відоўню шырокіх мас, паставіўшы беларускую „Лявоніху“ побач з вальсамі і мазуркамі. /.../ Дык няхай жа БДТ-2, які распачынае працу на дарозе, працярэбленай Вялікім Кастрычнікам, возьме прыклад з Буйніцкага...».

17. Лічыў што новая генэрацыя беларусаў павінна сумяшчаць аналітычны, матэматычны склад мысьленьня і гарачую паэтычную натуру

Сваіх дачок выхоўваў у падобным духу, заяўляючы ім, што сам «зьяўляецца інжынэрам-будаўніком, а ў глыбіні сэрца — інтэлектуалістам у поўным значэньні гэтага слова, які вышэй за ўсё цэніць тэатар і музыку». Марыў, каб яны захоўвалі падобную «залатую сярэдзіну», любы ж перакос лічыў заганным і прычынай таго, чаму беларусы ня могуць вырвацца з абдымкаў няўдачы».

Рэклямная абвестка ў газэце «Вольны сьцяг» (1920, № 2), дзе абʼяўлялася пра выхад кнігі Часлава Родзевіча «Курс прыродазнаўства»

18. Аніводная зь ягоных задуманых і ўжо падрыхтаваных да друку кніг так і ня выйшла ў сьвет

«Вельмі шкада, што не зьбярогся асабісты архіў Ч. Родзевіча. Сёньня можна толькі здагадвацца, што магло б у ім знаходзіцца. У 1925 годзе часопіс „Полымя“ (№ 4) паведамляў, што здаецца ў друк зборнік „Беларускае мастацтва“. Сярод аўтараў зборніка, які так і ня ўбачыў сьвету, пазначаны і Ч. Родзевіч. Што сталася з рукапісам пра „нацыянальныя скокі“, нічога невядома. Няма зьвестак і пра лёс ягоных „Песень з нотамі“ і „Курсу прыродазнаўства“, якія меўся выдаваць Наркамасьветы БССР („Вольны сьцяг“, 1920, № 2; 1922, № 1)».

19. Лёс Часлава Родзевіча невядомы

«Арыштаваны ОГПУ БССР 18 ліпеня 1930 г. i паводле пастановы Калегіі ОГПУ БССР ад 10 красавiка 1931 году /... / высланы ў Саратаў тэрмінам на 5 гадоў. Зьвестак пра яго далейшы лёс няма. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 г. Вярхоўным судом БССР»[9].

Апошні здымак Часлава Родзевіча, зроблены ў сталінскай вязьніцы

20. Застаюцца спрэчнымі даты, калі ён быў рэпрэсаваны

Афіцыйна лічыцца, што Часлава Родзевіча арыштавалі ў ліпені 1930 году, але паводле ўспамінаў яго сястры Ядзьвігі, брат быў арыштаваны «у 1933 годзе і разам сямʼёй высланы на Волгу ў Саратаў».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках