19 красавiка 2024, Пятніца, 22:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наша герылья, ці як партызаны Каліноўскага змагаліся з царскімі войскамі

5
Наша герылья, ці як партызаны Каліноўскага змагаліся з царскімі войскамі

Каліноўцы разгарнулі ў Беларусі так званую «рэйкавую вайну».

Весткі аб пераможных кампаніях «чырвонакашульнікаў» Гарыбальдзі прымушалі пецярбуржскіх студэнтаў марыць пра будучую свабоду. Рэвалюцыя здавалася такой блізкай. Трэба было толькі пашыхтаваць шэрагі і разгарнуць чырвоныя сцягі, каб пападалі ўсе манархіі Еўропы. Хтосьці са студэнцкай моладзі не абмяжоўваўся аднымі марамі, а дзейнічаў. Пецярбуржскія хлопцы былі ў Сіцыліі, у Неапалі, дзе папаўнялі шэрагі гарыбальдзійцаў, якія змагаліся за адзіную Італію, піша litvin.pl.

ДЖУЗЭПЭ ГАРЫБАЛЬДЗІ Ў РОЗНЫЯ ЭПОХІ: 1848 ГОД (ВЕНЕЦЫЯ), 1860 ГОД (СІЦЫЛІЯ) І 1859 ГОД (ЛАМБАРДЫЯ)

Магчыма, і юны Кастусь Каліноўскі адправіўся б да паўднёвых мораў ваяваць з аўстрыйцамі. Але ён абраў іншы шлях. Ягоная дарога была звязаная з роднай Літвой-Беларуссю, дзе наспявала рэвалюцыя. Апора паўстання, як меркаваў Кастусь, была ў простых ліцвінах, якія працавалі на сціплых надзелах, каб пракарміць царскіх чыноўнікаў і генералаў.

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ - НА ФОТА 19 СТАГОДДЗЯ І Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГРАФІЦЫ

Узначаліўшы Літоўскі правінцыйны камітэт, Каліноўскі абвясціў сваю праграму ў пракламацыях, якія хутка разышліся па ўсёй Літве-Беларусі. Галоўнай мэтай барацьбы абвяшчалася зямля і воля. Шмат у чым погляды Каліноўскага як ідэолага мужыцкай рэвалюцыі ў Паўночна-Заходнім краі сыходзіліся з поглядамі расейскіх рэвалюцыянераў-народнікаў.

Але, акрамя палітычных мэтаў, Кастусь Каліноўскі прапаноўваў паўстанцам выразна распрацаваную тактыку вайсковых дзеянняў. Змагацца з царскімі жаўнерамі партызаны павінны былі ўжо выпрабаванымі ў сусветнай гісторыі метадамі герыльі.

ПАЎСТАНЦЫ 1863 ГОДА

Беларуская герылья (так называлася вайна гішпанцаў супраць Напалеона ў пачатку 19 стагоддзя) меркавала, як думаў Каліноўскі, усенародны ўдзел. Паўстанцы не мелі права знаходзіцца на адным і тым жа месцы больш за дзень, у лясах яны павінны былі ствараць апорныя пункты, дзе знаходзіліся склады са зброяй, харчаваннем і боепрыпасамі.

Перасоўваліся атрады імкліва.

Кожны атрад партызан меў сваю конную групу выведнікаў. Менавіта такім чынам адбываліся дзеянні партызанскіх атрадаў на чале са Звяждоўскім на Магілёўшчыне.

ТАК ЧЫТАЛІ Ў БЕЛАРУСКАЙ ГЛЫБІНЦЫ ЛІСТЫ КАЛІНОЎСКАГА

У Ігната Арамовіча ёсць мемуары, у якіх ён распавядае пра спосабы дзеянняў партызан Каліноўскага ў паўстанні 1863 года. Ён апісваў баі на Гарадзеншчыне. Шмат у чым тактыка партызан нагадвала спосаб дзеянняў, які выкарыстоўвалі беларускія народныя мсціўцы ў 1940-я гады супраць нацыстаў.

Гэта каліноўцы разгарнулі так званую «рэйкавую вайну». Яны знішчалі станцыйныя склады, цягнікі на чыгунцы. Перарывалі тэлеграфнае злучэнне. Царскія ўлады былі вымушаныя выставіць вайсковыя падраздзяленні ўздоўж чыгункі «Варшава-Вільня».

КАПІТУЛЯЦЫЯ АТРАДА ПАЎСТАНЦАЎ ЦАРСКІМ ГЕНЕРАЛАМ

Вылавіць усіх партызан у лясах царскія генералы не маглі не толькі праз брак вайсковых падраздзяленняў, але і праз лепшае веданне мясцовасці каліноўцамі. Паўстанцаў падтрымлівалі сяляне. У атрадаў Каліноўскага заўсёды знаходзіліся адважныя інфарматары, якія паведамлялі аб усіх рухах расейскіх войскаў.

Расейскім генералам даводзілася звяртацца да метадаў запалохвання. Казакі і драгуны не толькі часам самавольна вешалі падазроных сялян, якія лічыліся сувязнымі партызан.

Здараліся і масавыя акцыі застрашвання. Напрыклад, некаторыя хутары ці вёскі спальвалі з усімі пабудовамі. Прычым карнікі зганялі ў прызначаную да спалення вёску ўсё насельніцтва акругі. Насельніцтва спаленых вёсак прызнавалася мяцежным і падлягала масавай высылцы ў Сібір.

Пры гэта пакутавалі нават невінаватыя мужыкі-ліцвіны, якія часам зусім не падзялялі перакананняў каліноўцаў. Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў у адказ на папрокі інтэлігентаў адказваў, што лепш ён знішчыць або вышле сотню нявінных, але затое тысячы бунтаўнікоў пакладуць зброю і змірацца перад воляй бацюшкі-цара.

БЮСТ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА Ў МЕНСКУ

Не было літасці ў царскіх сатрапаў і да самога Кастуся Каліноўскага. Яго павесілі ў Вільні на Лукішскім пляцы. Да падобнай кары былі прыгавораныя сотні партызан. Але яшчэ большая частка была проста перабітая і закатаваныя ў глухіх ліцвінскіх лясах ды балотах. Сярод загінулых патрыётаў Літвы-Беларусі былі не толькі адны палякі і ліцвіны, але і татары, яўрэі, расейцы.

Ніхто не стане спрачацца з тым, што партызаны Каліноўскага былі сапраўднымі патрыётамі, барацьбітамі за вольнасць не толькі адной Літвы-Беларусі, але і ўсіх зямель, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Нездарма герб групы паўстанцаў уключаў у сябе тры часткі. Яны прадстаўлялі сімвалы трох дзяржаў. Белы арол сімвалізаваў Польшчу, Пагоня нагадвала пра Беларусь і Літву, а архангел Міхаіл паказваў на Русь (і Украіну). Пароль партызан сугучны і нашым сённяшнім думкам: «Каго любіш? - Люблю Беларусь!».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках