26 красавiка 2024, Пятніца, 23:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фальклорны гурт «Павалякі» з вёскі Обчын гатовы прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні»

Фальклорны гурт «Павалякі» з вёскі Обчын гатовы прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні»

Шматгадзінных пералётаў, пашпартных кантроляў і вялікіх залаў «Павалякі» не баяцца.

Кажуць, і не праз такія цяжкасці праходзілі! Між тым самай старой спявачцы — ужо за 86 гадоў! Але ўдзельніцы гурта ўпэўнены: узрост ім яшчэ і на руку. Бо што моладзь? Толькі “папсу” гарланіць умее — а “павалячкі” выконваюць мясцовыя аўтэнтычныя песні, якія перанялі ад сваіх прабабуль. Да таго ж спеўны стыль обчынскіх артыстак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі! Карэспандэнты mlyn.by адправіліся на Любаншчыну, каб бліжэй пазнаёміцца з мясцовымі зоркамі і высветліць: навошта ім здалося тое «Еўрабачанне»?

Няспеўных тут спрадвеку не было!

Дамовіцца аб сустрэчы з удзельніцамі аўтэнтычнага фальклорнага гурта “Павалякі” не вельмі проста: спявачкі то на рэпетыцыях, то на гастролях. Ледзь знайшлі адзін свабодны дзень, каб уціснуць нас у свой графік. І вось мы ўжо едзем у вёску Обчын, што за 10 кіламетраў ад Любані.

…Размовы, гоман, смех: “павалячкі”сабраліся амаль у поўным складзе. Паселі групкамі хто дзе ды распяваюцца. Гляджу: адну бабульку абступілі некалькі маладзічак. Жанчына пачынае песню — яны падхопліваюць. Але стараюцца крыху цішэй цягнуць, не перакрываюць яе спеў сваімі галасамі.

Няўжо, думаю, дзяўчаты словы дрэнна ведаюць. А яшчэ на «Еўрабачанне» замахнуліся…

Усё значна прасцей: Вольга Нічыпараўна Драбудзька — галоўная спявачка, на яе голас, як пацеркі на каралі, нанізваюцца ўсе астатнія. Непаўторная манера выканання і ў Вольгі Іванаўны Дастанка: бабулька “вядзе голасна” — спявае працягла-пералівіста на вялiкiм дыханнi,“падымае” песню, разбаўляе яе доўгiмі і кароткiмі воклiчамі. Так умелі і ўмеюць толькі обчынскія жанчыны. А найлепш Вольга Іванаўна, самая сталая ў калектыве: жанчыне 86. Бадай, яна адна з нямногіх, хто памятае, як у 1975 годзе нараджаліся “Павалякі”.

— Ну, як нараджаліся? Прыехаў у вёску парторг, Рыгор Філіпавіч Гардзіенка, і паставіў перад фактам: “Будзем збіраць фальклорны калектыў. Песень шмат ведаеце, спяваеце добра — астатняе за мной”. Куды ён ездзіў, дзе грошы на ўсё знайшоў — не ведаю, але касцюмы дастаў, выступленні арганізаваў. Хаця, па праўдзе кажучы, ахвотнікаў раз’язджаць па раёне было небагата.Спевы спевамі, а трэба ж і гаспадарку глядзець, і ў калгас хадзіць. Неяк уцягнуліся, ужо і пра канкурэнцыю загаварылі. У “Павалякі” бралі ўсіх, хто ўмее спяваць, а ў Обчыне няпеўных увогуле няма. Так каля 40 чалавек набралася.

“Крыніцамі” ўжо нікога не здзівіць!

Дарэчы, “Павалякамі” калектыў стаў звацца пазней — спачатку обчынскія жанчыны выступалі як “Блакітныя крыніцы”. Ездзілі па невялікіх вёсачках, пасёлках. А як атрымалі запрашэнне ў Мінск, то і касцюмы абнавілі, і назву змянілі. У сталіцу ж збіраліся!

— Выступалі на рэспубліканскіх святах, фестывалях, спявалі ў філармоніі, ратушы, Інстытуце культуры, і ўсюль нас прымалі, як тых зорак! — расказвае Вольга Нічыпараўна. — Памятаю, аднаго разу пасля выступлення падышоў да мяне нейкі мужчына: “Так, як спяваеце вы, ніхто болей не ўмее. Мне маці ў дзяцінстве пела падобныя песні: слоў, на жаль, не памятаю, але ж мелодыя, стыль выканання падобныя да вашых”. Я лупаю на яго вачыма і не разумею: што за стыль? Спяваем як усе!

Але менавіта манера выканання песень зрабіла “Павалякаў” вядомымі! У 2011 годзе спеўны стыль вёскі Обчын атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. І “Павалякі” — адзіныя носьбіты гэтага стылю.

— Наш, обчынскі стыль выканання песень адрозніваецца гучаннем, меладычным строем. Да таго ж ён адзін з самых старажытных у краіне, — тлумачыць мастацкі кіраўнік фальклорнага гурта Наталля Акуліч. — “Павалякі” выконваюць аўтэнтычныя песні, і не на класічнай беларускай мове, а на мясцовым лексічным і музычным дыялекце. Многія словы, якія гучаць у нашых песнях, не вядомы болей нідзе і нікому. Дзякуючы “павалячкам” не згубіліся, не асучасніліся песні, якія спявалі ў Обчыне яшчэ 100 гадоў таму!

Пасля атрымання ганаровага статусу любанскія “зоркі” былі нарасхват: прападалі на бясконцых рэпетыцыях, гастролях. Аб’ездзілі ўсю Беларусь, выступалі ў Літве, Польшчы…

— Як вас мужыкі адпускалі на канцэрты? — пытаюся ў “павалячак”. — Няўжо не раўнавалі?

— Яшчэ як раўнавалі! Мой іншым разам і пакрычаць мог: маўляў, нікуды не паедзеш, сядзі ў хаце, дзяцей пільнуй. Але я ведала: крыху пазлуецца, а пасля ўсё роўна адпусціць, — смяецца Вольга Нічыпараўна. — Хаця і яго зразумець можна: зранку збіраемся на сенажаць, неўзабаве тэлефонны званок: “Вольга, бягом на рэпетыцыю. Заўтра выступаем, трэба крыху распецца”. І мусіш жа кідаць усё ды ляцець у клуб.

— Так ужо нашыя мужыкі перапрацаваліся! — не вытрымала жвавая бабулька. Як пасля высветлілася, гэта Марыя Аляксандраўна Кукраш, 74-гадовы “энерджайзер” гурта. — Самі ўсё паспявалі: і ў хаце, і за хатай, і ў калгасе норму выконвалі. Хай бы паспрабавалі мужыкі нашага, “спявацкага хлеба”: дня б не вытрымалі!

Праўду кажучы, за 44-гадовую гісторыю існавання “Павалякаў” два мужчыны выступалі ў калектыве. На жаль, іх ужо няма на гэтым свеце. Затое цяпер у “Паваляках” спявае ўнучка аднаго з тых салістаў.

— Некаторы час дзядуля быў удзельнікам гурта, прывёў туды маці, яна мяне заахвоціла, — кажа Людміла Савошка, самая маладая ўдзельніца гурта: ёй усяго 41 год. — Матуля ўжо пайшла на Юр’я, мне даручыла працягваць яе справу…

Пазней обчынскія спявачкі растлумачылі мне: “пайшоў на Юр’я” кажуць пра чалавека, які адышоў на той свет. Выраз гэты характэрны толькі для Обчына. Як і слова “павалякі”, якім жартоўна называюць сталага, але яшчэ досыць дужага чалавека. “Павалякамі” обчынскія спявачкі сталі з лёгкай рукі Марыі Аляксандраўны.

— Ну што такое “Блакітныя крыніцы”? Гэта ж не модна, — тлумачыць баба Марыя. — У любым раёне свае крыніцы ёсць. А скажы “Павалякі” — і ўсе разумеюць, што гэта мы, обчынскія бабулькі!

— Ты нас не паспытала нават! Абазвала “павалякамі”, а мне ўсяго толькі 50 гадоў было, — крыху пакрыўджана кажа Вольга Іванаўна Дастанка. — Раней часу ў старыя запісала!

— Ну чаго прычапілася? Цяпер жа ты натуральная “павалячка”, — аджартоўваецца Марыя Аляксандраўна. — Зменяць нас нашыя дзеці, унукі — таксама некалі “павалякамі” стануць. Не маладзеем жа.

“Адпомсціць” за Тэа

У рэпертуары “Павалякаў” звыш двухсот мясцовых песень, якія ўдзельніцы калектыву перанялі ад сваіх бабуль. Песні большай часткай старажытныя. Сярод іх — каляндарна-абрадавыя (калядныя, масленічныя, велікодныя, жніўныя), пазаабрадавыя (любоўныя, жартоўныя, сямейныя, сацыяльна-бытавыя балады). Дзякуючы “павалячкам” адноўлены аўтэнтычныя мясцовыя абрады “Шчадраванне з Казой”, “Провады”, “Гуканне вясны”, “Зажынкі” і іншыя. Тыя ж літоўцы, калі запрашалі любанскіх спявачак да сябе, прасілі абавязкова паказаць які-небудзь абрад. А японцы ледзь убачылі нашых “дзяўчат” у нацыянальных касцюмах, адразу за фотаапараты схапіліся.

— Не, у Японію нас пакуль не запрашалі. Калі гастралявалі ў Вільнюсе і пасля канцэрта вярталіся ў гасцініцу, сустрэлі японскіх турыстаў. Мы ж для іх экзотыка: ідзём, песні на ўсю вуліцу гарланім, — ні то жартам, ні то ўсур’ёз кажа 79-гадовая Зінаіда Хадзько. — Ледзь скончылі спяваць, японцы да нас падбеглі: “Вы нас так уразілі, нідзе падобнага не чулі! Дазвольце хаця б сфатаграфавацца з вамі”. А нам што, шкада? Хай пстрыкаюць.

Ад гастроляў “Павалякі” ніколі не адмаўляюцца. Кажуць: узрост, бясконцыя пераезды, складанасці з афармленнем пашпарта — пусцяковіны. Спявачкі не збіраюцца кідаць справу, якую распачалі іх бабулі і матулі. Больш за тое, яны мараць праславіцца за межамі краіны, а можа, і кантынента. І крок за крокам набліжаюцца да сваёй мары.

— Неяк выступалі ў Строчыцах. Ідзём з канцэрта, а насустрач жанчына: “Праспявайце для маёй сястры некалькі песень, а я на дыктафон запішу. Сястра ў Амерыцы жыве. Кажа, там увогуле няма такога паняцця, як народныя песні, адна папса. А душа прагне свайго, роднага”, — успамінае Вольга Нічыпараўна. — Так што цяпер нас ведаюць і за акіянам.

Чатыры гады таму знакаміты беларускі спявак Тэа запрасіў обчынскіх спявачак да сябе ў гурт падтрымкі — акурат перад «Еўрабачаннем».

— Фішка была ў тым, каб мы ў сваёй аўтэнтычнай манеры выканалі ягоны “Чызкейк”. А песня ж на англійскай мове. Тэкст выслалі ўвечары, літаральна за некалькі гадзін да паездкі на студыю гуказапісу. Дзякуй Богу, нейкі спагадлівы чалавек падпісаў аловачкам, як словы правільна павінны вымаўляцца, — смяецца баба Марыя. — Хаця дзеля Тэа я і кітайскі вывучыла б!

— Што ты там вывучыла? Спявала “Козам дам ды козам дам”, — падштурхоўвае суседку Вольга Іванаўна.

У Капенгаген разам з Тэа “Павалякі” не змаглі паехаць — але, кажуць, і на адлегласці адчувалі, як хваляваўся іх падапечны.

— Тэа найлепш за ўсіх выступіў! Суддзі не проста яго недаацанілі, яны нас, лічы, абразілі, — аўтарытэтна заявіла баба Марыя.

І вось цяпер обчынскія спявачкі на поўным сур’ёзе плануюць ехаць на Еўрабачанне — каб за свайго любімага Тэа “адпомсціць”. Кажуць: такі арыгінальны нумар падрыхтуюць, што Еўропа толькі ахне. Засталося з песняй вызначыцца і можна збіраць чамаданы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках