Прэзідэнты Польшчы, Літвы і Украіны сустракаюцца ў Любліне
5- 22.02.2019, 16:30
- 12,881
Беларуская дэлегацыя ў сустрэчы, прысвечанай 450-годдзю Люблінскай уніі, не ўдзельнічае.
22 лютага - другі дзень візіту прэзідэнта Літвы ў Польшчы. Раніцай Даля Грыбаўскайтэ сустрэлася з прэм'ер-міністрам Матэвушам Маравецкім, а затым адправілася ў Люблін, дзе запланаваныя трохбаковыя перамовы прэзідэнтаў Польшчы, Літвы і Украіны, паведамляе ўкраінская служба «Польскага радыё».
Нагодай для візіту з'яўляецца 450-годдзе Люблінскай уніі, якая скончыла працэс стварэння Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Прэзідэнты таксама наведаюць камандаванне Літоўска-польска-ўкраінскай брыгады імя вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага. Брыгада спасылаецца на шматвяковую традыцыю супрацоўніцтва паміж трыма краінамі, якія стагоддзямі жылі ў адной краіне.
У чацвер падчас перамоў у Варшаве прэзідэнты Анджэй Дуда і Даля Грыбаўскайтэ выказалі сваю адназначную падтрымку Украіне, якая змагаецца з расейскай агрэсіяй.
«У гэтых дачыненнях нашы пазіцыі адназначныя. Мы мяркуем, што іншага шляху няма - акупацыя Крыма, а таксама Луганскай і Данецкай абласцей павінна спыніцца. Расея павінна адтуль сысці», - адзначыў Дуда.
«Мы разам, як і 450 гадоў назад, у Любліне. Мы ведаем, адкуль прыходзяць нашы праблемы. Калі мы разам, мы моцныя», - дадала прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ.
Адзначым, што на падзею, якая мае наўпроставае дачыненне да гісторыі Беларусі, дэлегацыя нашай краіны не прыехала.