20 красавiка 2024, Субота, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справа медыкаў»: Суд агучыў прысуд экс-начальніку Гарадзенскай абласной управы аховы здароўя

9
«Справа медыкаў»: Суд агучыў прысуд экс-начальніку Гарадзенскай абласной управы аховы здароўя
АНДРЭЙ СТРЫЖАК

У Андрэя Стрыжака будзе канфіскаваная маёмасць.

Былы кіраўнік Гарадзенскай абласной управы аховы здароўя Андрэй Стрыжак асуджаны на 7,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Таксама яму забаранілі займаць пэўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў. Такі прысуд вынес сёння суд Цэнтральнага раёна Менска, піша tut.by.

«Прызнаць вінаватым у прыняцці службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў выключна ў сувязі з займанай ім пасадай за развязанне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю», - зачытала прысуд суддзя Юлія Густыр.

Акрамя таго, суд задаволіў грамадзянскі пазоў аб спагнанні з медыка «сумы неабгрунтавана атрыманай выгады», гэта значыць, сумы хабараў на суму 38 тысяч 105 рублёў і 34 капейкі. У Стрыжака ў кошт кампенсацыі шкоды канфіскуюць 9 сярэбраных і залатых зліткаў, 6 памятных манет, 28 абразоў і 4 карціны, 282 нагрудныя знакі, ордэны і медалі, антыкварную манету і набор з 7 чайных лыжак.

Напярэдадні пракурор Максім Чупрыс прасіў суд прызначыць былому чыноўніку 7,5 гады пазбаўлення волі. У апошнім слове сам Стрыжак казаў: раскайваецца, просіць улічыць ягоны прыход з павіннай на імя кіраўніка КДБ і супрацоўніцтва са следствам.

Былога кіраўніка Гарадзенскай абласной управы аховы здароўя Андрэя Стрыжака судзілі за хабар. Паводле версіі следства, чатыры гады ён атрымліваў грошы ад бізнэсоўцаў, якія паставілі (або збіраліся) медтэхніку ў лякарні і дыспансеры - у якасці «падзякі» за своечасовы разлік за тавар. Усяго хабараў на больш чым 30 тысяч даляраў.

Сярод хабарадавальнікаў у судзе былі згаданыя такія пастаўшчыкі, як «Тангенс», «Геол-М», «Белрэамед» і «Медзісфера». У судзе адзін з бізнэсоўцаў згадваў: нярэдка аплату за тавар «цягнуць» праз праблемы фінансавання аховы здароўя, што абарочваецца стратамі. А са Стрыжаком, з ягоных слоў, «было прыемна мець справу»: той дамагаўся разліку. За гэта потым удзячныя бізнэсоўцы прыносілі яму грошы: хто 5 тысяч еўраў, хто 10 тысяч даляраў.

Стрыжак прызнаў толькі частку з заяўленых у абвінавачванні хабараў на агульную суму прыкладна 19,7 тысячы даляраў (а не 30). Гэтыя грошы ён кампенсаваў яшчэ падчас следства.

У спрэчках адвакат Андрэя Стрыжака распавядаў: той пачынаў у 1987-м звычайным тэрапеўтам у сельскай лякарні, а за 2016 год управа пад ягоным кіраўніцтвам стала другой у Беларусі на аглядзе-конкурсе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Сярод узнагарод і дыпломаў у медыка маецца знак «Выдатнік аховы здароўя РБ».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках