29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Вайскоўцы пагарджаюць Лукашэнкам

84
Яўген Афнагель: Вайскоўцы пагарджаюць Лукашэнкам

Беларускія жаўнеры і афіцэры з павагай ставяцца да сумленных і смелых людзей.

23 лютага, згодна з савецкай традыцыяй, Лукашэнка і ягоны генералітэт уважаюць за "Дзень абаронцы Айчыны".

Напярэдадні, 22 лютага дыктатар сустрэўся з курсантамі Вайсковай акадэміі. Падчас сустрэчы Лукашэнка звярнуўся да гісторыі і заявіў, што беларусы былі "парубкамі ў ВКЛ". Акрамя таго, дыктатар заявіў, што "Расея не касавала ўмову аб РСМД", і паабяцаў агульны з РФ адказ, калі ЗША размесцяць ракеты ў Еўропе.

Ці можна казаць пра тое, што Лукашэнка ўцягвае Беларусь у ядзернае супрацьстаянне Расеі з астатнім светам, і ці гатовыя беларускія вайскоўцы выконваць такія загады дыктатара? На пытанні Charter97.org адказвае каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель.

- Давайце пачнём з светапоглядных пытанняў. Адкуль у Лукашэнкі такая непрыязнасць да ВКЛ? Бо многія беларусы разглядаюць гэты перыяд за залатое стагоддзе нашай гісторыі і дзяржаўнасці.

- Лукашэнка з самага пачатку свайго панавання паводзіўся ў Беларусі як прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі. Усе ягоныя ўчынкі і словы трэба ўспрымаць як дзеянні "дачасніка". Грэбаванне нашай гісторыяй, мовай, традыцыямі і сімваламі абумоўленае логікай звычайнага каланіяльнага чыноўніка, якому няма патрэбы асацыяваць сябе з тэрыторыяй і народам, якімі ён кіруе. Такіх было шмат у нашай гісторыі апошніх двух стагоддзяў. Вось толькі іх імёнаў ужо ніхто не памятае.

У гэтым, дарэчы, слабасць беларускай дыктатуры. Такія рэжымы ў іншых краінах імкнуліся падкрэсліць сваю сувязь з народам, абапіраліся на гераічныя прыклады гісторыі. Лукашэнка ж адарваны не толькі ад мінуўшчыны беларусаў, але і ад таго, чым яны жывуць сёння. Ён не заўважыў таго моманту, калі калгасны савецкі палітрук, які ваюе са спадчынай ВКЛ і нашымі старажытным сімваламі, апынуўся ў меншасці, у апазіцыі маладому і нават сярэдняму пакаленню.

- Вы гісторык з адукацыі. Якія даты, імёны і падзеі, на Вашу думку, маюць асацыявацца ў беларускіх вайскоўцаў з нашай вайсковай славай?

- Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і падпадала пад напады часцей, чым шмат якія іншыя краіны кантынента. Цягам стагоддзяў нашы продкі абаранялі сваю свабоду, перамагалі ворагаў, якія перасягалі іх і колькасцю, і магчымасцямі. У нашай гісторыі шмат дат, якімі можна ганарыцца. Гэта і перамога на Сініх водах у 1362 годзе, калі войскі ВКЛ разбілі татарскае войска і пачалі вызваленне Усходняй Еўропы ад ардынскага прыгнёту, і Грунвальдская бітва 1410 года - адна з найбуйнейшых бітваў сярэднявечча.

Так выйшла, што больш за ўсё ў сваёй гісторыі беларусам давялося змагаліся за незалежнасць ад усходняга суседа. Тут можна ўспомніць не толькі Аршанскую бітву 1514 года, якая ўвайшла ў еўрапейскія падручнікі вайсковага мастацтва, але і перамогі пад Чашнікамі ў 1564 годзе і пад Палонкай у 1660 годзе. У гэтых бітвах нашым продкам супрацьстаялі ўдвая ці ўтрая большыя за іх арміі, а на коне стаяла незалежнасць краіны.

Не менш гераічнымі былі перамогі, здабытыя падчас антырасейскіх паўстанняў - ад вызвалення Вільні ў 1794 годзе да бітвы пад Мілавідамі 1863 года. Далёка не кожны народ можа пахваліцца паўстаннямі і паспяховымі баявымі дзеяннямі супраць самай магутнай імперыі свету, якія паўтараліся кожныя 30 гадоў акупацыі.

Беларусы дэманстравалі цуды гераізму і ў мінулым стагоддзі. "Слуцкі збройны чын" і Палескі паход Булак-Балаховіча вымусілі бальшавікоў пайсці на сур'ёзныя саступкі беларусам, а партызанская барацьба нашага народа супраць нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны наогул не мае аналагаў у сусветнай гісторыі.

Годных дат для святкавання Дня абаронцы Айчыны больш, чым дастаткова. Занадта часта нам даводзілася абараняць сваю свабоду і сваю краіну, і нашы продкі ўмелі гэта рабіць.

- Як Вы пракаментуеце тое, што Лукашэнка паабяцаў Расеі супольны адказ на ракеты ЗША ў Еўропе? Надоечы Андрэй Саннікаў зазначыў, што РФ можа размясціць у Беларусі ядзерную зброю? Ці пацвярджае заява дыктатара гэты тэзіс?

- Лукашэнка заўсёды быў і застаецца самым верным хаўруснікам Крамля. Нават не хаўруснікам - гэта слова мае на ўвазе больш-менш раўнапраўныя стасункі, - а паслухмяным выканаўцам волі свайго маскоўскага начальства. Таму як толькі для Расеі паўстане патрэба размясціць на тэрыторыі нашай краіны новыя вайсковыя аб'екты або зброю - гэта будзе зроблена неадкладна. Дыктатар выконвае ўсе важныя патрабаванні Масквы, не думаючы пра нацыянальныя інтарэсы.

Што да ядзернай зброі, то сваю пазіцыю Лукашэнка выказваў неаднаразова, шкадуючы аб яе вывадзе з тэрыторыі краіны. І не хаваў, для чаго яна яму трэба - каб "з намі па-іншаму размаўлялі". А з улікам таго, што ў Беларусі будуецца АЭС, з савецкіх часоў засталіся інфраструктура, шахты і запасы высокаабагачанага ўрану, імавернасць размяшчэння ядзернай зброі вельмі высокая.

- Падчас выступу дыктатара ў Вайсковай акадэміі адна з курсантак спытала яго, ці не хоча ён пайсці ў адстаўку. Як вы ацэньваеце настроі ў беларускім войску? Ці гатовыя беларускія афіцэры і жаўнеры паміраць за Расею і дыктатара?

- Узровень падтрымкі Лукашэнкі ў войску — такі ж, як і ў сярэднім у Беларусі. Мы ж у адной краіне жывем, праблемы ва ўсіх прыкладна аднолькавыя. Аб якім жаданні паміраць можа ісці гаворка? За што? За безупынныя прыніжэнні ад чыноўнікаў або за жабрацкую пенсію?

Вайскоўцы пагарджаюць Лукашэнкам найперш за адсутнасць павагі да войска, якая культывавалася нават падчас позняга СССР, за ўсю гэтую паказуху і мішуру на парадах і вучэннях. Бо ўсе ведаюць рэальны стан беларускага войска, калі са словах аднаго з нашых актывістаў, «у выпадку нападу 90% тэхнікі не зможа выехаць з ангараў, бо не завядзецца, а жаўнеры разбягуцца, бо страляць іх ніхто не навучыў». Я ўжо не кажу пра пагоны генералісімуса і малодшага сына, які парады прымаў.

Трэба адзначыць, што на гэтым фоне ўзровень падтрымкі Пуціна ва УС Беларусі вышэйшы, чым у Лукашэнкі. На гэта працуе і беларуская ТВ, штодня транслюючы расейскую прапаганду, і інфармацыя аб заробках і перспектывах у расейскім войску. Гэта сур'ёзная праблема, адзін з выклікаў для патрыётаў Беларусі, якому нам трэба будзе даць рады.

- У Вэнэсуэле частка вайскоўцаў перайшла на бок лідара апазіцыі Хуана Гуайдо. Пры гэтым тыя, хто адмовіўся служыць дыктатару Мадуру, заяўляюць, што 90% вайскоўцаў нелаяльныя ўзурпатару і толькі чакаюць моманту. У выпадку фактычнага двоеўладдзя ў Беларусі ці можна чакаць, што сімпатыі войска будуць на баку народа?

- Шмат што будзе залежаць ад народа і яго лідараў. І жаўнеры, і афіцэры з павагай ставяцца да сумленных, цвёрдых і адважных людзей. Але ў кожнай сітуацыі іхнія сімпатыі не будуць на баку дыктатара, у гэтым можна быць упэўненым. Ніхто і ніколі не прымусіць жаўнера беларускай войска страляць ва ўласны народ - гэта ўжо закладзена ў нашым менталітэце. Мусібыць, найперш пацярпіць той, хто адважыцца аддаць такі загад. Вайскоўцы проста будуць сабатаваць наказы дыктатара, марудзіць з іх выкананне. Так ужо даўно робяць чыноўнікі, даводзячы Лукашэнку да прыступаў шаленства. Чаму б гэтую мадэль непадпарадкавання не пераняць іншым? Нездарма ж беларусаў называюць «партызанскай нацыяй».

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках