7 траўня 2024, aўторак, 0:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пад прыкрыццём Воршы ў Беларусі могуць закрыць 100% ІП»

7
«Пад прыкрыццём Воршы ў Беларусі могуць закрыць 100% ІП»
ФОТА: BYMEDIA.NET

Праект указа аб Падатковым кодэксе хвалюе беларускі бізнэс.

Пакуль праект указа Лукашэнкі аб рэалізацыі Падатковага кодэкса праходзіць узгадненне ў органах дзяржаўнага кіравання, бізнэс-звязы ставяць пытанне - як будуць працаваць новыя нормы, накшталт вядомай замены ўказу №488 артыкулам 33 Падатковага кодэкса, і што ўласна прадугледжвае «рэалізацыя» Кодэкса, паведамляе tut.by

«Перад прыняццем новага Падатковага кодэкса гаварылася пра тое, што Кодэкс павінен быць без адсылачных нормаў. Дакумент дырэктыўнага дзеяння - інакш бізнэсу даводзіцца ўвесь час сачыць за ўсімі зменамі, і ўсё адно здараюцца і штрафы, і крах у працы. І вось ужо распрацаваны праект указа, дзе ў абгрунтаванні гаворыцца пра неабходнасць надзялення дадатковымі паўнамоцтвамі Саўміна і «асобных органаў дзяржаўнага кіравання», - кажа дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч. - І слова «асобных» тут ключавое - важна разумець, каго яшчэ будуць надзяляць такімі паўнамоцтвамі».

Экспэрт адзначыў, што ёсць асцярогі, што «пад прыкрыццём Воршы», а праект дакумента тычыцца і пытанняў гэтага рэгіёну, будуць прынятыя і значна больш прынцыповыя змены.

Сапраўды, першым пунктам праекта дакумента агаворваюцца ўмовы пераходу арганізацый і ІП Аршанскага раёна на спрошчаную сістэму падаткаабкладання і выкарыстання яе на ўмовах Падатковага кодэкса і ўказу Лукашэнкі № 506 аб развіцці Аршанскага раёна.

Праектам дакумента таксама прадугледжана, што Саўмін будзе ўсталёўваць парадак перадачы таварна-транспартных накладных ў выглядзе электроннага дакумента, а таксама іншых дакументаў, якія пацвярджаюць перасоўванне тавараў пры ўзаемным гандлі ў ЕАЭС. Пры гэтым Мінфін з МПЗ, Нацыянальнай акадэміяй навук на ўзгадненне з ААЦ устанаўліваюць патрабаванні да фармату таварна-транспартных і таварных накладных у выглядзе электронных дакументаў.

Плануецца таксама карэктаванне ўказу №222 аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці. Выключаецца пункт, якім ІП-плацельшчыкі адзінага падатку пры ажыццяўленні раздробнага гандлю забяспечвалі наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё тавару, яго куплю за наяўны разлік.

«Падатковы кодэкс прадугледжвае два тыпы дакументаў, якія пацвярджаюць выдаткі - электронныя дакументы, і іншыя дакументы, дзе ёсць рэквізіты. Але праект гэтага ўказа пазбаўляе права падаваць іншыя дакументы на папяровым носьбіце. Праект прадугледжвае абавязковае электроннае дакументаабарачэнне, пры гэтым відавочна, што расейскія контрагенты да такога кроку не гатовыя. Электроннае дакументаабарачэнне - складаная сістэма, і для беларускіх ІП гэта проста закрыццё з імавернасцю блізкай да 100 адсоткаў. Працаваць яны не змогуць», - канстатаваў Анатоль Змітровіч.

«Зноў атрымліваецца, што прынялі Падатковы кодэкс у такім выглядзе, што без дадатковага ўказа ён не працуе, патрэбныя дадатковыя паўнамоцтвы Саўміна. Гэта свайго кшталту першая ластаўка - зацвердзіць легальнасць і неабходнасць ручнога кіравання. Сістэма не можа без адсылачных нормаў», - рэзюмаваў суразмоўца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках