29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справа медыкаў»: Акадэміка Бялецкага прысудзілі да вялікага тэрміну ў калоніі

41
«Справа медыкаў»: Акадэміка Бялецкага прысудзілі да вялікага тэрміну ў калоніі
АЛЯКСАНДР БЯЛЕЦКІ
ФОТА: TUT.BY

Прысуд вынес Менскі гарадскі суд.

Менскі гарадскі суд прыгаварыў навукоўца, акадэміка, лаўрэата Дзяржпрэміі, вядомага лекара Аляксандра Бялецкага да 7,5 гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым на падставе ч.3 арт.430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва значнай суме), паведамляе tut.by.

Акадэміка прызналі вінаватым і прысудзілі да 7 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое ж пакаранне раней і запытаў пракурор.

Аляксандр Бялецкі прыехаў за пяць хвілін да паседжання. У зале яго чакалі родныя і сябры - чалавек 20. Сам Бялецкі да абвяшчэння прысуду паводзіў сябе спакойна: размаўляў з сябрамі, затым сеў на лаву і склаў рукі.

Прысуд не ўвайшоў у законнае дзеянне. Бялецкага ўзялі пад варту ў зале суда і надзелі на яго кайданкі.

Да ліпеня 2018 года Аляксандр Бялецкі ўзначальваў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. На судах акадэмік не адмаўляў, што ў якасці падарунка атрымаў 4 тысячы еўраў і 3 тысячы даляраў. Пры гэтым ён не ўспрымаў гэтыя грошы як хабар. А адну з сум выдаткаваў на кангрэс у Барселоне, дзе ў склад беларускай дэлегацыі ўваходзіла 12 чалавек.

Бялецкі ў судзе казаў, што раскайваецца ў зробленым.

- Самае страшнае - гэта самаедства. Гэта горш за ўсякі суд, пракурора і следчага, - адзначаў ён.

Значныя ж сумы, якія былі знойдзеныя ў яго дома і на ашчадках, з ягоных слоў, яму давалі заможныя сябры, і гэта не было звязана з яго прафесійнай дзейнасцю. Адзін з такіх сяброў - бізнэсовец Аляксандр Шакуцін.

Раней старшыня КДБ Валерый Вакульчык казаў, што падчас ператрусу ў гаражы і па месцы жыхарства Бялецкага ў схованках знайшлі блізу $500 тысяч у эквіваленце.

Аляксандр Бялецкі - унікальны ў сваёй галіне лекар. Ён вядомы навуковец і акадэмік. У яго больш за 450 друкаваных прац, у тым ліку 16 манаграфій, з іх восем выдадзеныя за мяжой. За сваё прафесійнае жыццё ён падрыхтаваў чатырох дактароў і шэсць кандыдатаў медыцынскіх навук.

У кастрычніку, пакуль Аляксандр Бялецкі знаходзіўся ў СІЗА, яго ўзнагародзілі медалём НАН. Ён вырас у сям'і лекараў і ўсё жыццё быў дзіцячым артапедам. Правёў 4000 высокатэхналагічных складаных аперацый.

Акрамя гэтага, у яго 92 патэнты ў лячэнні дзяцей з паталогіяй тазасцегнавых суставаў, у 2010-м годзе ён атрымаў званне «Заслужаны дзеяч навукі». З'яўляецца выдатнікам аховы здароўя Расеі, Узбекістана, Беларусі, чытаў лекцыі ў многіх краінах свету, выступаў на амерыканскай асацыяцыі хірургаў. З ягоных слоў на судзе, грошы за Дзяржпрэмію, патэнты, манаграфіі ён адкладваў.

Менавіта ён распрацаваў новыя тэхналогіі хірургічнага лячэння артапедычнай паталогіі тазасцегнавога сустава ў дзяцей і падлеткаў. За гэта яго і ўзнагародзілі дзяржпрэміяй у галіне навукі і тэхнікі. Ён кіраваў працай для стварэння беларускіх імплантантаў і металаканструкцый у траўматалогіі і артапедыі.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках