ЕЗ разглядае будаўніцтва сістэмы СПА з удзелам Украіны
3- 17.02.2019, 15:37
- 9,725
Прэзідэнт Украіны ідэю падтрымлівае.
Афіцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта Еўракамісіі ад Еўрапейскай народнай партыі, нямецкі еўрадэпутат Манфрэд Вэбер мяркуе, што Еўразвяз павінен стварыць новую сістэму супрацьракетнай абароны з удзелам Украіны.
Пра гэта ён заявіў у выступе на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы, паведамляе «Европейская правда».
Вэбер адзначыў, што ягоная ініцыятыва выкліканая ядзернай пагрозай і павінна дапамагчы пераадолець падзел Еўропы па лініі Усход-Захад.
Патрэбу ў стварэнні новай супрацьракетнай сістэмы ён абгрунтаваў разрывам «ядзернага пагаднення» Расеі ды ЗША - Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці.
«Дзеянне ДРСМД скончылася, і мы апынуліся перад новымі выклікамі. (Гэтаму можа супрацьстаяць), калі мы прапануем супольна пабудаваць проціракетныя сістэмы - Нямеччына, Францыя, Польшча, Літва, Украіна. Гаворка ідзе не пра наступальную, а абарончую сістэму абароны», - растлумачыў Вэбер сваю ініцыятыву.
На думку нямецкага палітыка, гэта дапаможа вярнуць адзінства на еўрапейскі кантынент у перыяд росту ядзернай пагрозы.
«Гэта тое, што сапраўды зможа пераканаць людзей у Польшчы, ва Украіне, што мы можам прапанаваць абарону...Гэта тое, што зможа аб'яднаць Еўропу», - заявіў ён.
Пятро Парашэнка, які прысутнічаў на гэтай панэльнай дыскусіі, заявіў аб падтрымцы гэтай ідэі. «Украіна будзе шчаслівая стаць часткай усякай ініцыятывы ў сферы бяспекі», - заявіў ён.