20 красавiка 2024, Субота, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцу з Берасця аштрафавалі за «прыцягванне ўвагі грамадзян да праблемы» завода

6
Праваабаронцу з Берасця аштрафавалі за «прыцягванне ўвагі грамадзян да праблемы» завода
УЛАДЗІМІР ВЯЛІЧКІН
ФОТА: B-G.BY

Адказ Уладзіміра Вялічкіна на камеру блогера Сяргея Пятрухіна ў канцы снежня 2018 года палічылі за «парушэнне закона».

Працэсы над затрыманымі 16 лютага ў Берасці праваабаронцам Уладзімірам Вялічкіным і грамадскім актывістам Віталём Казаком пачаліся пасля абеду 18 лютага ў судзе Ленінскага раёна горада, піша «Брестская газета».

Як паведаміў да пачатку судовага паседжання Вялічкін, яму ў віну ставіцца тое, што ён прыцягваў увагу грамадзян 30 снежня 2018 года, то бок, паўтара месяца таму. Праваабаронцу выклікалі позвай у РАУС 16 лютага і там затрымалі да суда.

«Калi я знаёмiўся з матэрыяламі справы, то пабачыў там нейкую лiнгвiстычную экспэртызу. I там давалi ацэнку таму, што я сказаў. А я адказаў на пытанне блогера Пятрухiна, i яны палiчылi, што гэтым самым я прыцягваў увагу да праблемы», - распавёў Вялічкін.

Што тычыцца Віталя Казака, яму выставяць «арганізацыю незаконнага масавага мерапрыемства ў неўстаноўленым для гэтага месцы з прыцягненнем да правядзення гэтага мерапрыемства грамадзяніна замежнай дзяржавы».

У выніку абодва прызнаныя вінаватымі паводле артыкула 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» КоАП і аштрафаваныя: Уладзімір Вялічкін на 15 базавых (382,5 рубля), Віталь Казак за паўторнае цягам года адміністрацыйнае правапарушэнне на падставе гэтага артыкула - на 40 базавых (1 020 рублёў).

Нагадаем, у Берасці 10 лютага адбылося традыцыйнае нядзельная кармленне галубоў на знак пратэсту супраць будаўніцтва побач з горадам акумулятарнага завода. Упершыню за год пратэсту пасля кармлення галубоў людзі не разышліся па дамах, а прайшлі вуліцамі Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь», дзе нейкі час слухалі выступ вулічнага музыкі, а потым на іх просьбу ён уключыў гімн пратэстнага руху «Жыць». У мінулую нядзелю затрыманняў не было.

Роўна праз тыдзень, 17 лютага, кармленне галубоў на знак пратэсту супраць завода АКБ зноў скончылася шпацырам па горадзе. Са слоў людзей, падчас іх шпацыру на вуліцы не было ніводнага вулічнага музыкі.

З пачатку 2018 года ў Берасці разгарнулася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода «АйПаўэр». Больш за год ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

Пачынаючы з 4 сакавіка мінулага года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода. Толькі аднойчы ўлады дазволілі ім сабрацца і пратэставаць - мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў блізу 2 000 чалавек. У наступным шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць завода былі пакінутыя без задавальнення.

Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці першапачаткова быў запланаваны на жнівень 2018 года, потым на канец года. Паводле апошніх звестак, пробны запуск вытворчых ліній на акумулятарным заводзе «АйПаўэр» будзе ажыццёўлены меркавана 21 - 28 лютага. Паводле афіцыйнай інфармацыі, магутнасць прадпрыемства на пачатковым этапе складзе 1 млн акумулятараў за год, а пасля будзе павялічаная ўдвая. Аднак ініцыятыўная група заяўляе, што абсталяванне, якое завезлі на прадпрыемства, дазволіць выпускаць да 6 млн акумулятараў на год.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках