24 красавiка 2024, Серада, 9:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выклік для кожнага

48
Выклік для кожнага
Андрэй Саннікаў

Ці праўда, што беларускія праграмісты самыя разумныя?

Ніяк не магу зразумець, каму, акрамя невялікі злачыннай групкі, выгадны гэты рэжым? І які сэнс яго падтрымліваць?

Злачынцы ва ўладзе, чынячы беззаконне, разумеюць, што іх сіла - у кругавой паруцы.

Але чаму ў іх ёсць памагатыя?

Чаму яны не саромеюцца апраўдваць злачынствы? І гэта ў той час, калі градус нянавісці да рэжыму ў грамадстве прыкметна падвышаецца, а неадэкватнасць Лукашэнкі ўжо нават ягонае атачэнне перастае хаваць?

Чаму расце колькасць завербаваных, якія не саромеюцца быць завербаванымі? Чаму на адрас рэальнай апазіцыі раздаецца ўлюлюканне?

Рэжым менавіта гэтаму і вучыць: не супраціўляўся, падпарадкоўвайся, і будзе табе аграшчасце пад нашым кіраўніцтвам.

"Усіх вучылі. Але навошта ж ты апынуўся першым вучнем, скаціна гэтакая?"

Чаму гэтая рэпліка з "Цмока" Яўгена Шварца зноў стала актуальнай?

Не разумею выгаду гэтых "першых вучняў". Самі ж жывуць у той брыдоце, якую дапамагаюць ствараць. Я маю на ўвазе тых, хто і да кармушкі не дапушчаны, і відавочна менш за 30 срэбранікаў атрымлівае.

Прыстойнасць чалавека вызначаецца ў тым ліку і ягоным стаўленнем да тыраніі.

Недзе там, далёка ў мінулым засталіся многія чырвоныя лініі, якія не варта было пераходзіць ніколі, нікому з нас.

Гэта заўсёды адбываецца амаль незаўважна, ці здаецца, што непрыкметна. Абцякальныя куты, мяккія фарбы для нягоднікаў, і вось ужо глядзіш - карціна жыцця іншая. Яна ўжо разыходзіцца з рэчаіснасцю, але так спрытна словы падабраныя, што не адразу і заўважыш.

А самае страшнае - гэтая лакаванне ўжо прыкметна разыходзіцца з паняццем аб прыстойнасці. Прыстойнасць - таксама тавар назапатрабаваны. Ды і хто будзе яе мераць? І ў якіх адзінках?

Можна ж не ў лоб, а на паўтонах, з падтэкстам.

Ну, надакучыла ўжо чуць пра арышты, пратэсты, міліцэйскі гвалт. Ніякай інтрыгі, нават прозвішчы амаль заўсёды адны і тыя ж. Ёсць жа і іншае жыццё. Еўравізія, напрыклад. Еўрагульні ізноў жа. Трэба ж быць аб'ектыўным.

Вось гэтая самая "аб'ектыўнасць", пазбаўленая прыстойнасці, прывяла да таго, што нерукапаціскальныя сталі героямі, а з герояў зрабілі гэтакіх недарэк.

Яны сваімі забароненымі выбрыкамі сталі перашкаджаць панаванню ў нас аграспакою.

Затое нягоднікі на ўсю моц вучаць нас жыць.

У нейкі момант нежаданне супраціўляцца подласці перайшло ў перагляд каштоўнасцяў. Не палітычных пераваг, а базавых каштоўнасцяў, асновы таго, што называюць прыстойнасцю.

Здрада, даносы, апраўданне злачынстваў і злачынцаў стала нормай, значыць нармалёвасць такой нормай быць перастала.

І зноў пытанне: а ў чым карысць ці хаця б выгада?

Хай нават для тых, хто зарабляе або атрымлівае добрыя грошы?

Умовай гэтага аграрнага дабрабыту з'яўляецца адсутнасць свабоды, безумоўная паслухмянасць і ўдзел у злачынствах.

Нас, праўда, увесь час спрабуюць пераканаць, што ва ўмовах дыктатуры можна цалкам сабе камфортна жыць, нават займацца бізнэсам. Усіх тых, хто асабліва пераканаўча прапагандаваў добры бізнэс-клімат за Лукашэнкам ужо паспелі абабраць і пасадзіць.

Цяпер рэжым паспяхова гадуе новых бараноў на забой, падкормлівае іх сакавітымі законамі, утрымлівае ў спецыяльным вальеры-гета пад назвай "парк высокіх тэхналогій". Гэтыя новыя крыніцы валютных паступленняў у асабістыя кішэні кіроўнай групоўкі называюцца IT-галіной.

Хтосьці своечасова паведаміў наверх, што ў гэтым сектары круцяцца шалёныя вялізныя грошы, а ў Беларусі працуюць самыя геніяльныя праграмісты. І што хутчэй трэба ўсёй краінай майніць біткойны пад кіраўніцтвам правадыра.

Логіка рэжыму простая і непахісная: даць папасвіцца праграмістам у вальеры, дазволіць нагуляць тлушч, а потым каго пастрыгчы, а каго і забіць.

Логіка геніяў-праграмістаў таксама зразумелая: мы ж самыя разумныя ў гэтай балотнай дзяржаве. Трошкі падтрымаем уладу, каб нас не чапала. Лезці ў палітыку не будзем, і нас чапаць не стануць.

Толькі канец гэтай гісторыі будзе прадказальна сумным. У збанкрутаванай дзяржаве вельмі хутка ўзнікне патрэба ў новых грошах і самай натуральнай крыніцай іх паступлення стане акурат той самы IT-сэктар ды яшчэ і ў сукупнасці з банкаўскай біткойнавай галіной. Хто ж міма такога пройдзе?

Але будуць жа трываць, дамаўляцца, пакорліва пасунуцца ў "Амерыканку", цешачы сябе думкай пра "скарбонку" дзесьці ў афшоры.

Нашы праграмісты сапраўды сусветнага ўзроўню, калі не вышэйшыя.

І што, пакорлівасць, падпарадкаванне дрымучай уладзе - гэта ўсё на што яны здольныя ў нашым соцыуме?

Вось Google, напрыклад, даведаўся пра тое, што ў Венесуэле Мадура блакуе непажаданыя сайты і засеў за працу, каб гэтую праблему развязаць і дапамагчы апазіцыі. З'явіўся дадатак Intra, які дазваляе і блакаванне абыходзіць, і звесткі карыстальніка шыфраваць. Гэта было год таму. Сёння Венесуэла вось-вось пазбавіцца ад Мадуры, сябра Лукашэнкі і ягонага брата па духу.

Нешта не было чуваць такіх прапаноў ад нашых праграмістаў, калі заблакавалі Хартыю.

Ды што там Хартыю, найбуйнейшыя кампаніі для распрацоўкі праграмнага абсталявання, прапісаныя ў Беларусі, і працуюць на замежных заказчыкаў, маглі б дапамагчы сабе, а заадно і сваёй краіне, прапанаваўшы праграмныя, тэхнічныя развязанні прадухілення фальсіфікацый выбараў, замераў рэальнага стаўлення да рэжыму.

У Расеі ўся гэтая галіна працуе на тое, каб паскудзіць: зрываць і фальсіфікаваць выбары ў іншых краінах, займацца цкаваннем прыстойных людзей, укідваць фэйкі. Упэўнены, што там змагаліся і беларускія праграмісты. Але ж усе гэтыя тэхналогіі могуць працаваць і ў адваротным кірунку. Чаму б не паспрабаваць такі рэверс у Беларусі?

Яны ж сапраўды адны з найлепшых у свеце, нашы праграмісты, да таго ж вельмі добра разумеюць у пытаннях бяспекі карыстальнікаў. Маглі б для пачатку паказаць з дапамогай бяспечных апытанняў, што людзі напраўду думаюць пра гэтую ўладу.

Або возьмем кампанію з Беларусі, якая ўвесь свет прымусіла гуляць у танкі. Крэатыў, дакладнасць дэталяў, драматычныя сюжэты - усё ў гэтых гульнях файна. Чаму б не наважыцца і не згуляць ўсур'ёз у сумленныя выбары ў Беларусі? Выкарыстаць свае мазгі, свой досвед, свае тэхналогіі для вызвалення сваёй краіны?

Я неяк даўно, яшчэ ў савецкія часы назіраў у вёсцы за трыма хлопцамі, якія спаборнічалі, хто далей плюне. Сядзелі яны на пахілай лаве каля сельпо, вельмі падобныя адзін да аднаго: бясформенныя шэрыя штаны з нейкай сінтэтыкі, растаптаныя кірзавыя боты, зашмальцаваныя фланелевыя кашулі і ўстойлівы пах шматдзённай неахайнасці. Дзень быў гарачы, сельпо закрытае. Хлопцы стараліся, рохкалі носам, каб сабраць больш сліны, і смачна плявалі перад сабой. Пасля кожнага пляўка яны рагаталі і адпускалі незразумелыя старонняму жартачкі. Больш за ўсё мяне ўразіў той факт, што сельпо было закрытае. Ім не патрэбная была гарэлка! Бессэнсоўнасць ап'яняла іх больш, чым алкаголь.

Існы ў Беларусі рэжым - гэта выклік, які невуцтва кінула адукаванасці.

Гэта не толькі палітычны выклік. Магчыма, нават зусім не палітычны. Гэта інтэлектуальны, эстэтычны, тэхналагічны, маральны выклік, які трэба ўсвядоміць і на які трэба адказаць усім разам. І кожнаму з нас.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках