18 красавiка 2024, Чацвер, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску судзяць экс-дырэктара Палаца спорту, які браў хабары кожны месяц

4
У Менску судзяць экс-дырэктара Палаца спорту, які браў хабары кожны месяц
ФОТА: TUT.BY

Праз гэты скандал пазбавіўся пасады і міністр.

У судзе Маскоўскага раёна сталіцы стартаваў працэс над былым дырэктарам Палаца спорту, 58-гадовым Сяргеем Прановічам. Яго судзяць за атрыманне хабараў і махлярства - усяго 178 эпізодаў, піша tut.by.

Пра ягонае затрыманне стала вядома роўна год таму ў сярэдзіне лютага.

Праз гэты скандал быў адпраўлены ў адстаўку Аляксандр Шамко, які займаў пасаду міністра спорту і турызму.

Год таму КДБ паведаміў: з довадамі злачынства ў сваім службовым кабінеце затрыманы дырэктар Палаца спорту Сяргей Прановіч.

Як казалі ў камітэце, «амаль кожны працоўны дзень» ён браў грошы ў тых, хто хацеў скарыстацца памяшканнямі або абсталяваннем палаца - ад гандляроў прысмакамі і арганізатараў каціных выстаў да спартовых каманд і арганізатараў канцэртаў.

Сумы фігуравалі розныя - ад 100 да 1,2 тысячы даляраў, у залежнасці ад рэнтабельнасці выставы ці гандлёвага месца. Часам, паводле звестак следства, ён таксама браў квіткамі на канцэрт, алкаголем і бытавой тэхнікай. Плюс яшчэ атрымліваў адкаты - 10% ад кошту работ або паставак на замову палаца.

З нагоды гэтай гісторыі абураўся і Лукашэнка: «Дайшло да таго, што прыйшлі манашкі свечкі прадаць, ён да іх прычапіўся, - казаў ён. - Я не веру, што міністр пра гэта не ведаў».

У выніку ад пасады быў вызвалены тагачасны міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко з фармулёўкай «за непрыняцце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй».

На падлікі следства, Прановіч браў грошы цягам 6 гадоў, усяго на суму блізу 78 тысяч рублёў. Устаноўлена 178 эпізодаў, мужчыну вінавацяць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: замах і атрыманне хабару, падбухторванне да дачы хабару, крадзеж, махлярства.

Абвінавачванне: хабары браў кожны месяц

У зале прысутнічаюць толькі два журналісты, падтрымаць абвінавачанага ніхто не прыйшоў. Нагадаем, Сяргей Прановіч кіраваў Палацам спорту амаль дзесяцігоддзе.

Пракурор Алена Крупеніна дзесяць хвілін чытала, як толькі адзін з хабарадавальнікаў, прадстаўнік фірмаў «Іпкон» і «Манрык» з прозвішчам Лемеш, чатыры гады насіў грошы, каб укласці дамову на арэнду памяшканняў у палацы.

«500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў, 500 рублёў...» - і так больш за 60 разоў, то бок, фактычна кожны месяц.

Гэты хабарадавальнік выдаткаваў на хабары агульную суму ўзнагароджанняў больш за 33 тысячы рублёў. Грошы перадаваліся нават напярэдадні Новага года, 31 снежня 2016 і 2017 гадоў. Пакуль ішло пералічэнне, Прановіч закрыў твар рукамі.

Акрамя таго, гадамі дырэктару палаца, згодна з абвінавачваннем, насіў грошы прадстаўнік танцавальнага клуба «Альянс», Беларускай лігі танцаў і Федэрацыі чырлідынгу Язвін, каб зняць памяшканне пад мерапрыемствы (па 100 даляраў, 215 рублёў, 170, 280 рублёў і гэтак далей шмат раз - агульная сума не агучвалася).

Яшчэ 12 тысяч за некалькі гадоў аддалі нейкія Віктараў і Віктарава, прадстаўнікі фірмы «Спортсетка».

Каб атрымаць у палацы памяшканні для выстаў сабак і катоў, грошы насіў прадстаўнік прадпрыемства «Петсбай-сэрвіс», агучыла пракурор. Мноства эпізодаў, агульная сума пакуль таксама не апавяшчалася.

Абвінавачанне яшчэ працягнуць зачытваць пасля абеду.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках