16 красавiка 2024, aўторак, 13:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці быў Усяслаў Полацкі «Чарадзеем»?

7
Ці быў Усяслаў Полацкі «Чарадзеем»?
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Топ-5 фактаў пра князя-легенду.

Медыявіст і археолаг Генадзь Семянчук, які калісьці стаў ахвярай «чысткі прафесараў «у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце ў часы Сямёна Шапіры, прачытаў у Гародні адкрытую лекцыю аб міфе «Старажытнай Русі». Пры гэтым спыніўся на асобе Усяслава Полацкага, якога называюць «Чарадзеем».

Са слоў Семенчука, Усяслаў Полацкі - асоба незаслужана дэманізаваная і прыніжаная спачатку кіеўскімі летапісцамі, а затым расейскімі і савецкімі гісторыкамі. Ад праваслаўных летапісцаў ён атрымаў вобраз крыважэрнага язычніка, звязанага з дэманічнымі сіламі, а ад расейскіх навуковых шавіністаў – вобраз бежанца або канфліктнага сепаратыста, які не хацеў рабіцца часткай адзінай «рускай» дзяржавы з цэнтрам у Кіеве, паведамляе «Белсат».

Ці трэба ўсяму гэтаму верыць? Ці варта слепа пераказваць сведчанні з летапісаў, якія пісаліся на заказ кіеўскіх князёў? Чаму Усяслаў Полацкі сапраўды можа ўважацца за выбітнага харызматычнага палітыка, які не раз зблытаў карты суседзям і апанентам? Вось некаторыя тэзісы Генадзя Мікалаевіча.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Князь-Воўк

У 1065 годзе Усяслаў нападае на Пскоў, зімой 1066-67-га спусташае Ноўгарад Вялікі, у тым ліку здымае званы з Наўгародскай Сафіі. Гэта і стала падставай для стварэння дэманічнага вобраза князя, такога сабе «злога вампіра». Адсюль і правакацыйныя чуткі, маўляў, Усяслаў нарадзіўся «ад валхавання», а на галаве меў пры нараджэнні мяшочак, які насіў пад шапкай да канца сваіх дзён, як параілі ягонай маме вешчуны-язычнікі.

Загадкавасць неардынарнай асобы Усяслава для тагачасных жыхароў Кіева, Ноўгарада, Чарнігава неўзабаве зрабіла яго героем казак і былін. Там ён быў ужо вешчуном, ваўком, пярэваратнем, прадстаўніком цёмных сіл прыроды і т .д. Усё гэта - чорны піяр, прапаганда апанентаў разам з банальнымі народнымі тлумачэннямі нетыповых паводзін харызматычнага палітыка.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Верыў у саюзныя дамовы і «сілу крыжа»

У самым пачатку сваёй кар'еры Усяслаў ладзіў з кіеўскімі Яраславічамі, разам яны нават хадзілі ў паходы супраць прадстаўнікоў стэпаў у 1060-м. потым нешта пайшло не так, пачалася 20-гадовая канфрантацыя з сынамі і ўнукамі Яраслава. Прычынай можа быць паход кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча на народ Сасолаў, якія жылі ў Эстоніі – што ў Полацку зразумелі як пагрозу... Усяслаў у адказ спусташае Пскоў і Ноўгарад, а Ізяслаў ідзе паходам на Менск – тая самая Бітва на Нямізе 1067-га года.

Пасля бітвы Ізяслаў прапануе Усяславу сустрэцца і паклясціся на крыжы, што ўсё будзе мірна і спакойна. Здарылася па-іншаму: Усяслава з сынамі бяруць у палон, вязуць у Кіеў і саджаюць там у паруб. Гэты момант – парушэнне «цалавання крыжа» – робіць Усяслава аўтарытэтам нават для аўтара «Аповесці часовых гадоў». Усе наступныя падзеі - беды Яраславічаў, палітычны крызіс, міжусобіцы - падаюцца ў летапісах як вынік парушэння важнай дамовы, змацаванай «моцай крыжа».

ФОТА: «БЕЛСАТ»

«Майдан-1068» і «залаты батон» Ізяслава

Са школьных падручнікаў мы ведаем эпізод, як кіяне вызвалілі Усяслава з калодзежа і запрасілі на княжанне. Чаму так здарылася? Ізяслаў не змог абараніць сваю сталіцу ад нападу полаўцаў, не падаў кіянам зброю і коней. Таму вымушаны быў бегчы ад раз'юшаных гараджан у Полацк. Кіяне разрабавалі двор князя, дзе знайшлі «мноства золата і срэбра». Усяслава ж вызвалілі і абвясцілі князем.

Што гэта значыла ў больш шырокім гістарычным сэнсе? За 200 гадоў (ад смерці Яраслава у 1054-м да мангольскага прыгнёту ў 1230-40-я) Усяслаў быў адзіным князем, які заняў кіеўскі пасад, не маючы ніякага дачынення да роду Яраславічаў, то бок – парушыў дынастычную лінію. Гэта быў менавіта «палітычны пераварот» (як піша піцерскі даследчык Фраянаў), а не таемная закулісная змова, падзея ўнікальная!

«Скрадзеная» перамога Усяслава

Перыяд княжання Усяслава ў Кіеве летапісцамі наогул ніяк не адзначаны - быццам і не было нічога. Разам з тым, праз два месяцы пасля перамогі полаўцаў над Яраславічамі вясной 1068 года (праз што кіяне і прагналі Ізяслава), яны ладзяць новы паход - на Чарнігаўшчыну. 1 лістапада аб'яднаныя княжацкія войскі перамаглі полаўцаў, узяўшы ў палон іх правадыра.

Аўтар летапісу XII стагоддзя свядома замоўчвае імя «архітэктара» перамогі - Усяслава. А на першы план выходзіць Святаслаў Яраславіч Чарнігаўскі. Зразумела, што апошні без Усяслава не змог бы сабраць патрэбнае войска (інакш, чаму не рабіў так раней?), гэта значыць, арганізацыяй абароны займаўся як раз кіеўскі князь. Такім чынам, Усяслаў выканаў перад кіянамі абяцанне - абараніў ад полаўцаў.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Эмігрант з мячом у руцэ

Наступныя падзеі сведчаць аб тым, што кіеўскі пасад Усяслаў заняў не «вераломна», на ўласнае жаданне, а сілай абставінаў. Калі ў 1069 годзе Ізяслаў вяртаецца з Польшчы разам з сіламі Баляслава Адважнага, Усяслаў з'язджае ў Полацк - не жадаючы бойні, ён не абараняе горад. Усё, што хацеў, ён зрабіў: выйшаў на волю, пасварыў Яраславічаў, узмацніў пазіцыі свайго княства.

У тым жа годзе помслівы Ізяслаў ідзе на Полацк, выганяе нашага Усяслава і пакідае там свайго сына. Усяслаў не мае належных сіл, каб абараняцца, уцякае ў Прыбалтыку, дзе становіцца эмігрантам...але ўжо восенню на чале фінскага паганскага племя водзь бярэ ў аблогу Ноўгарад! Паход быў няўдалы, Усяслаў зноў трапляе ў палон. І, дзіўна, князь Глеб адпускае яго на волю, магчыма, каб насаліць свайму дзядзьку Ізяславу ў Кіеве.

Такім чынам, Усяслаў Полацкі быў самым паспяховым і актыўным змагаром супраць стварэння адзінай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве, якую сталінскія гісторыкі і называюць «старажытнарускай дзяржавай». Таму Усяслаў – князь незалежны, князь-легенда, а для ворагаў – князь-ваўкалак.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках