29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у выбарах я нікому не аддам

46
Мікалай Статкевіч: Сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у выбарах я нікому не аддам
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Лукашэнка баіцца ўдзелу ў выбарах лідара апазіцыі.

Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» заявіў лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.

Charter97.org прыводзіць стэнаграму эфіру.

- Выбары не за гарамі, і апазіцыя ўжо пачала актыўна рыхтавацца. Як дэмакратычныя кандыдаты плануюць абараняць Беларусь перад Крамлём? Што робяць беларусы, калі чуюць згадкі пра дыктатара? На гэтыя пытанні падчас прэс-канферэнцыі адказвалі прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Прапануем паслухаць аднаго з удзельнікаў сустрэчы, экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

- Абараняем незалежнасць сёння мы з вамі, абараняюць незалежнасць беларусы, абараняе незалежнасць плошча. Плошча-2001, Плошча-2006, Плошча-2010, 2011 год, 2017-ы і 2018-ы, калі людзі 25 сакавіка выйшлі пад дубінкі.

Нашу незалежнасць абаранялі нават да Пуціна. Тут прысутнічае Зміцер Бандарэнка, які выходзіў пад дубінкі ўжо ў 1996 годзе і ў 1998-м, калі падпісваліся дамовы з Расеяй. Людзі перакрывалі праспект і гэта спрацоўвала. Тады прэзідэнтам Расеі быў Ельцын, сёння патрэбныя больш рашучыя дзеянні. Як можна назваць гандаль за падтрымку рэжыму ў Крамлі і Сочы «абаронай незалежнасці»? Гэта гандаль, які дае дывідэнды крымінальнікам ва ўладзе. Вось і ўсё.

- У нас у студыі два іншыя экс-кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч. Вы заявілі, што цяпер дэмакратычныя сілы могуць узначаліць Беларусь. Скажыце, у 2010 годзе такой сітуацыі не назіралася?

Мікалай Статкевіч: у 2010 годзе шмат чаго не назіралася. У тым ліку не было такой драматычнай сітуацыі і з незалежнымі мас-медыямі. Таму я хачу пачаць нашу сённяшнюю сустрэчу са слоў падзякі і захаплення мужнасцю журналістаў «Белсата» і «Хартыі'97», якія абараняюць незалежнае беларускае інфармацыйнае поле. Якія супрацьстаяць і Маскве, і спробам маніпуляцыі з боку рэжыму. Цяпер сітуацыя, на жаль, драматычная.

Мы бачым, як калісьці незалежныя выданні становяцца рэтранслятарамі пазіцыі рэжыму. Фактычна падпарадкоўваюцца камандам сваіх куратараў, калі канкрэтныя прозвішчы не называюцца, пэўным людзям слова проста не даецца.

Сёння вы паказвалі матэрыялы з прэс-канферэнцыі, нам далі магчымасць сказаць проста, «Хартыя'97» арганізавала гэтую сустрэчу. І я са здзіўленнем заходжу ў інтэрнэт на сайт «Радыё Свабода» і там са спасылкай на «Еўрарадыё» абсалютна неправераная інфармацыя аб тым, што я, як кандыдат у прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, ужо гатовы саступіць нейкаму кандыдату ад правацэнтрысцкай кааліцыі праз нейкую судзімасць. Гэта свядомая маніпуляцыя.

Я звяртаюся да кіраўніцтва «Радыё Свабода» і «Еўрарадыё». Я разумею вашу сітуацыю, што патрэбны офіс, што заробкі трэба атрымліваць паводле беларускіх маштабаў зусім немаленькія. І каб за гэта не патрапіць у такую сітуацыю, у якую трапіў Алесь Бяляцкі з Генадзем Фядынічам і Ігарам Комлікам. Я ўсё разумею, але ў вас іншая місія. І калі вы займаецеся ўжо свядомай маніпуляцыяй незалежнага грамадства, выкарыстоўваючы свой папярэдні аўтарытэт, вашых папярэднікаў, якія дзесяцігоддзямі неслі слова свабоды ў Беларусь (гэта я пра «Радыё Свабода»)...

Вы бессаромныя людзі. Я разумею, што ў вас ёсць апраўданні. Кожны чалавек, якую б гадасць не рабіў, калі даносчык стукае - ён знаходзіць сабе апраўданне. Цяпер апраўданне знайсці лёгка: «Мы дапамагаем Лукашэнку, бо ён гарант незалежнасці». Прыплылі!

Цяпер я спадзяюся, што вы рэтранслюеце маю наўпроставую пазіцыю. Я самы аўтарытэтны цяпер палітык у краіне, у тым ліку дзякуючы вылучэнню ад БНК і таму, што калегі склалі свае рэйтынгі, у некаторай ступені свой аўтарытэт. Я самы рэйтынгавы беларускі апазіцыйны палітык. Нават цяпер, без усялякіх выбараў, без усялякай раскруткі я гатовы на сумленных выбарах перамагчы Лукашэнку. І я не збіраюся сваё і канстытуцыйнае, і маральнае права на ўдзел у гэтых выбарах камусьці аддаваць і проста так саступаць! І я, і тыя людзі, сотні тысяч, мільёны, якія мяне падтрымліваюць. Мы за гэта права будзем змагацца!

Яшчэ я звяртаюся да Лукашэнкі. Калі ты такі круты, такі адказны патрыёт, з такім вялікім аўтарытэтам у беларускім грамадстве і так баішся за чамусьці далікатную нашу дзяржаву... 25 гадоў будаваў і нешта крохкае пабудаваў? Калі ты баішся за гэтую далікатнасць і хочаш, каб усё было стабільна, то здымай сваю судзімасць. Я не буду казаць, хто тут сапраўдны злачынец. І давай сустрэнемся на сумленных выбарах. Гэта маё пасланне да Лукашэнкі. Я спадзяюся, што «Радыё Свабода» на гэты раз усё ж мае сапраўдныя словы перадасць.

- Вы сказалі, што ў Беларусі два варыянты: або рэвалюцыя, або анэксія. І Лукашэнка абярэ апошні. А можа, ёсць нейкі іншы кампрамісны варыянт?

Уладзімір Някляеў: не, кампрамісу на сёння няма. На нашай прэс-канферэнцыі перш за ўсё гаварылася пра гэтую пагрозу. Ужо фонам ішло, хто там будзе кандыдатам і як гэта ўсё будзе выбудоўвацца. Але чамусьці цікавасць праяўляецца не да лёсавызначальнага пытання: ці застанёмся мы як краіна, як дзяржава?

Фактычна, Беларусь ужо сёння прадаецца з малатка. Тры дні ў Сочы і два дні ў Крамлі - нават у мяне няма столькі часу, каб выдаткаваць на катанне на каньках і лыжах - ішла гаворка толькі аб адным: аб здачы Беларусі Маскве. Таму ўсе маўчаць. Усе казачнікі, як з дзяржаўных СМІ, так і казачнікі з таго атачэння, якое можна аднесці да незалежнага, імкнуцца супакоіць: «Ды нічога не будзе! А калі будзе, то ў нас жа ёсць кіраўнік дзяржавы, адзіны гарант!»

Слухайце, абсалютна рэальная пагроза! Мы гэта ведаем і пра гэта ўвесь час заяўляем. Рэальная пагроза, якую кіраўнік краіны, гэты самы «гарант», сустракае лежачы! Лежачы пад грузам той палітыкі, якую ён праводзіць усе гады, якія знаходзіцца пры ўладзе. І мы шукаем варыянты, як гэтага пазбегнуць. Калі нам кажуць: «Вы спрабавалі ў 2010 годзе гэта зрабіць, а нехта яшчэ і раней. Дык чаму вы хочаце паўтарыць гэта?» Мы не хочам паўтараць ніякага пабоішча. Мы кажам: дайце нам аднолькавыя ўмовы на гэтых выбарах. А навошта нам патрэбныя роўныя ўмовы? Таксама наўпрост адкажам: каб адхіліць ад улады цяперашні палітычны рэжым, які і стварыў умовы для анэксіі Беларусі.

Толькі зварот да грамадства, толькі інфармацыя пра рэальнае становішча рэчаў і актывізацыя палітычнай актыўнасці падштурхнулі нас да ўдзелу ў гэтых выбарах. Калі мы гэтага не зробім, не выканаем місію патрыятычных сіл у Беларусі, краіны не будзе. І тады мы будзем зноў чакаць, можа, стагоддзі пакуль не зменіцца сітуацыя ў Расеі, якая нам дасць яшчэ адну магчымасць здабыць гэтую самую незалежнасць. Надзеі на тое, што рэжым У Расеі цяпер абрынецца, што мы ўсё гэта, як падарунак, атрымаем, у мяне няма, бо я не бачу ніякіх аб'ектыўных прычын для таго, каб Расеі найбліжэйшым часам не стала. Ды я і не хачу, каб яе не стала. Нам наканавана жыць побач. І мы павінны ім данесці, што мы ў сэнсе народа, у сэнсе дзяржавы роўныя, а не нейкія «малодшыя браты», з якімі можна гуляць, як з дзецьмі.

- Вы сказалі, што ў 2015 годзе прайшлі ганебныя выбары. Кандыдаты былі на падтанцоўцы. Сёлета вы бераце ініцыятыву ў свае рукі. А што вы адкажаце сваім крытыкам, якія скажуць: «Вы таксама падтанцоўваеце»?

Мікалай Статкевіч: у 2010 годзе хто-небудзь сказаў, што была падтанцоўка? Вось адказ на ваш пытанне.

Уладзімір Някляеў: у 2015 годзе мы не бралі ўдзелу ў выбарах, спадзеючыся на тое, што дэмакратычная апазіцыя ўзважыць сітуацыю. Але і досвед 2010 года, і досвед 2015 года, а самае галоўнае - імклівае змяненне сітуацыі - прымусілі нас прыняць гэтую пастановку.

Сёння для таго, каб супрацьстаяць гэтай небяспецы, я гатовы аб'ядноўвацца з кім заўгодна. Скажам, у нас з «Хартыяй» доўгі час былі напружаныя стасункі. З Саннікавым у мяне апошняя супольная прэс-канферэнцыя была 8 гадоў таму. Але калі ты займаешся палітыкай і твае мэты датычацца лёсу краіны, у якой ты жывеш, ты павінен пераступіць праз асабістае. Калі ты не ў стане гэта зрабіць, не займайся лепш палітыкай.

Я не збіраюся на гэтых выбарах нікога заклікаць ні з таго лагера, ні з гэтага. Нікога не крытыкаваць. Проста рабіць сваю справу. Персанальна я ні да каго не маю прэтэнзій і не збіраюся агітаваць іх уступаць у Беларускі нацыянальны кангрэс, хоць умова нашай падтрымкі кожнага іншага кандыдата палягае ў тым, што ён сябра БНК.

- Ці ёсць шанец, што будзе адзіны кандыдат?

Уладзімір Някляеў: як толькі беларусы сцямяць, што ёсць рэальная пагроза страты Радзімы, вы не даведаецеся гэтых людзей. Калі няма чаго баяцца, калі цябе супакойваюць, казкі распавядаюць - ты і будзеш, як дзіця, спаць за печкай.

- А ці ёсць наогул які-небудзь шанец перамагчы, калі фактычна няма выбараў у краіне?

Мікалай Статкевіч: безумоўна, выбараў няма. Але ёсць унікальная сітуацыя. Унікальнасць гэтай сітуацыі ў адной дрэннай і адной добрай рэчы. Дрэнная рэч у тым, што Масква наважыла закрываць стратны філіял. Для нас гэта пагроза, і яна канкрэтная. Масква ўжо не адчапіцца ад Лукашэнкі. Будзе прыціскаць павольна. Або рэвалюцыя, або анэксія. Ён нікуды не дзенецца, будзе паступова здавацца.

Але ёсць адна новая унікальная станоўчая рэч. Яна палягае ў тым, што беларускае грамадства саспела для пераменаў. 80% (гэта вынікі сацыялагічных апытанняў) хочуць пераменаў. Пераважная большасць беларусаў ненавідзіць Лукашэнку. Людзі хочуць незалежнасці. Гэта тыя рэчы, на якіх можна ствараць і кансалідаваць пратэстную большасць. І хто гэта пратэстную большасць кансалідуе, павядзе за сабой, не толькі на выбары, той і зменіць сітуацыю ў краіне. Мы бачым у гэтай ролі Беларускі нацыянальны кангрэс, бо больш ніхто і не прэтэндуе на гэтую ролю.

- Ці ёсць шанец мірных пераменаў у Беларусі?

Мікалай Статкевіч: Ёсць.

Уладзімір Някляеў: Ёсць. Вы не далі дагаварыць. Я абдымуся нават з чортам, каб захавалася Беларусь. Але чорт павінен сказаць, што ён чорт і сказаць, якія за ім грахі. Тады ў мяне не будзе маральнай праблемы з падтрымкай тых людзей, якія мяркуюць, што можна аб'яднацца на сённяшні дзень з уладай для чагосьці большага. Але для гэта ўлада павінна прызнаць, што менавіта палітыка Лукашэнкі прывяла да таго, што мы сёння маем. 3%, паводле даследавання, гэта не так мала. Гэта людзі, гатовыя абараняць нашу краіну са зброяй у руках.

Мікалай Статкевіч: Уладзімір Пракопавіч, не 3%, а 18%.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках