22 красавiка 2019, панядзелак, 18:17
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Папярэджанне чальцам «дармаедскіх камісій»

132
Мікалай Статкевіч
ФОТА: AP

Іх прозвішчы вядомыя, а антыканстытуцыйныя дзеянні запратакаляваныя.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч апублікаваў зварот да сябраў «дармаедскіх» камісій, назваўшы іх дзеянні незаконнымі:

- Глупства і жаданне дагадзіць начальству не вызваляюць ад адказнасці. Нагадваю гэта чальцам незаконных «дармаедскіх» камісій.

Нішто не дае вам права груба парушаць канстытуцыйныя правы грамадзян і прымушаць іх да працы на вашага гаспадара за мізэрныя заробкі.

Нішто не дае вам права касаваць роўнасць людзей перад законам і ставіць у няроўныя ўмовы ў аплаце жылля тых, каго ваша ўлада не змагла забяспечыць годным працоўным месцам.

Тым больш, нішто не дае вам права прысвойваць сабе паўнамоцтвы суда і самавольна пазбаўляць людзей свабоды, адпраўляючы іх у ЛПП.

Вашыя прозвішчы вядомыя, а дзеянні ў парушэнні Канстытуцыі запратакаляваныя. Канец панавання вашага гаспадара набліжаецца.

Тады ніякія спасылкі на яго антыканстытуцыйны «дэкрэт» не выратуюць вас ад судовых пазоваў тысяч людзей, якіх вы прынізілі нічым не абгрунтаванай неабходнасцю апраўдвацца перад вамі. Многіх з якіх вы яшчэ і абабралі, самавольна павялічыўшы ім аплату за жыллё.

Паведамляю таксама, што пазасудовае пазбаўленне волі ўваходзіць у пералік злачынстваў, якія падпадаюць пад дзеянне артыкула КК РБ «Злачынства супраць чалавецтва».

Успамінайце пра ўсё гэта, калі з важнасцю будзеце разглядаць лёсы людзей на сваіх «камісіях». І не кажаце потым, што вас ніхто не папярэдзіў, што вы чыніце злачынства.