29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Радыё Свабода»: Экспарт вугалю з Беларусі ва Украіну вырас у 980 разоў

24
«Радыё Свабода»: Экспарт вугалю з Беларусі ва Украіну вырас у 980 разоў
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Сляды вядуць у «ДНР» і «ЛНР».

Паводле статыстыкі Белстата, беларускі экспарт каменнага вугалю ў суседнюю Украіну вырас за год у 980 разоў, антрацыту - у 340 разоў. «Радыё Свабода» паспрабавала разабрацца, як такое магчымае, калі ў Беларусі няма радовішчаў гэтых карысных выкапняў.

Неймаверны рост экспарту

Беларусь не мае сваіх радовішчаў каменнага вугалю і антрацыту, акрамя бурага вугалю (агульны аб'ём - блізу 150 мільёнаў тон). Аднак летась наша краіна пачала актыўна экспартаваць гэтыя выкапні. Прынамсі, паводле звестак афіцыйнай статыстыкі.

Як паведамляе Белстат, беларускі экспарт (продаж) каменнага вугалю ў 2018 годзе склаў 853,9 тысячы тон (у 2017-м - 164,9 тысячы тон) на суму 74,9 млн даляраў.

З іх:

ва Украіну пайшло 588,5 тысяч тон (супраць 0,6 тысячы тон у 2017 годзе) на 50,3 млн даляраў (супраць 63 тысяч даляраў у 2017-м),

у краіны ЕЗ - 265,4 тысяч тон (у 2017-м - 163,4 тысячы тон),

у тым ліку ў Польшчу - 261,9 тысяч тон (у 2017-м - 163,3 тысячы тон).

Імпарт каменнага вугалю склаў 1648,5 тысяч тон, у тым ліку

з Казахстана - 374,9 тысяч тон,

з Расеі - 1273,5 тысяч тон,

з Украіны - 69,9 тоны.

Антрацыту з Беларусі экспартавалі ў 2018 годзе 107,3 тысяч тон на суму 9,3 мільёна даляраў (у 2017 годзе экспарт складаў усяго 0,3 тысячы тон).

З гэтай колькасці 102,2 тысяч тон на 8,8 мільёна даляраў было пастаўлена ва Украіну (у 2017 годзе - 0,3 тысячы тон).

Імпарт антрацыту ў Беларусь, паводле зывестак Белстата, склаў 173 тысячы тон.

З Расеі ў гэтай колькасці - 172,8 тысяч тон.

З Украіны паставак, паводле статыстыкі, не было.

Украіна мае патрэбу ў першую чаргу ў антрацыце

Антрацыт адрозніваецца ад каменнага вугалю падвышаным утрыманнем вугляроду, гэта добрае паліва з падвышанай цеплааддачай. У даменных печах і для кацельняў выкарыстоўваюць менавіта антрацыт.

Украіна мае патрэбу ў першую чаргу ў антрацыце, які здабываюць у самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР». Энэргакампаніі пачалі пераводзіць блокі ТЭС, якія раней працавалі на антрацыце, на газавыя маркі вугалю. Аднак яго здабыча не паспявае за ростам спажывання газавага вугалю, таму паўстаў дэфіцыт і гэтага тыпу паліва.

Дзяржорганы Беларусі вугалем «не займаюцца»

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю карэспандэнту «Свабоды» сказалі, што вугалем не займаюцца.

Гэтак жа адказалі і ў Міністэрстве энэргетыкі Беларусі.

«Мы з вугалем не працуем. Наколькі я ведаю, мізэрную колькасць увозіць чыгунка, нейкія аб'ёмы вугалю ўвозяць аблвыканкамы праз ацяпляльныя аб'яднанні «Аблпаліва». Але гэта зноў жа не Міністэрства энэргетыкі. У нашага міністэрства вугальных станцый няма і няма магутнасцяў, якія працуюць на вуглі», - сказаў «Свабодзе» намеснік начальніка аддзела замежнаэканамічнай дзейнасці і міжнароднага супрацоўніцтва Мінэнэрга Вячаслаў Сас.

След «ЛНР-ДНР»

У жніўні 2018 года ў беларускіх СМІ выказваліся падазрэнні, што ў Еўропу праз Беларусь трапляе вугаль ад сепаратыстаў Данбаса ў абыход Украіны. Асноўным спажыўцом гэтага вугалю называлі Польшчу. Таксама выказваліся здагадкі, што Беларусь выступае транзітнай краінай для гэтай сыравіны.

У 2017 годзе прадстаўнікі «ЛНР» казалі, што з беларускім бокам вядуцца перамовы аб пастаўках вугалю. Аднак тагачасны віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка зняпраўдзіў гэтую інфармацыю і заявіў журналістам, што перамоваў з «ЛНР» аб куплі вугалю ўрад Беларусі не вядзе.

Прадстаўнік адной кампаніі з энэргетычнага сектара ў гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» выказаў версію, што пастаўкамі вугалю займаюцца камерцыйныя структуры. Нібыта ва Украіну вязуць вугаль пераважна ўкраінскія кампаніі, а ў Еўропу - расейскія. Яны маюць статус рэзідэнтаў Беларусі, але беларускага капіталу ў іх няма.

Са слоў бізнэсоўца, магчыма, вугаль з Данбаса і трапляе ў Польшчу.

«Але калі хтосьці возіць, то з дакументамі расейскага вугаль. А які ён дэ-факта - данецкі ці расейскі - я не ведаю», - сказала крыніца.

Ва ўкраінскай статыстыкі беларускага вугалю няма

Паводле інфармацыі Дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны, у 2018 годзе ўкраінскія кампаніі набывалі каменны вугаль у краінах Еўразвязу, Афрыкі і амерыканскага кантынента, а таксама толькі ў трох краінах СНД - Казахстане, Малдове і Расеі.

Імпарт каменнага вугалю ва Ўкраіну ў 2018 годзе. Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны

Антрацытавы вугаль пастаўлялі з Расеі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Польшчы, Паўднёвай Афрыкі. Прычым найбольшы аб'ём як каменнага, так і антрацытавага вугалю летась увозіўся менавіта з Расеі - адпаведна 15,009 мільёна тон на 1,8 мільярда даляраў і 3,624 мільёна тон на 387,3 мільёна даляраў.

Імпарт антрацыту ва Ўкраіну ў 2018 годзе. Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны

Чаму ў статыстыцы не адлюстраваныя пастаўкі вугалю з Беларусі, у дзяржаўнай службе статыстыкі Украіны адмовіліся каментаваць і рэкамендавалі звярнуцца да іх з афіцыйным запытам»у сувязі з такім важным пытаннем».

Згодна з заканадаўствам дзяржаўны орган мае на адказ пяць рабочых дзён.

Дырэктар энэргетычных праграм Цэнтра сусветнай эканомікі і міжнародных дачыненняў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Валянцін Зямлянскі мяркуе, што вугальныя пастаўкі з Беларусі ва Украіну ў 2017 годзе сапраўды маглі не патрапіць у афіцыйную статыстыку з прычыны малаважнага аб'ёму - усяго 600 тон.

«Але калі пастаўкі дасягнулі 600 тысяч тон, то яны абавязкова павінны быць адлюстраваныя ў статыстыцы. Бо гэта амаль пятая частка ад агульнага аб'ёму патрэбаў украінскіх кампаній», - адзначыў экспэрт.

З ягоных слоў, гаворка хутчэй ідзе пра тое, што беларуская кампанія ў гэтым выпадку магла выступіць рээкспарцёрам вугалю, набытага ў Расеі.

Хто закупляў вугаль у Беларусі

Ва Украіне ёсць два галоўныя спажыўцы вугалю. Прыватная кампанія «ДТЭК», якая належыць алігарху Рынату Ахметаву, і пакуль яшчэ дзяржаўная кампанія «Цэнтрэнэрга» (летась яе планавалі прыватызаваць, але конкурс скасавалі, бо пасля выключэння беларускай кампаніі «Нафтабітумны завод» застаўся толькі адзін прэтэндэнт). Абедзве гэтыя кампаніі - найбуйнейшыя з тых, што займаюцца вытворчасцю электраэнэргіі і цяпла.

У кампаніі «ДТЭК» «Свабодзе» сказалі, што не рабілі паставак вугалю з Беларусі і не маюць ніякіх беларускіх кампаній-контрагентаў.

«Хачу звярнуць увагу, што вугаль ёсць розных тыпаў: той, што выкарыстоўваецца ў металургіі, і той, што выкарыстоўваецца ў энэргетыцы. Наколькі мне вядома, мы не імпартавалі вугаль з Беларусі», - сказаў «Свабодзе» кіраўнік дэпартамента ў карпаратыўных камунікацыях «ДТЭК» Максім Асаўляк.

У «Цэнтрэнэрга» на адпаведны запыт «Свабоды» на момант выхаду публікацыі не адказалі. У першай палове 2019 года кампанію павінны прыватызаваць - гэта замацаванае ва ўхваленым летась у снежні мемарандуме з Міжнародным Валютным Фондам.

Сляды вядуць да асяроддзя Парашэнкі?

Паводле звестак украінскіх СМІ «Цэнтрэнэрга» цяпер кантралюецца Ігарам Кананенкам - шматгадовым дзелавым партнёрам прэзідэнта Пятра Парашэнкі. У 2016 годзе кампанія апынулася ў цэнтры скандалу, калі высветлілася, што яна праз расейскага контрагента набывала вугаль на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай вобласці пад маркай вугалю з ПАР.

Украінскія экспэрты не выключаюць, што менавіта пасля гэтага скандалу кампанія вымушаная была перафарматаваць схемы пастаўкі вугалю з Данецкай і Луганскай абласцей - пусціўшы яго праз беларускую кампанію. Такім жа шляхам вугаль у Беларусі маглі набываць і дробныя цеплаэлектрацэнтралі.

Магчыма, новы механізм пэўным чынам планавалася звязаць і з прыватызацыяй «Цэнтрэнэрга». Пасля выключэння з конкурсу беларускай кампаніі «Нафтабітумны завод», якая належыць беларускаму бізнэсоўцу Аляксандру Шакуціну і Мікалаю Вераб'ёву, заставаўся толькі адзін удзельнік – кампанія «Укрдонінвест». Яе ўласнік, выхадзец з Данбаса Віталь Крапачоў, ужо падчас прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі выкупіў «вугальныя» актывы сына Віктара Януковіча - Аляксандра.

Як сведчаць вынікі расследавання ўкраінскага праекта «Радыё Свабода», Віталь Крапачоў неаднаразова сустракаўся з Ігарам Кананенкам, якога ўкраінскія СМІ называюць куратарам усяго энэргетычнага сектара Украіны.

Характэрна, што прыватызацыя кампаніі павінна была адбыцца ў перыяд, калі ў 10 абласцях Украіны было ўведзенае ваеннае становішча. Тады Сяргей Лешчанка, былы журналіст інтэрнэт-выдання «Украинская правда», а цяпер дэпутат Вярхоўнай Рады (прычым трапіў ён у парламент праз спіс «Блока Пятра Парашэнкі») абвінаваціў прэзідэнта Украіны ў намеры выкупіць дзяржаўнае прадпрыемства праз падстаўных асоб.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках