6 траўня 2024, панядзелак, 16:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рымантас Янкаўскас: З дакладнасцю 95% можам пацвердзіць, што адны з парэшткаў належаць Каліноўскаму

Рымантас Янкаўскас: З дакладнасцю 95% можам пацвердзіць, што адны з парэшткаў належаць Каліноўскаму

Пра гэта заявіў прафесар кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэта.

У ліпені 2017-га падчас раскопак на гары Гедыміна ў Вільні былі знойдзеныя парэшткі 20 чалавек. Нядаўна даследчыкі Віленскага ўніверсітэта прыйшлі да канчатковай высновы, што сярод іх ёсць і парэшткі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў.

- Паводле нашай грубай ацэнкі, з дакладнасцю 95 адсоткаў мы можам пацвердзіць, што адны з гэтых парэшткаў належаць Кастусю Каліноўскаму, - распавёў tut.by прафесар кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэта Рымантас Янкаўскас.

Сваю ацэнку даследчыкі называюць грубай, бо астанкі Каліноўскага не праходзілі генетычную экспертызу. Прычына ў тым, што ў паўстанца не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, якія маглі б здаць матэрыял для параўнання.

Да высновы, што гэта парэшткі менавіта Кастуся Каліноўскага, даследчыкі прыйшлі метадам выключэння ўсіх астатніх, а таксама з дапамогай супастаўлення ўзросту, спосабу пакарання, а таксама параўнання чэрапа і фатаграфіі. Для гэтага навукоўцы правялі падрабязныя даследаванні ўсіх астатніх парэшткаў. Іх вынікі прафесар называе максімальна дакладнымі.

- Не супадаў альбо ўзрост, альбо спосаб пакарання. Каліноўскі, напрыклад, быў павешаны, а трапляліся парэшткі расстраляных з раненнямі ў вобласці грудной клеткі. Некалькі чалавек ідэнтыфікаваныя генетычным аналізам. У тым ліку па матэрыялах сваякоў, пахаванні якіх ёсць на могілках у Вільні. Для гэтага было праведзена чатыры эксгумацыі і ўзятыя пробы. Мы не спяшаліся з высновамі, пакуль не былі даследаваны ўсе астатнія. Цяпер мы маем звесткі па кожнаму.

Да канчатковых высноў даследчыкі прыйшлі 2-3 тыдні таму, калі атрымалі апошнія звесткі генетычнага аналізу. Не выяўлены толькі парэшткі яшчэ аднаго паўстанца - Станіслава Ішоры.

- У нас ёсць генетычныя звесткі яго двух нашчадкаў па мужчынскай лініі, якія жывуць у Літве і Польшчы. Яны ўказваюць, што ні адны з гэтых 20 астанкаў не належаць яму. Такім чынам, не стае толькі Станіслава Ішоры.

Адзін чалавек ужо быў ідэнтыфікаваны яшчэ да Каліноўскага. Ён быў пахаваны асобна ад астатніх. На яго правай руцэ археолагі знайшлі залаты пярсцёнак. На ўнутраным баку было напісана: «Zygmunt Apolonija 11 Sierpnia/30 Lipca 1862 r.». Зігмунд Серакоўскі, адзін з лідараў паўстання 1863 года, быў жанаты з Аполона Далеўскай. Таму была зробленая выснова: гэтыя парэшткі, хутчэй за ўсё, належаць менавіта яму. Ідэнтыфікацыя Серакоўскага павялічвала імавернасць таго, што недалёка ад яго быў пахаваны яго паплечнік Каліноўскі.

Цяпер усе астанкі захоўваюцца на факультэце медыцыны Віленскага ўніверсітэта. Пазней яны будуць перададзеныя дзяржаўнай камісіі, а затым пахаваныя ў капліцы на віленскіх могілках Расу. Адбудзецца гэта пасля таго, як у капліцы скончыцца рэстаўрацыя.

Кастусь Каліноўскі - легендарны кіраўнік паўстання 1863 года на тэрыторыі Беларусі. У 26-гадовым узросце быў пакараны ў Вільні на Лукішскім пляцы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках