20 красавiка 2024, Субота, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ходнікаў няма. Чакаюць трагедыі, як у Ружанах?»

9
«Ходнікаў няма. Чакаюць трагедыі, як у Ружанах?»

Жыхары Сухарава водзяць дзяцей у садок па праезнай частцы.

«У нас у Сухараве могуць быць другія Ружаны, дзе бярвёнамі з аўтамабіля забіла бабулю і немаўля! Толькі тады заварушацца і захады ўжывуць!» - жыхары некалькіх дамоў на вуліцы Мачульскага ў Менску пра сваю праблему распавядаюць вельмі эмацыйна. Пяты год пешаходы, палова з якіх - дзеці, перад выхадам на «вялікую» вуліцу Янкоўскага вымушаныя лавіраваць паміж аўтамабілямі, якія едуць. Па раскіслых і раз'езджаных абочынах не прайсці, да таго ж яны заўсёды запаркаваныя аўтамабілямі, а ходнікаў тут ніколі не было: улады прапанавалі людзям пабудаваць іх за свой кошт, піша tut.by.

Шматпавярховікі ў жылым комплексе «Сухараўскі квартал» у Менску пачалі з'яўляцца ў 2014 годзе. Першымі заехалі навасельцы ў дзесяціпад'ездны дом №24 на Мачульскага. Праз год-два побач выраслі яшчэ тры гмахі - дом №26 на той жа вуліцы і 4 і 8 на вуліцы Карскага. Жыхары - а гэта ў асноўным маладыя сем'і з маленькімі дзецьмі - радаваліся: кватэры прасторныя, раён добраўпарадкаваны - недалёка ёсць крамы, школы і дзіцячыя садкі.

Але пакуль абжывалі раён, сутыкнуліся з вельмі сур'ёзнай праблемай. Выявілася, што на 200-метровым участку Мачульскага (ён прымыкае да вуліцы Янкоўскага) няма ходнікаў і пешаходам даводзіцца ісці проста па дарозе, на мінімальнай адлегласці ад аўто, якія праязджаюць. Рызыка, што хтосьці можа апынуцца пад коламі, асабліва вялікая ўранку: бацькі вядуць сваіх дзяцей у дзіцячы садок або школу, а ў гэты ж час з двароў выязджаюць на працу аўтамабілісты.

- Мы тут жывем толькі трэці год, за гэты час на сабе адчулі, якое гэта - уранку ў цемры ісці з дзіцем па дарозе, калі ў некалькіх сантыметрах едзе аўтамабіль, - дзеліцца набалелым мянчук Аляксандр. - Рух тут вельмі шчыльны: бо аўто выязджаюць не толькі з нашых двароў, але і з тых, што знаходзяцца далей, у жылым комплексе «Вішнёвы сад». Там ёсць скразны праезд, вось яны праз яго шлях і скарачаюць. А дарога наша як была раней вясковай, так ёю і засталася.

Навасельцы, ацаніўшы сітуацыю, пачалі звяртацца да ўладаў з просьбай арганізаваць пешаходныя шляхі на адцінку дарогі ў 200 метраў, а таксама парковачныя месцы. На гэта ў 2016 годзе ў службе «115» адказалі, што пешаходныя дарожкі на Мачульскага будуць пракладвацца разам з забудовай вёскі Сухарава. Зрабіць гэта за кошт грошай, выдадзеных на існы рамонт «Рэмаўтадар» не можа - гэта расцаняць як нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. Але нагадалі: пешаходам трэба выконваць ПДР, хадзіць па абочыне або краі праезнай часткі насустрач транспарту і пазначаць сябе флікерамі.

А ў 2018 годзе адміністрацыя Фрунзенскага раёна ў адказ на скаргу паведаміла, што новае будаўніцтва пешаходных ходнікаў не прадугледжанае. Жыхарам прапанавалі зрабіць гэтыя працы за свой кошт.

Фактычна пешаходны пераход прапанавалі арганізаваць таварыству ўласнікаў, якое пабудавала тут шматпавярховікі. Праўда, не зусім зразумела, як гэта таварыства можа зрабіць на зямлі, якая належыць гораду.

Журналіст tut.by прыехаў на праблемнае скрыжаванне акурат да 7:30 - у самую гадзіну розруху для дзецяй.

Адразу заўважаем дзвюх дзяўчынак ля краю ходнікаў з пліткі, далей яны не ідуць, увесь час глядзяць у бок шматпавярховікаў - адтуль з яшчэ адной дачкой на руках ідзе іх бацька Міхаіл.

- Я дочкам забараняю далей хадзіць адным — тлумачыць шматдзетны бацька. - Мне і самому няўтульна тут - аўтамабілі ж адзін за адным едуць! Ходнікаў тут не было ніколі. Колькі жывем - столькі і бегаем паміж аўтамабілямі, галавой круцім, глядзім, каб не збілі.

Сапраўды, у гэты час аўто тут ехалі адно за адным. Прычым рухаліся яны не толькі ў бок Янкоўскага, але і ў зваротным кірунку - гэта аўтамабілісты прывозілі ў дзіцячы садок сваіх малых. На шчасце, ніхто з іх педаль газу не націскаў. Але для высадкі пасажыраў аўтамабілям даводзілася спыняцца проста ў паласе. З'ехаць з дарогі і прыпаркавацца амаль немагчыма - яшчэ з вечара на абочыне шчыльна стаяць аўтамабілі, часам нават у два шыхты.

- Ежу, але адчуваю сябе тут вельмі некамфортна. Пешаходы ходзяць проста па дарозе, паміж аўто, - небяспечная сітуацыя. Часам даводзіцца даваць задні ход, каб развярнуцца, - яшчэ страшней: ва ўсе люстэркі глядзіш, круціш шыяй на 360 градусаў - хоць бы хто не падлез пад колы, - распавёў Уладзімір, кіроўца Ford, які прывёз у дзіцячы садок дзіця.

«Падлезці пад колы» тут ёсць каму: па праезнай частцы часам ідуць сонныя малодшакласнікі без бацькоў.

- Я не баюся так хадзіць, даўно ўжо тут жыву, і ў школу мяне мама адпускае аднаго. Як ісці вуліцай, я і сам ведаю, у чацвёртым класе вучуся, - распавядае нам маленькі пешаход, клапатліва ахінуты шалікам па-над шапкай і надзетым капюшона, так, што толькі вочы тырчаць.

- Ох, я сваю адну не адпушчу ў школу! Яна ў трэцім класе цяпер. Буду вадзіць, пакуль ёсць магчымасць, бо страшна тут — каментуе нашу размову яшчэ адна мясцовая жыхарка.

- А вы б бачылі, што тут рабілася, калі былі снегапады, а некаторыя бацькі везлі дзяцей у садок на санках! - успамінае іншая жыхарка мікрараёна.

Перыядычна вуліцай праязджаюць грузавыя фургоны і мікрааўтобусы. Мясцовыя кажуць, што часам тут ездзяць і цяжкавікі, праўда, ужо радзей, чым раней — «іх паганялі».

У ДАІ Фрунзенскага раёна аб праблемным адрэзку ведаюць. Перыядычна сюды прыязджаюць інспектары і эвакуююць аўто з утрамбаванай коламі зялёнай зоны. Там, дзе ёсць ходнікі, усталявалі дарожныя знакі, якія забараняюць прыпынак і стаянку аўто. Аднак гэтыя захады праблему не развязваюць. Адным трэба дзесьці ставіць свае аўто, іншым - неяк вадзіць дзяцей у дзіцячы садок.

Страшная навіна аб смяротным ДТЗ з лесавозам у Ружанах узрушыла мясцовых жыхароў. Бо зразумела, што людзі, якія прывыклі да вымушанага штодзённага шпацыру па праезнай частцы, яны з жахам «перанеслі» трагедыю на гэтыя 200 метраў без ходнікаў. Бо там, у Ружанах, фактычна, такая ж дарога: без ходнікаў і з вялікай плынню транспарту. Жыхары Ружан неаднаразова ўздымалі цягам 30 гадоў пытанне арганізацыі дарожнага руху на вуліцы Косаўскай, там, дзе адбылася аварыя. Але пешаходную дарожку і пераход там так і не зрабілі.

- Людзі, якія трапілі там пад бярвёны, таксама ішлі насустрач транспарту, усё паводле ПДР. Гэта іх не выратавала. Чаму ў нас нешта пачынаюць рабіць толькі тады, калі адбудзецца трагедыя? Мы не хочам, каб гэтая гісторыя паўтарылася ў нас, - кажуць жыхары дамоў на Мачульскага і Карскага.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках