28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотафакт: Беларускія будаўнікі зноў здзівілі

8
Фотафакт: Беларускія будаўнікі зноў здзівілі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Часам здаецца, што будаўнічыя арганізацыі, якія асвойваюць бюджэтныя грошы, не зацікаўленыя ў якаснай працы.

Логіка простая: варта адзін раз дрэнна пафарбаваць пад'езд ці адрамантаваць дах – і супрацоўнікі ЖЭСа забяспечаныя актуальнымі рамонтамі на шмат гадоў наперад, піша tut.by.

Можа, гэта і не так і мы дарма нагаворваем, але фотасправаздачы нашых чытачоў пра вынікі капрамонтаў у іхніх дамах складваюцца ў бесстароннюю карціну – будаўнічага браку шмат. Прыклады адкрытай халтуры сёння публікуем на «Дошцы ганьбы».

Менск, вуліца Карла Лібкнехта, 67, свежы капрамонт. Аўтар фота паведамляе, што звонку працы скончылі перад Новым годам. Жыхарам казалі, што ў 2019 рамонт прадоўжаць у пад'ездах. Але ўжо прайшло больш за 40 дзён, і ніякіх дзеянняў няма. Больш за тое, жыхарам паведамілі, што на гэтым усё – капрамонт закончаны. А як вы думаеце, гэты пад'езд ужо можна назваць адрамантаваным?

Барысаў, вуліца Сярэбранікава, 2. Жыхары паведамляюць, што летась у доме зрабілі рамонт гаўбцоў. І пакуль не было дажджоў, усе гэтаму вельмі радаваліся. Але потым прыйшла чарга жахнуцца: гаўбцы ў дождж залівае з усіх бакоў, вада цяпер цячэ па сцяне, па вокнах і гаўбцовых дзвярах. Зімой стала яшчэ горш – фарба злезла, цяпер сыплецца тынк. Сцяна мокрая ва ўсім пад'ездзе. Пасля такога рамонту гаўбцоў давядзецца і фасад перафарбоўваць. За чый кошт, цікава?

Аконная фірма паставіла ў кватэры нашага чытача тры прываконні. Перад гэтым прыязджаў спецыяліст, замераў усё. Прывезлі, усталявалі, але заказчык незадаволены – усе прываконні сталі крыва.

З аднаго боку больш вытыркаюцца, з другога – менш. Супрацоўнікі кампаніі кажуць, што гэта вокны ў кліента крывыя. Чытач настойвае, што ў выканаўцаў «рукі-крукі» – яны ж на замер прыязджалі і на вокны не скардзіліся.

Наступнае фота – з будынка Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі. Прываконне з аднаго боку вытыркаецца, а з другога ўпоравень – магчыма, гэтае прываконне праходзіць выпрабаванні, развязваецца важнае пытанне: упоравень або з выступам?

У тым самым будынку, на паверх ніжэй. Няўжо гэтыя дзверы сертыфікаваныя і ўпісваюцца ў будаўнічыя стандарты?

Незвычайная скарга: «Паміж дамамі № 4/4 і 6/4 па вуліцы Берута ў Менску дворнік ігнаруе расчыстку пандуса, і матулям з вазочкамі прайсці немагчыма, не кажучы ўжо пра інвалідаў».

Калі гэта прынцыповая пазіцыя дворніка, то «Дошка ганьбы» матулям не дапаможа. Думаецца, што сітуацыя развязваецца прасцей і на сямейным узроўні: мужы матуляў бяруць рыдлёўкі і за 5 хвілінаў здымаюць пытанне. А з дворнікам хай ЖЭС разбіраецца.

Менск, вуліца Чыгладзэ, дом 6-1, пад'езд 2. Дом пасля капрамонту. Старыя паштовыя скрыні знялі, а сцены не зафарбавалі. Што перашкаджала спачатку скрыні зняць, а потым фарбаваць?

Менск, вуліца Гарэцкага, 11, 3 пад'езд. Нам пішуць: «Увосень ЖЭС надумаў перафарбаваць нашы пад'езды. Спачатку пафарбавалі ў блакітны колер. Нібыта нядрэнна. А потым стукнуў мароз і чамусьці менавіта наш 3 пад'езд пастанавілі перафарбаваць у бардовы! Ды яшчэ ў мароз! Што атрымалася, відаць на фота. Дарэчы, да афарбоўкі ў блакітны колер пад'езд выглядаў значна больш прыстойна і ахайна». Цяпер яшчэ раз перафарбуюць, напэўна. Як гаворыцца, «бабла мала, "мэрсэдэсаў" няма», але фарба ў ЖЭСе знойдзецца.

Прыбіральня і рукамыйніца ў адным з карпусоў завода «Белшына» ў горадзе Бабруйску. Што тут скажаш, мадэрнізацыя вытворчасці санітарных месцаў не тычыцца.

Вільня. Прыбіральня на запраўцы. Заходзіш і думаеш: «А дзе ж святло ўключаецца?» І тут жа карцінку бачыш: выключальнік пад столлю. Не дастанеш – паскачы.

У двары дома па вуліцы Залатая Горка, 11 і ўздоўж дома на Чырваназорнай, 1 уздоўж бардзюру па перыметры ўсёй праезнай часткі двара паставілі «антыпарковачныя слупкі». Жыхары ў захапленні, пішуць нават: «Гонар і хвала людзям, якія засцерагаюць прыроду ад варварства аўтамабілістаў!» І ўсё б было добра, калі б не адно «але».

Гэта адзіная дарога ў двары, яе шырыня 2,5 метра (гэта значыць, для праезду аднаго аўтамабіля), ні пляцоўкі для раз'езду машынаў, ні выезду паміж дамамі няма. Калі да дома прыбывае аўтамабіль хуткай дапамогі, таксі, машына дастаўкі – праезд блакуецца наглуха. Увогуле, ідэя са слупкамі добрая, але не для гэтага двара.

24-я паліклініка. Чытача зацікавіла незвычайнае размяшчэнне чыгунных радыятараў – такім чынам яны пастаўленыя на некалькіх паверхах установы. Падобна на тое, гэта не памылка, а «цікавая ідэя».

Памятаеце жорсткі анекдот пра «няма ножак – няма мульцікаў»? Дык вось вам ілюстрацыя да яго. На ўваходзе ў «галоўпаштамт» Смілавічаў пандусу няма. Затое інвалід можа скарыстацца кнопкай выкліку супрацоўніка пошты.

Праўда, каб націснуць на гэтую кнопку, трэба ўзлезці па лесвіцы.

Наступствы капрамонту ля пад'езда па праспекце Ракасоўскага, 114. Зрабілі ганак, які менш чым праз паўгода ўжо рассыпаецца.

Затое глядзіце, як ярка пафарбавалі газавыя трубы! Жыхарам пад'езда колер, можа, і падабаецца, але яны настойваюць, што адтуліны пасля праводкі газавых трубаў заробленыя абы як. І што гэта за рамонт парэнчаў такі?

Рафіева, 88, Менск. Якасная свяцільня павінна ў першую чаргу свяціць, а не падабацца!

Гэта фота з менскай новабудоўлі па праспекце Дзяржынскага. Працавалі плітачнікі-майстры, узялі 18 даляраў за «квадрат». Высновы эксперта: рэзка пліткі дрэнная, шмат сколаў, запіў вонкавага кута пад 45° няякасны, крывыя, і няроўныя швы, няма ні ўзроўню, ні плоскасці на выкладзенай плітцы. Выснова заказчыка: ні грошай, ні якаснага рамонту.

А гэта з «партфоліа» дасведчанага сантэхніка – умее гнуць не толькі мацюкі!

Нешта нам падказвае, што дзірка будзе завялікая. Або сама тое?

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках