20 красавiка 2024, Субота, 10:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы не хочуць есці сыр з цвіллю

74
Беларусы не хочуць есці сыр з цвіллю

Беларускі «Camembert» адправіў Лёзненскага вытворцу ў мінус.

У Лёзненскім вытворчым цэху ААТ «Малако» 12 сакавіка прайшоў сход калектыву з удзелам генеральнага дырэктара галаўнога прадпрыемства Міхаіла Пінчука. Нагодай для яго паслужыла тое, што за 2018 год і за студзень-люты 2019 цэх сышоў у вялікі мінус рэнтабельнасці, піша vitebsk.cc.

Яшчэ ў 2017 годзе рэнтабельнасць цэха складала амаль 9 адсоткаў. За год ён выпусціў больш за 400 000 тон сыру, а палову вырабленага ў Лёзне «Сулугуні» прадавалі ў Расеі.

У 2018 годзе наважылі наладзіць у Лёзне вытворчасць сыроў, якія спеюць пры ўдзеле белай цвілі - тыпу «Camembert». А выпуск «Сулугуні» перанеслі ў Шуміліна, туды ж адвезлі і тэхналагічную лінію для яго выпуску. На закупку тэхналагічнай лініі для выпуску сыру з цвіллю ААТ «Малако» выдаткавалі 4 000 000 еўраў.

- Нам жа ніхто не даў дакладнага рэцэпту, таму шукалі інфармацыю ў інтэрнэце, эксперыментавалі, спрабавалі тое, што атрымалася, і не заўсёды радаваліся выніку. Аналізавалі, што не так, і зноў пачыналі спачатку, - распавядае пра цяжкасці выпуску лёзненскага «Camembert» дырэктар філіяла Сяргей Красоўскі.

Зрэшты, калі сыр здолелі зрабіць, паўстала праблема з тым, каму яго прадаваць – жыхары Лёзна есці сыр з цвіллю адмовіліся наадрэз.

- Каб прывучыць іх есці сыр з цвіллю, патрэбныя не месяцы, якія ён у нас рабіўся, а, напэўна, гады. Тое ж самае, без сумневу, можна сказаць і пра большасць беларусаў. Каб выйсці на расейскі рынак, больш лаяльны да такога прадукту, таксама патрабуецца час, - скардзіцца выданню Красоўскі.

У выніку ў Лёзна вярнулі выпрацоўку «Сулугуні», але ўжо былі страчаныя напрацаваныя за ранейшыя гады рынкі збыту. Атрымаўшы адмову раз-другі мэнэджары рытэйлераў выкраслілі лёзненскі завод са сваіх кантактаў.

- Так што цэх да канца 2018 года апынуўся ў наступнай сітуацыі: ранейшая вытворчасць сур'ёзна скарацілася, новая не разгарнулася. У выніку стратнымі тыпамі прадукцыі сталі і «Сулугуні», і «Camembert». Вядома, агульныя эканамічныя паказчыкі прадпрыемства ў такім становішчы проста не маглі быць станоўчымі, - падводзіць сумны вынік дырэктар цэха.

Пасля сходу вызначылі ўсё ж развіваць вытворчасць абодвух прадуктаў, але асноўным зноў стане «Сулугуні», «Camembert» ж выступіць як тавар другога плана і будзе гатавацца ў асобным памяшканні, якое яшчэ трэба абсталяваць.

Прадпрыемству пастаўленая задача зноў напрацаваць рынкі збыту для «Сулугуні» і вярнуць ранейшыя аб'ёмы. Бо пакуль не атрымліваецца нават дасягнуць паловы 2017 года. У выніку частку работнікаў цэха давялося адправіць у чарговыя адпачынкі.

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках