The Independent: Расейскі сцяг у Солсберы абурыў мясцовых жыхароў
6- 18.02.2019, 16:09
- 15,792
Жыхары горада ў Вялікай Брытаніі не ўтойваюць раздражнення.
Велізарны расейскі сцяг з'явіўся на паўночным франтоне Солсберыйскага сабора, выклікаўшы ў горадзе велізарнае абурэнне.
Вялікі трыкалор вывесілі на ўстаноўленых каля будынку лясах уранку ў нядзелю, піша The Independent, (пераклад - inosmi.ru).
Адбылося гэта амаль праз год пасля атручвання «Навічком» былога расейскага падвойнага агента Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, праз што Солсберы зазнаў строгую ізаляцыю. Уздзеянне гэтага смяротнага нервова-паралітычнага рэчыва таксама зазнала жанчына з суседняга Эймсберы, якая пазней памерла.
«Такі ўчынак з'яўляецца агідным глупствам. Бо гэта былі жудасныя асабістыя трагедыі, а горад панёс значныя страты ад гэтых беспрэцэдэнтных нападаў з ужываннем нервова-паралітычнага атрутнага рэчыва», - сказаў пробашч сабора ў Солсберы яго вялебнасць Нікалас Пападопулас (Nicholas Papadopulos).
Гэты сцяг, які ўжо паспелі прыбраць, першымі заўважылі жыхары горада ўранку ў нядзелю.
Фельчар хуткай дапамогі Лі Марцін (Lee Martin) размясціў здымкі сцяга ў Твітэры, і яны вельмі хутка распаўсюдзіліся. «Як можа нейкі дурны ідыёт праяўляць непавагу да нашага горада? Пасля ўсяго, што ён перажыў, яго жыхарам гэтага не трэба», - напісаў ён.
Дэпутат парламента ад Солсберы Джон Глен (John Glen) дадаў: «Якое ж гэта глупства - высмейваць сур'ёзныя падзеі, якія, на жаль, Солсберы перажыў летась».
Паліцыя Уілтшыра заявіла, што пакуль яшчэ рана казаць пра тое, ці ёсць у гэтым склад злачынства, але яе супрацоўнікі ўжо прыступілі да вывучэння запісаў з камер відэаназірання.
У момант атручвання Скрыпалёў у Солсберы пабывалі два супрацоўнікі расейскіх спецслужбаў, якія пазней былі апазнаныя. Яны выступілі на расейскай дзяржаўнай тэлевізіі і заявілі, што наведалі горад у якасці турыстаў, жадаючы ўбачыць яго гістарычны сабор.
У гэтым месяцы прагучалі сцвярджэнні аб тым, што да атручвання датычны і трэці чалавек па імі Сяргей Фядотаў.