29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзень пры дні сітуацыя з ягонай свядомасцю і справамі ў краіне пагаршаецца»

165
«Дзень пры дні сітуацыя з ягонай свядомасцю і справамі ў краіне пагаршаецца»

Лукашэнка канчаткова страціў сувязь з рэальнасцю.

На нарадзе аб пытаннях адукацыі 1 лютага Лукашэнка раскрытыкаваў праграмы матэматыкі ды біялогіі.

На думку дыктатара, Беларусі не трэба столькі матэматыкаў, а матэматычныя веды павінны быць рэдкасцю, а не ўсеагульным здабыткам.

«Яшчэ раз паўтараю: матэматык - гэта рэдкасць. Давайце рыхтаваць матэматыкаў дзесьці на факультатыве, але ў асноўным у ВНУ (а не ў школе – рэд.)», - заявіў правадыр.

Таксама Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў Мінадукацыі, каб у школах менш грунтоўна вывучалася біялогія.

Замест гэтага правадыр заявіў аб неабходнасці павялічыць колькасць урокаў працы і фізкультуры.

Чаму ў эпоху лічбавай эканомікі і інфарматызацыі найважнейшых працэсаў у грамадстве матэматыка раптам апынулася ў няласцы ў дыктатара?

На пытанні Charter97.org адказвае настаўніца са шматгадовым стажам, каардынатарка аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» з Віцебска Таццяна Севярынец:

- Я чула гэты выступ Лукашэнкі. Магу сказаць, што мы назіралі чарговы ўсплёск бессістэмных і няпэўных эмоцый, якія не маюць нічога агульнага з аналізам школьнай праграмы.

Лукашэнка вельмі непрафесійны ў кожнай са сфер, якімі ён спрабуе займацца. Думаю, у гэтым выпадку ён кіраваўся тым, што пачуў пра школьную праграму ад свайго сына Міколкі. І рознага кшталту суб'ектыўныя ўражанні выдаў за «аналіз праблемы».

Мы ўжо праходзілі гэта, калі дыктатар заявіў, што школьнікам даводзіцца занадта рана ўставаць. І, як і ў тым выпадку, міністр адукацыі Ігар Карпенка паслухмяна бярэ пад казырок. Таму, хоць і было абяцана, што ў нас ніякіх «рэформаў» адукацыі праводзіцца не будзе, нашу школу чакаюць вельмі «вясёлыя» часы.

Ведаеце, нашы навукоўцы і метадысты і так не паспяваюць распрацаваць адэкватную свайму часу школьную праграму. Таму што ад Лукашэнкі ўвесь час зыходзяць супярэчлівыя сігналы. У выніку мы маем поўны дыдактычны і метадычны хаос.

Дыктатар забывае простую праўду: пірагі павінен выпякаць пекар, боты шыць шавец, а пралетар «займацца не кіраваннем краінай, а сваёй першаснай справай, чысткай стайняў» (цытата з «Сабачага сэрца» М. А. Булгакава – рэд.).

У нас жа адбываецца ўсё з дакладнасцю ды наадварот. Чалавек, які ўявіў сабе, што ён і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц, але які не мае нават «зялёнага» ўяўленняў аб сістэме адукацыі і працы настаўніка, пачынае публічна разважаць на гэтыя тэмы.

Калі я, настаўніца з 36-гадовым стажам, якая пабачыла ўсякія пертурбацыі на сваім веку, пачула словы Лукашэнкі аб матэматыцы і біялогіі, я зразумела: праблема прагрэсуе і дзень пры дні сітуацыя з ягонай свядомасцю і справамі ў краіне пагаршаецца.

- А як ідуць справы напраўду ў сістэме адукацыі?

- Прыкладна гэтак жа паскудна, як і на нарадзе аб яе пытаннях 1 лютага. Падручнікі кепскія, многія напісаныя з грубымі фактычнымі і граматычнымі памылкамі. Хутчэй за ўсё, яны ўхваляліся без належнай вычыткі.

У праграме пануе эклектыка. На маю думку, акурат матэматыка і мовы павінны быць асновай выкладання ў школе. А астатнія прадметы павінны засвойвацца ў адпаведнасці са здольнасцямі і схільнасцямі кожнага канкрэтнага вучня.

Але замест гэтага Лукашэнка аддае перавагу несціся, на злом галавы, па «саўковым» бездаражы. Нашу сістэму адукацыі кідае на выбоінах з боку ў бок, у залежнасці ад таго, з якім настроем дыктатар прыйшоў на нараду. Школа ператвараецца ў нейкую папсовую забаву для аднаго чалавека. Хутка атрымаецца, што вучням давядзецца чытаць кніжкі ў кароткіх перапынках паміж заняткамі рознымі тыпамі спорту.

Пра матывацыю і заробкі настаўнікаў я нават не хачу казаць: прыбіральшчыца ў выканкаме атрымлівае больш.

- Як Лукашэнка з такімі падыходамі да адукацыі і нелюбові да матэматыкі збіраецца ствараць ІТ-эканоміку, пра што ён неаднаразова заяўляў?

- А ён і не ведае, што такое ІТ-эканоміка. Ён проста вызубрыў пару модных тэрмінаў і фарсіць імі, каб паказаць сваю «сучаснасць».

Але нічога сучаснага ў ім няма: Лукашэнка ўжо ўвесь пакрыўся нафталінам і страціў сувязь з рэальнасцю. Ягоныя развагі пра матэматыку - самы свежы таму прыклад.

І гэты безнадзейна састарэлы чалавек яшчэ і збіраецца ўдзельнічаць у «выбарах» на наступны тэрмін. Думаю, трэба быць вар'ятам, каб успрымаць сур'ёзна яго самога, ягоныя словы, ягоныя «пражэкты».

Ніякай «ІТ-краіны» Лукашэнка не стварае - ён спрабуе будаваць вялікі калгас. Замест таго, каб сесці назад за школьную лаву і вывучыць досвед краін, дзе паспяхова развіваецца эканоміка, дыктатар ідзе сваім тупіковым шляхам.

Усё, да чаго датыкаецца гэты чалавек, ператвараецца ў выродлівую карыкатуру. Як гаворыцца: «усё, што робіць дурань, усё ён робіць не так». Той жа вынік будзе і ў праекта пад назвай «ІТ-эканоміка».

- А ці трэба павялічваць колькасць урокаў працы і фізкультуры, як гэтага запатрабаваў Лукашэнка?

- Ведаеце, у наш час было 2 гадзіны працы на тыдзень - падвоены ўрок, які ставіўся на адзін з дзень. І гэтага было дастаткова.

Дзякуючы гэтаму я цяпер умею паправіць разетку, зрабіць нейкую патрэбную ў гаспадарцы рэч з дрэва, выпілоўваць лобзікам, працаваць пілой, раскроіць, пашыць адзенне, зварыць той жа самы знакаміты боршч.

І для гэтага дастаткова дзвюх гадзін на тыдзень. Таму, калі цяпер у сярэдняй школе пакінулі адну гадзіну працы, а наўзамен ў старэйшых ўводзяць шэсць гадзін на тыдзень – гэта абсурдны шлях, які сябе не апраўдвае. Школьнікаў проста на цэлы дзень адрываюць ад нармальнага працэсу навучання. Гэта ўсё пустое. Пустое марнаванне грошай і часу - і для школьнікаў, і для настаўнікаў.

- Аўстрыйскі пісьменнік Аўгуст Кубічак, успамінаючы біяграфію Гітлера, адзначае, што ў будучага дыктатара і вайсковага злачынцы кепска было з матэматыкай і натуральнымі навукамі. Як думаеце, гэта проста супадзенне?

- Я думаю, што ў дыктатараў ёсць агульныя праблемы са свядомасцю і псіхікай. А матэматыка і біялогія – гэта ўжо другаснае.

Хоць, як казала мая мама, якая мела ўнікальныя матэматычныя здольнасці, матэматыка - гэта царыца навук. Дзякуючы ёй я, хоць і з'яўляюся чыстым гуманітарыем, люблю і разумею логіку і матэматыку.

Для яснасці мыслення чалавек павінен паважаць матэматыку і цікавіцца ёй. Матэматыка прыводзіць у парадак мазгі. Але калі шэрага рэчыва няма - што можна прывесці ў парадак?

- Як дасведчаная настаўніца – як бы вы ацанілі дзейнасць Лукашэнкі?

- Выразнае, катэгарычнае «нездавальняюча» без права пераздачы. За ўвесь гэты час ён канчаткова давёў сваю прафнепрыдатнасць. Ягоная рыторыка адштурхвае ўжо нават тых, хто раней лічыў яго «натуральным» і «народным».

Столькі абяцанняў электарату было хлуснёй, што чарговая тырада – няхай гэта будзе на тэму адукацыі, палітыкі ці эканомікі – раздражняе ўжо і тых, хто калісьці за яго галасаваў.

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас [email protected]

Напісаць каментар 165

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках