25 красавiка 2024, Чацвер, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Камуналка беларусаў ідзе на хакей і шыкоўныя офісы ЖКГ»

33
«Камуналка беларусаў ідзе на хакей і шыкоўныя офісы ЖКГ»

Лічбы ў жыроўках улады бяруць з галавы.

У Беларусі ўвесь час растуць тарыфы на камунальныя паслугі. Тым не менш часта мы чуем ад уладаў пра «дзяржаўныя субсідыі пры аплаце камунальных паслуг». Маўляў, беларусы яшчэ не плацяць 100%, але неўзабаве будуць, і закране гэта не толькі запісаных у «дармаеды».

Гамяльчук Вячаслаў Забаронскі ж задаўся мэтай падлічыць рэальны кошт «камуналкі» і высветлілася, што мы плацім ажно 800%!

«Паводле прыведзеных разлікаў, кіраўнікі “сацыяльна-арыентаванай дзяржавы” Беларусь набываюць у Расеі газ, грэюць гэтым газам ваду і прадаюць гэты “нагрэў вады” насельніцтву ў восем разоў даражэй. Пры гэтым чыноўнікі кажуць, што яны нас “субсідуюць”. Палохаюць грамадзянаў стаадсоткавай аплатай. Мы былі б шчаслівыя аплачваць 100% замест 800%!» – абураны гамяльчук.

Ці сапраўды беларусы пераплачваць за камуналку астранамічныя сумы? Гэтае і іншыя пытанні сайт Charter97.org задаў эканамісту Льву Марголіну:

– Ва ўсёй гэтай гісторыі самае цікавае, што ніхто не ведае дакладнай сумы. Гэта звязана з тым, што ў Беларусі абсалютна непразрыстае фармаванне тарыфаў.

100% кампенсацыя выдаткаў – рынкавы захад, а не планавы. Ён працуе толькі тады, калі ёсць канкурэнтны асяродак і людзі могуць выбіраць сярод пастаўшчыкоў паслуг.

Павінна быць абсалютна празрыстае тарыфаўтварэнне. Людзі павінны ведаць, што ў жыроўку ўвайшло, у якіх памерах, якія страты былі закладзеныя. Бо не сакрэт, што мы аплачваем не толькі тое, што спажылі ў сябе ў кватэры, але і ўсе страты пры перадачы энэргіі. Увогуле, разлікі могуць быць абсалютна розныя.

Ведаеце, я не сумняваюся, што нават сам урад у гэтым не разбіраецца, інакш у іх не было б такога вэрхалу. Сёння высвятляецца, мы плацім 80% эканамічна абгрунтаваных тарыфаў, а заўтра ўлады заяўляюць, што ўжо – 60%. Яны працуюць паводле прынцыпу: падлога, палец, столь.

– Ці супастаўная аплата паслуг ЖКГ з заробкамі беларусаў?

– Я сказаў бы, што несупастаўная. Ёсць жа розныя катэгорыі грамадзянаў. Возьмем, да прыкладу, сям'ю з 4 чалавек, якая жыве ў трохпакаёвай кватэры, дзе двое працуюць. У іх сыходзіць не такі вялікі адсотак на аплату камуналкі, як у самотнага пенсіянера ці маці-адзіночкі. У гэтым выпадку нават працоўным даводзіцца выдаткоўваць на тарыфы добра калі трэцюю частку заробку. Для іх гэта непрымальна.

У такіх выпадках, як правіла, дзяржава часткова субсідуе для канкрэтных людзей выдаткі ў камунальных плацяжах. Тут варта адзначыць, што ў Беларусі гэта таксама досыць заблытана. Ёсць шмат абмежаванняў, якія не дазваляюць людзям спадзявацца на субсідыі. Напрыклад, калі тры чалавекі жывуць у трохпакаёвай кватэры, ёсць лішняя жылплошча, то субсідыя ім не належыць.

Увогуле, вельмі далёкая наша краіна да ідэальнай сацыяльнай дзяржавы, якой яе хоча намаляваць Лукашэнка.

– У гэтым выпадку, якое Вы бачыце выйсце з сітуацыі?

– Ведаеце, тут, як у тым анекдоце з сантэхнікам Івановым, якога выклікалі памяняць кран, а ён кажа: «Уся сістэма прагніла зверху данізу! Усю сістэму трэба мяняць!»

Я хачу сказаць, што ў Беларусі сістэму трэба мяняць цалкам. Не ў нейкай адной сферы, напрыклад камунальнай гаспадарцы, а цалкам, таму што ўсё ўзаемазвязана. Зрабіць гэта можна з дапамогай рэформаў.

Напрыклад, павінны быць праведзеныя рынкавыя рэформы. У выніку іх утворыцца канкурэнтны асяродак. За грошы насельніцтва будуць змагацца некалькі кампаній. Кожная будзе прапаноўваць свае тарыфы, льготы, даказваць, што яны ў яе самыя празрыстыя і ўтрыманне якіх-небудзь футбольных камандаў у жыроўкі не ўваходзіць. Падкрэслю, для гэтага неабходныя змены палітычнай сістэмы.

– У СМІ часта з'яўляюцца гісторыі, як людзей высяляюць на вуліцу праз пазыкі за камуналку або забіраюць дзяцей. Нядаўна ж стала вядома, што ў некаторых пазыкі за ЖКП перавышаюць 5 тысячаў даляраў. Што будзе з гэтымі людзьмі?

– Відавочна, што ўладам трэба перагледзець сваю палітыку ў дачыненні да неплацельшчыкаў. На жаль, Лукашэнку гэта не хвалюе. Дзіўна, што ў кагосьці ёсць такія пазыкі, таму што ўлада вельмі хутка на такія рэчы рэагуе. Перасяляе або высяляе неплацельшчыкаў і распараджаецца маёмасцю.

– А ці каштуюць паслугі ЖКГ у Беларусі тых грошай, якія налічваюць улады?

– Адкажу так, ёсць месцы, дзе паслугі ЖКГ больш-менш прымальныя, а ёсць, дзе зусім дрэнныя. Ва ўмовах адсутнасці рынкавага асяродку, усё залежыць ад канкрэтных людзей. Там, дзе кіраўнік ЖКГ больш-менш чалавек сумленны, паслугі буду лепшыя. Калі ж, як той казаў, «пусці – павалюся», то будзе горай. Калі б было рынкавае асяроддзе, то там можна было б казаць пра сярэдні ўзровень камунальных паслуг. У нашых жа рэаліях казаць пра нешта сярэдняе не выпадае.

– Калі беларусы настолькі пераплачваюць за паслугі ЖКГ, як палічыў гамяльчук, то куды знікаюць гэтыя казачныя сродкі?

– З аднаго боку, не варта забывацца, што ў камунальнай сферы таксама працуюць людзі, якія атрымліваюць заробак. З іншага боку, мы сваімі грашыма аплачваем, у тым ліку, безгаспадарчасць на розных этапах, утрыманне футбольных і хакейных камандаў, шыкоўныя офісы чыноўнікаў з рамонтамі і мэбляй і гэтак далей. Усё гэта ўваходзіць у тарыфы.

– Ужо ў сакавіку «дармаедам» прыйдуць павышаныя жыроўкі. Як Вы ставіцеся да гэтай скандальнай выдумкі ўладаў?

– Ведаеце, вядома, гэта нецывілізаваны падыход. Нідзе ў свеце такога няма, каб да чалавека без працы было такое стаўленне. Тут жа сэнс, калі разабрацца, вельмі просты.

Працуе чалавек за 200 рублёў. Ён, можа быць, і звольніўся б. Пайшоў ягады, грыбы збіраць, але тады яго запішуць у «дармаеды».

Улады так і кажуць: «Сядзі і працуй за гэтыя няшчасныя 100 даляраў. Больш табе не дамо, але і звольніцца ты не зможаш, інакш тры скуры спусцім».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках