19 красавiка 2024, Пятніца, 20:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія заробкі: гісторыя, якую не пакажуць па БТ

75
Беларускія заробкі: гісторыя, якую не пакажуць па БТ
АНЭЛЯ КАМБАЛАВА
ФОТА: FACEBOOK

Шчыры аповяд жыхаркі Баранавічаў.

Усім нам вядомы анекдот «хачу жыць у Беларусі, якую паказваюць на БТ». Сапраўды, прапагандысты з дзяржаўных СМІ замоўчваюць гісторыі з жыцця простых беларусаў. Сярод казак пра «сярэдні заробак $500» няма месца расповедам пра жабрацкія пенсіі, працу за ежу, працоўную эміграцыю, якая стала беларускай рэальнасцю.

Жыхарка Баранавічаў Анэля Камбалава распавяла сайту Сharter97.org гісторыю, якую дакладна не пакажуць па БТ.

- У мяне была добрая праца ў Баранавічах, я працавала ў менскай фірме, якая займаецца продажам падшыпнікаў. Але затым на працу прыйшоў штраф за ўдзел у акцыі «Народны сход» у 2011 годзе. Мне проста сказалі, што палітыка і праца несумяшчальныя. Давялося звольніцца.

Я нядрэнна зарабляла, таму жадання ісці на горшую працу не было. Адзін час я перабівалася нейкімі часовымі падпрацоўкамі і культурнымі праектамі, але ўсё гэта скончылася.

Пачаліся пошукі працы. Высветлілася, што ў маім узросце не так проста працаўладкавацца. Часцяком мяне проста не хацелі нікуды браць менавіта з гэтай прычыны. Можна сказаць, што я сутыкнулася з узроставай дыскрымінацыяй.

Ды і што ўжо крывіць душой, заробкі ў нас нізкія. Ну не цікава мне працаваць за $100. Заплаціў за кватэру, за электраэнэргію, ваду - і грошай няма. Вось такія ў нашай краіне заробкі.

- Які вы знайшлі выхад з сітуацыі, якая сітуацыя?

- Я разважыла, што лепш буду ездзіць к Польшчу на паўгода і працаваць там, чым перабівацца за капейкі ў Беларусі. Таксама я займаюся рамеснай дзейнасцю, атрымліваю невялікі прыбытак ад гэтага хобі. Але вы самі выдатна разумееце, што сёння людзі большую ўвагу звяртаюць на першасныя патрэбы, чым на беларускія сувеніры. Магчыма, калі займацца рэкламай, то можна неяк пражыць, займаючыся сваёй справай. Але ў маленькім горадзе гэта практычна немагчыма.

- Як адрозніваюцца заробкі ў Польшчы і Беларусі?

- Гэта проста немагчыма параўноўваць. Неба і зямля. У Польшчы чалавек без адукацыі, без навыкаў, звычайная прыбіральшчыца, зарабляе не толькі на нейкія бытавыя патрэбы, але можа сабе дазволіць, да прыкладу, адпачынак на моры.

У нас заробак $500 разглядаецца як мяжа летуценняў, а ў Польшчы некваліфікаваныя работнікі атрымліваюць больш. Калі чалавек старанна працуе - да яго адразу іншае стаўленне. Гэта адбіваецца і на заробку.

Нягледзячы на тое, што я працую за мяжой 180 дзён, гэтых грошай стае, каб жыць у Беларусі наступныя паўгода. Нават на падарункі для дзяцей грошы застаюцца.

Польшча дае розныя магчымасці для легалізацыі замежных работнікаў. Усё для таго, каб людзі не адчувалі сябе рабамі сістэмы.

Бо нізкія заробкі ў нашай краіне - толькі адзін бок медаля. У Беларусі ўсіх прымушаюць выпісваць дзяржаўную прэсу, усяляк імкнуцца кантраляваць размовы. Гэта стыль кіравання нашых уладаў. Мне распавядалі выпадак, калі чалавек прыйшоў на працу з газетай «Народная воля» і начальства адразу ж пачало задаваць дурныя пытанні: «А што гэта ў вас там, што вы там чытаеце». Атрымліваецца, што беларускія ўлады баяцца нават газет. Дзяржава спрабуе не толькі залезці ў кішэні беларусаў, але і ў галовы. Кантраляваць думкі, учынкі людзей. Вы ж самі пісалі пра выпадак, калі ў навучэнцаў патрабавалі паролі ад старонак у сацыяльных сетках. Я як маці ніколі не патрабавала ад сваіх дзяцей паролі ад ноўтбука і тэлефона. У людзей павінна быць асабістая прастора. Гэта проста зневажальна.

- Якія настроі ў людзей у рэгіёнах?

- Дастаткова пастаяць на аўтобусным прыпынку і адразу стане ясна, што думаюць людзі. Просты чалавек адчувае сябе падманутым, ён вельмі злы на ўладу. Людзі круцяцца як могуць: у кагосьці ёсць свой агарод, камусьці дапамагаюць бабулі і дзядулі. Пра пенсіі я наогул маўчу. Сёння добрыя пенсіі атрымліваюць толькі вайскоўцы і міліцыянты.

У снежні ўлады рапартавалі аб тым, што дасягнуты сярэдні заробак на $500. Хачу вам сказаць, што я ў Баранавічах нікога не ведаю, хто зарабляў бы такія грошы. Так, ёсць прыватныя прадпрымальнікі, але на дзяржаўнай працы такіх грошай не атрымаеш.

Калі казаць пра заробкі, то ў Баранавічах людзі атрымліваюць $150. І гэта лічыцца добрым заробкам. Асабліва цяжка маладым спецыялістам. Калі дасведчаным работнікам накідваюць нейкія капейкі за стаж, то маладыя не могуць на гэта разлічваць.

Сярод маіх знаёмых вельмі многія шукаюць шчасця за мяжой. Калі раней ездзілі на працу ў Расею, то сёння выбіраюць краіны ЕЗ. Пераважна- Польшчу. Ёсць знаёмыя, якія ездзяць на заробкі ва Украіну.

Уладам трэба сур'ёзна задумацца, бо Беларусь ператвараецца ў краіну пенсіянераў. Усё часцей маладыя людзі з'язджаюць з краіны. Калі людзі галасуюць нагамі - гэта трывожны званочак для ўсяго нашага ўрада.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках